21.07.2018 / 18:04

Сацыёлаг Манаеў, які эміграваў у ЗША: Прычына майго невяртання выключна палітычная 18

Беларускі сацыёляг, прафэсар Алег Манаеў, былы кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД) цяпер жыве ў ЗША. Ён распавядае пры прычыны сваёй вымушанай палітычнай эміграцыі, тлумачыць, чаму постсавецкія эмігранты галасуюць за рэспубіканцаў, разважае пра сацыяльную рэвалюцыю ў Беларусі і магчымасьць прыходу да ўлады новага прыхільніка «цьвёрдай рукі».

Рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады

Вы вось ужо некалькі гадоў жывяце ў ЗША. Што стала галоўнай прычынай вашага ад’езду? Разгром незалежнай сацыялёгіі ўладамі Беларусі, у выніку чаго ў вас зьнікла магчымасьць займацца любімай справай, якой вы аддалі 20 гадоў? Ці можа прычыны былі больш празаічныя — побытавыя і сямейныя?

— Вясной 2015 году мяне запрасілі чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэт Тэнэсі, а праз год супраць нас падняліся новая хваля рэпрэсіяў: БТ паказаў «спэцыяльны рэпартаж» — «Прымат НІСЭПД», у якім абвінавачваў інстытут у фальсыфікацыі апытаньняў грамадзкай думкі і наўпрост апэляваў да праваахоўных органаў. Дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу. У выніку сетка інтэрвіюераў апынулася разбуранай, і мы вымушаныя былі спыніць шматгадовыя апытаньні грамадзкай думкі. Афіцыйную заяву Сусьветнай асацыяцыі па вывучэньні грамадзкай думкі (WAPOR), якая аспрэчвае абвінавачваньні НІСЭПД у фальсыфікацыях, беларускія ўлады праігнаравалі. А «спэцыяльны рэпартаж» БТ неўзабаве атрымаў прыз на II фэстывалі дакумэнтальных фільмаў СНД за «расьсьледаваньне, якое дасягнула мэты».

Наступныя «справы» з кіраўніцтвам незалежнага прафсаюзу РЭП і незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН разьвіваліся па такой жа схеме: судовы працэс і крымінальнае расьсьледаваньне па іх ідуць да гэтага часу. Так што прычына майго «невяртаньня» — выключна палітычная, ніякіх бытавых або сямейных прычынаў для гэтага не было. Зрэшты, ацэньваючы сытуацыю рэтраспэктыўна, можна сказаць, што справа да гэтага ішла даўно: рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады.

Ці ўдалося вам знайсьці ў ЗША нейкую працу, зьвязаную з вашымі прафэсійнымі інтарэсамі і здольнасьцямі ці вы не ставілі сабе такой задачы?

— Я ўдзельнічаю ў навукова-дасьледчай працы ва Ўнівэрсытэце Тэнэсі, а выкладаю ў іншым унівэрсытэце (чытаю курсы па сусьветнай гісторыі камунізму і па ўраду ЗША). Так што прафэсійную форму падтрымліваю. Але мушу заўважыць: каб рабіць пасьпяховую кар’еру на Захадзе, трэба пачынаць не ў 63, а ў 23 ці 33 гады.

Постсавецкія эмігранты зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія дэмакраты

Вы жывяце ў штаце Тэнэсі. Гэта сярэдзінная Амэрыка, якая галасавала за Трампа. Што звычайныя амэрыканцы кажуць пра яго, як яны ўвогуле абмяркоўваюць палітыку?

— Так, «сярэдзінная Амэрыка», асабліва тут, на Поўдні — традыцыйна галасуе за рэспубліканцаў. Простыя амэрыканцы, зь якімі мне даводзіцца мець зносіны, часьцей кажуць пра Трампа, які ён «круты» і «дае прыкурыць» вашынгтонскаму істэблішмэнту. Прадстаўнікі сярэдняй і вышэйшай клясы пераважна кажуць пра палітыку Трампа: напрыклад, аб зьніжэньні падаткаў, аб стварэньні лепшых умоў для прыватнага прадпрымальніцтва, аб барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, аб зьніжэньні выдаткаў за мяжой.

Продаж атрыбутыкі для прыхільнікаў Дональда Трампа.

Але ва ўнівэрсытэцкіх кампусах палітычны клімат зусім іншы: нават тут ён застаецца лібэральным, з крытычным стаўленьнем да Трампа і яго палітыкі.

У той жа час трэба мець на ўвазе, што ў асабістых зносінах у ЗША не прынята абмяркоўваць палітыку і наогул выказваць палітычныя погляды. Але ў публічнай прасторы — падчас выбарчых кампаній, у традыцыйных і сацыяльных мэдыя, лякальных адкрытых дыскусіях (напрыклад, у публічных бібліятэках) палітычныя дэбаты ідуць пастаянна. Яны ясна паказваюць, што раскол у амэрыканскім грамадзтве істотна павялічыўся.

Чым можна патлумачыць тое, што постсавецкія эмігранты ў ЗША пераважна за Трампа?

— Постсавецкія эмігранты традыцыйна галасуюць за Рэспубліканцаў, бо яны зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія дэмакраты: узрастаньня ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах жыцьця, рэгуляваньні за ўсё і ўся, павелічэньню сацыяльных выдаткаў, ураўнілаўкі, пераразьмеркаваньня грамадзкага багацьця «зьверху ўніз». Хоць большасьць амэрыканскіх левых прама не заклікаюць да сацыялізму, нашы людзі на сваім вопыце ведаюць, да чаго непазьбежна прыводзіць такая палітыка.

— Ды ўжо ў рамках Дэмакратычнай партыі ёсьць частка палітыкаў, якія заяўляюць менавіта пра сацыялізм. А ўвогуле тое, што адбываецца ў сьвеце апошнія гады — Трамп, Брэксіт, рост правых, папулісцкіх, антыімігранцкіх рухаў — чым гэта можна патлумачыць і як вы да гэтага ставіцеся?

— На мой погляд, самая галоўная прычына — глябалізацыя, перш за ўсё, эканамічная: свабоднае перасоўваньне грошай, тавараў, людзей. За апошнія пяцьдзесят гадоў велічэзныя амэрыканскія капіталы перацяклі ў замежныя краіны. Усьлед за імі «перацякла» і вытворчасьць (выдаткі там меншыя, а прыбыткі большыя). У сваю чаргу, сюды «перацяклі» мільёны мігрантаў (у тым ліку і нелегальных), танная рабочая сіла, галоўным чынам з Лацінскай Амэрыкі і Азіі. Як вынік, мільёны грамадзян ЗША страцілі добра аплачаную працу і звыклы лад жыцьця, цэлыя рэгіёны трапілі ў дэпрэсію.

Іншая, калі казаць менавіта пра ЗША, вельмі важная прычына — пашырэньне грамадзянскага правоў для мільёнаў амэрыканцаў, якое пачалося ў 1960-я гады. Наступствам гэтага стала ўзрастаньне ролі самых розных меншасьцяў і паліткарэктнасьці. Гаворка ідзе не толькі аб палітычным дыскурсе, але і пра шматмільярдныя выдаткі на адпаведную сацыяльную палітыку. Гэта таксама ўзмацніла незадаволенасьць многіх простых белых амэрыканцаў, якое і выказаў Трамп.

Мне асабіста многае ў гэтым не падабаецца. Але як сацыёляг я стараюся разглядаць любыя зьявы не ў катэгорыях «падабаецца — не падабаецца», «добра — дрэнна», а ў катэгорыях «аб’ектыўна — неаб'ектыўна», «незаканамерна—заканамерна». І глябалізацыя, і пашырэньне грамадзянскіх правоў — як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце — заканамерныя працэсы, выкліканыя аб'ектыўнымі прычынамі. Гэтыя працэсы прыводзяць і да станоўчых, і да адмоўных наступстваў.

Праблема ў тым, што «аддзяліць» адно ад другога немагчыма, можна толькі неяк зьмякчыць, змікшыраваць адмоўныя наступствы (напрыклад, наплыў мігрантаў у краіны Захаду). Спыніць гэтыя працэсы, павярнуць іх назад — значыць спыніць разьвіцьцё чалавечай цывілізацыі (у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем), фігуральна кажучы, «засунуць пасту назад у цюбік».

Сутнасьць не мяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай

— Нярэдка людзі, якія эмігруюць з Беларусі, пачынаюць глядзець на Беларусь трошкі зь іншага ракурсу, у нейкім новым аспэкце. Адны раптам пачынаюць у сваёй радзіме бачыць толькі добрае, станоўчае і захлістваюцца настальгіяй, іншыя — наадварот. З вамі нешта падобнае адбылося? На нейкія рэчы вы паглядзелі па-новаму?

— Ні настальгіі, ні непрыняцьця я не адчуваю. Калі нешта і зьмянілася ў маім позірку, дык гэта, бадай, «вугал гледжаньня». І на Беларусь, і на ЗША і на іншыя краіны я ўсё больш гляджу праз прызму глябальнага разьвіцьця, як рэтраспэктыўнага, гэтак і пэрспэктыўнага. Але гэта зьмена ўзьнікла ня сёньня. З 1990 года я правёў за мяжой амаль дзесяць гадоў, вопыт жыцьця і працы ў дзясятках краін непазьбежна фармуе гэты «вугал гледжаньня». Напрыклад, з беларускім студэнтамі я дзяліўся сваім амэрыканскім досьведам, а з амэрыканскімі — беларускім.

— Гадамі ў якасьці сацыёлага НІСЭПД вы фіксавалі грамадзкія настроі ў Беларусі, рабілі на падставе апытаньяў пэўныя аналітычныя высновы. Як памянялася беларускае грамадзтва за гэтыя 20 гадоў? Па якіх пытаньнях і накірунках можна назіраць самыя радыкальныя зьмены?

— Самай важнай зьменай я лічу перамены ў сацыяльнай структуры беларускага грамадзтва. Аналіз дадзеных шматгадовых апытаньняў НІСЭПД паказвае, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі адбылася маштабная «ператусоўка»: адны сацыяльныя групы, а гэта мільёны людзей, фігуральна кажучы, «апусьціліся», а іншыя «падняліся». І, хоць гэты працэс не суправаджаецца татальным гвалтам і разбурэньнем ранейшага парадку, як у часы гістарычных сацыяльных рэвалюцый, гэтая «ціхая рэвалюцыя» таксама прыводзіць да вельмі сур’ёзных наступстваў: пераразьмеркаваньня ўлады і ўласнасьці, доступу да такіх важных сацыяльных рэсурсаў, як ахова здароўя, адукацыя і культура.

Напрыклад, дзеці прадстаўнікоў дзяржаўнай бюракратыі, сілавікі, «прыдворны» бізнэс мае сёньня зусім іншы жыцьцёвыя пэрспэктывы, чым дзеці рабочых, спэцыялістаў або індывідуальных прадпрымальнікаў. Інакш кажучы, павялічылася сацыяльна-эканамічная і грамадзка-палітычная няроўнасьць. Прычым гэты працэс ідзе не столькі спантанна, колькі мэтанакіравана стымулюецца ўладамі.

25 сакавіка 2017 году

Што тычыцца сур'ёзных палітычных і эканамічных зьменаў, шчыра кажучы, я іх не бачу. Так, пэрыядычна нават незалежная прэса і крытыка ўлады, не кажучы ўжо пра афіцыёзе, з натхненьнем разважаюць пра прагрэс: напрыклад, пра «лічбавую эканоміку», пра «тэхнакратычны ўрад», пра «шматвэктарную зьнешнюю палітыку», пра «мяккую беларусізацыю» і гэтак далей. Але ўсё гэта аказваецца «дымавой заслонай», якая хавае нязьменнасць палітычнага курсу. Калі яна расьсейваецца, становіцца ясна, што сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай.

— Галоўнае пытаньне, адказ на які хочацца і адначасова страшнавата пачуць. У тым, што Беларусь там, дзе яна ёсьць — гэта віна выключна ўлады ці гэта адпавядае стану грамадзтва? То бок калі ўлада нейкім чынам зьменіцца — мы шчыльнымі радамі выйдзем на вольны прастор ці гэта грамадзтва захоча новай моцнай рукі?

— На гэтае пытаньне нельга адказаць аднаскладова. Так, у Беларусі былі і ёсьць мільёны людзей, якія не падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, хто хоча жыць пры дэмакратыі, рынкавай эканоміцы і прававой дзяржаве. Але ў 1994 годзе яны апынуліся ў меншасьці, і з таго часу іх пазыцыі толькі саслаблі. Лукашэнка прэзыдэнт іншай Беларусі — мільёнаў людзей, якіх яго палітыка ці задавальняе, ці яны настолькі не ўпэўнены ў сваіх пэрспэктывах пры кардынальнай зьмене ўлады, што аддаюць перавагу «сініцы ў руках».

Сёньня гаворка ідзе не столькі пра мільёны «абяздоленых беларусаў», спадзевы якіх калісьці выказваў малады Лукашэнка, колькі пра цэлыя пласты грамадзтва, сфарміраваных у выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры, якія кроўна зацікаўленыя ў цяперашнім становішчы. І так проста яны ад яго не адмовяцца. Думаю, ня варта мець ілюзіяў, што зьмена прэзыдэнта абавязкова прывядзе да жаданых пераменаў — рэальная дэмакратыя, рынкавая эканоміка, прававая дзяржава і шлях у Эўропу.

Шанец на гэта ёсьць, але за яго трэба змагацца. Так, мільёны людзей чакаюць пераменаў, але зусім не такіх, якіх чакаем мы. І новая «цьвёрдая рука», падтрыманая Масквой, на маю думку, цалкам імаверная.

41
яня / Адказаць
21.07.2018 / 18:55
ну и сядзи там невылазна
38
Стас / Адказаць
21.07.2018 / 18:59
... ці гэта грамадзтва захоча новай моцнай рукі?  У аднаго мужыка спыталіся, чаму ён не разводзіцца з жонкай, з якой штодень амаль на нажах. Маўляў, возьмешь іншую. А той кажа: “Гэтую заразу я ўжо ведаю. А якая пападзецца наступная, адзін д”ябал ведает. Так і тут. Дзе гарантыя, што новая моцная рука, якой хочуць стаць цяперашнія "свядомыя" апазіціянеры, будзе  лепшай для грамадства? І чаму нехта вырашыў, што патрэбна менатвіта моцная рука? Грамадства хоча разумнай рукі. А “свядомыя” апазіцыянеры розуму не дэманструюць, хоць і крычаць, што ўсё ведаюць лепш за ўсіх. Людзі ж ведаюць, што “свядомыя” зноўку пачнуць усё ламаць, бо будаваць яны не ўмеюць. Яны ж таксама рэвалюцыянеры, якія намалявалі сабе карцінку фантастычную і будуць падганяць пад яе ўсё і ўсіх. А тады Беларусі будзе канчатковы амбец.
10
LMI / Адказаць
21.07.2018 / 19:10
Лукашенка тут таму і ТОЛЬКІ ТАМУ, што так жадае грамадства. Гэта бязпрэчна. Можна казаць як заўгодна, але Манаеў не сказаў нічога новага - НАЖАЛЬ 
І пасьля Лукашенкі будзе іншы Лукашенка. Чаму? Усе проста - наша грамадства нічога іншага ня ведае І НЕ ЖАДАЕ ВЕДАЦЬ.
Русіфікацыя, маргінальнасьць, нацыянальны інфантылізм, кабакі ў Курапатах, мянты і Шуневіч у форме НКУС, свавольсва адной сямьі і пераўтварэньне Беларусі і ЗАТ "Лукашенка і сыны"  і г.д. - усе гэта выключна з маўклівай згоды грамадства Беларусі

__________________
І яшчэ. Чаму так кепска працуе апошнімі днямі сайт НН. Вельмі марудна адчыняюцца страніцы. Увогуле - нейкая запаволенасьць і цягамоцтва !!!??? Толькі не распавядайце аб тым, што змяні браўзэр, пачысьці гісторыю і г.д. Усе астатнія сайты працуюць нармальна
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру