23.07.2018 / 17:51

«Абяцалі па 40 даляраў». Пацярпелыя ў ДТЗ ва Украіне гамельчукі былі ўдзельнікамі шэрай схемы размытнення аўтамабіляў 12

Гамельчукі, якія трапілі ў жудаснае ДТЗ у Мікалаеўскай вобласці, вярнуліся дадому. Яны не ўтойваюць, што былі ўдзельнікамі шэрай схемы, звязанай з размытненнем еўрапейскіх аўто, што ўвозяцца на тэрыторыю Украіны. Пры гэтым, як высветлілася, у кожнага з іх быў свой інтарэс. Адны адправіліся ў паездку, каб зарабіць, іншыя — каб адзін дзень адпачыць на моры.

Таццяна ў момант страшнай аварыі знаходзілася на пярэднім сядзенні. Злева — кіроўца. Справа — муж. Абодва мужчыны загінулі. Дзяўчыну ж ад удару выкінула праз лабавое шкло, і гэта яе выратавала.

— Мне патэлефанавала суседка і прапанавала з'ездзіць на мора на адзін дзень. Сказала, што як раз два месцы засталося. Плаціць нічога не трэба. Я яшчэ спытала: «Як так?» Яна кажа: «Ну вось так, думай хутчэй». А для нас гэта, здавалася, быў проста ідэальны варыянт. Дзіцяці ўсяго 4 месяцы, на тыдзень, каб паехаць на мора, я б яго бацькам не пакінула, а на адзін дзень — цалкам рэальна, — распавядае 20-гадовая гамяльчанка.

Таццяна стала ўгаворваць мужа адпрасіцца на пару дзён з працы — муж як раз павінен быў з'язджаць на заробкі ў Расію. Ён адпрасіўся.

Адпраўляцца з Гомеля група планавала яшчэ ў аўторак. Але два пасажыры ў апошні момант не з'явіліся і паездку перанеслі на сераду.

— Мы яшчэ тады здзівіліся, ну трэба ж, на мора ехаць і не прыйшлі! А муж увесь час казаў, што нешта тут не тое, — успамінае Таццяна.

— Дык што ж было не тое?

— Мы пра ўсё даведаліся ўжо пасля таго, як перасеклі ўкраінскую мяжу. Усю дарогу да мяжы мы балбаталі з кіроўцам. З ім было цікава, ён такі начытаны. І, мабыць, ён таксама пачаў давяраць нам. Калі мы пераехалі мяжу, ён нам ціхенька сказаў: «Хлопцы, паслухайце, вы такія маладыя, навошта вам гэта трэба?» Мы на яго глядзім і не разумеем, пра што ён. А ён так здзівіўся: «Вы што, не ведаеце, куды едзеце? І расказаў нам усю схему. Мы былі ў шоку. Сталі пытацца, што нам рабіць цяпер? Ён сказаў, што ўсё вырашыць. Сказаў, што гэта кантора сур'ёзная, але ён будзе дамаўляцца наконт нас сам. Толькі прасіў, каб астатнія ў маршрутцы пра гэта не ведалі. Думаю, што ён нас пашкадаваў.

Гаворка ідзе пра ўдзел беларусаў у шэрай схеме: пры перасячэнні ўкраінскай мяжы нерэзідэнтамі Украіны на іх афармляецца часовы ўвоз аўтамабіляў з Еўропы. За гэта беларусам плацяць ад 20 да 40 долараў за машыну. Менавіта ў такіі тур і трапіла Таццяна з мужам.

— Кіроўца маршруткі распавядаў, што многія такім чынам ездзяць ужо па тры-чатыры гады запар, што ездзіць трэба раз у год і для многіх людзей гэта накшталт бізнэсу. Хоць я не разумею, што гэта за бізнэс такі — зарабіць 30-40 даляраў, — здзіўляецца Таццяна. — Мы ехалі туды дзеля мора і нават гатовыя былі заплаціць за дарогу, калі раптам у нас гэта трэба будзе.

А вось Галіна Ш., наадварот, не ўтойвае, што адправілася ў паездку дзеля заробку.

— Брату прапанавалі знаёмыя. Як ён мне сказаў, людзі адмовіліся, было два месцы, вось ён мяне з сабой і паклікаў. Пра схему я ведала. Дзеля яе і ехала.

Па словах жанчыны, кожнаму ўдзельніку паездкі абяцалі заплаціць 40 даляраў.

— Але гэта невялікія грошы…

— Калі іх няма, то і гэтая сума задаволіць, — уздыхае Галіна і прызнаецца — ужо даўно не можа знайсці працу. А дзяцей гадаваць неяк трэба.

Яна ў момант аварыі знаходзілася ў крэсле за кіроўцам. Сур'ёзных траўм не атрымала. Пашанцавала і брату. У яго толькі лёгкія ўдары.

Трагедыя здарылася раніцай 20 ліпеня на трасе Кіеў — Адэса каля пасёлка Крывое Возера. Мікрааўтобус Адэса — Гомель урэзаўся ў грузавік, які стаяў з правага боку праезнай часткі. У ДТЗ загінулі пяць чалавек. У тым ліку і кіроўца.

1
АиБ / Адказаць
23.07.2018 / 18:16
???.....  !!!   ТЬФУ!
6
Артур Цукенголд / Адказаць
23.07.2018 / 18:38
Беларусы любят халяву в мышеловке...
4
Пятро Касьнерык / Адказаць
23.07.2018 / 18:45
ва Украіне сотнітысяч аўто з даверанасьцю на беларусаў. І ўсе пра гэта ведаюць! Чаму ЭЎРА Украіна не зменіць заканадаўства каб гэта праблема знікла ?
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру