У конкурснай праграме спаборнічалі электронны гурт «SnopSnoŭ», постпанкавы праект «Nürnberg», гітарны дуэт «MorkvoЦвет», а таксама дуэт «Eryk i Ja».
Першы дзень фестывалю адзначыўся конкурсам маладых выканаўцаў. У конкурснай праграме прынялі ўдзел 4 групы: электронны гурт «SnopSnoŭ», пост-панкавы праект «Nürnberg», гітарны дуэт «MorkvoЦвет», а таксама дуэт «Eryk i Ja». Апоўначы наведнікі фестывалю даведаліся хто перамог у конкурсе маладых выканаўцаў. Сёлетнім пераможцам стаў гурт «SnopSnoŭ».
«Мы адчувалі асалоду ад кожнага свайго выступу на «Басовішчы». Фестываль арганізаваны надзвычай прафесійна, мы падлучылі сваё абсталяванне і граем, усё! Гэта неверагодна! Калі б у Беларусі быў такі ўзровень, мы ад кожнага канцэрта атрымоўвалі бы вялікае здавальненне», — сказаў вакаліст гурту Сяргей Іваноў у размове з «Польскім радыё».
«Нашая ўзнагарода значыць, што шлях, які мы прайшлі за адзін год, пройдзены нямарна. Гэта для нас галоўнае», — кажа Сяргей Іваноў.
Атрыманую ўзнагароды музыкі абяцаюць выдаткаваць на новы альбом, які ўжо распрацоўваецца.
Гурт быў заснаваны напрыканцы 2015 года ў Менску. У яго склад апроч Сяргея Іванова уваходзяць Раман Еляневіч (сінтэзатар і бас) і гітарыст Раман Жарабцоў. Творчасць калектыву можна аднесці да такіх стыляў, як інды-рок ды электронік-рок.
Аснова музыкі — сумесь рокавага і электроннага гуку, дзе разам з гітарамі выкарыстоўваюцца сінтэзатары і сэмплеры.