Вось і надышла другая палова ліпеня, а значыцца, самы час зверыцца са спісам сваіх планаў на лета і праверыць, ці ўсё вы зможаце паспець. А калі нейкім чынам вы дагэтуль не ведаеце, чым разнастайніць свае летнія дні, то я вам параю арганізаваць пікнік. Не абавязкова ехаць кудысьці далёка — нават у горадзе можна знайсці пару месцаў, дзе можна спакойна пасядзець на пледзе, пачытаць кніжку, пагуляць з сябрамі ў настолкі і, галоўнае, паесці. Бо апетыт на прыродзе прачынаецца велізарны!
І сёння я падзялюся з вамі рэцэптам катлетак з бураку, якія можна проста есці з соусам ці выкарыстаць замест мясной катлеты для бургера — такую ежу вельмі зручна браць з сабой і дзяліцца з сябрамі.
Нам спатрэбіцца:
- 2 шклянкі цёртых сырых буракоў
- 1 чырвоная цыбуліна
- 2 зубчыкі часнаку
- 1 шклянка проса
- 1/2 шклянкі семак сланечніка
- 1/4 шклянкі цэльназерневай мукі (ці мукі другога гатунку)
- 1/4 шклянкі алею
- 2 ст.л. соевага соусу
- 2 ст.л. свежай пятрушкі
- 1 ч.л. каляндры
- 1 ч.л. імбіру
- 1/2 ч.л. чылі
- соль, перац
Спачатку варым проса — заліваем яго дзвюма шклянкамі вады і варым прыкладна 15 хвілін. Астуджаем. Цыбулю і часнок крышым вельмі дробна. Наразаем пятрушку. Злучаем усе інгрэдыенты, змешваем, дадаём спецыі і перамешваем хвіліны 3—6 (лепш рукамі).
Фармуем катлеткі (атрымліваецца 16 сярэдніх ці недзе 8 для бургераў) і кладзём на бляху, засланую дыванком для запякання (ці проста змазваем бляху алеем). Выпякаем пры 180 градусах 20 хвілін на адным баку, пераварочваем і дапякаем яшчэ 5—8 хвілін.
Соус:
- 200 г натуральнага ёгурту
- 1 зубчык часнаку
- 1 свежы агурок
- кроп
Дробна наразаем часнок, агурок і кроп. Дадаем да ёгурту.
Смачна есці!