Рыхтуюць крымінальную справу па крадзяжы газавага балона ў вёсцы Дайнова Вялікая для накіравання ў суд.
Злачынства раскрылі дзякуючы 86-гадовай пенсіянерцы, а пацярпелы сам знаходзіўся ў вышуку па падазрэнні ў крадзяжы.— Злодзей у злодзея скраў не дубінку, як у прыказцы, а газавы балон, — распавяла mlyn.by cтаршы следчы Валожынскага РАСК Юлія Селятыцкая. — 35-гадовы жыхар вёскі Дайнова Вялікая працаваў вахтавым метадам у Расіі, дома не з’яўляўся па паўгода. А ў нас знаходзіўся ў вышуку па падазрэнні ў крадзяжы. Мы чакалі, калі ён вернецца дадому, каб затрымаць. І ён пра гэта выдатна ведаў.
Раптам 7 ліпеня сам тэлефануе і скардзіцца, што прыехаў з Расеі і не выявіў дома газавага балона, які ўсталяваў яшчэ ў мінулым годзе. Думаю, быў бы ён цвярозы, не выдаваў бы сябе, але, выпіўшы спіртнога, вырашыў заявіць аб крадзяжы.
Па словах Юліі Селятыцкай, следча-аператыўная група тэрмінова выехала на месца, каб не толькі балон адшукаць, але і заяўніка адвезці ў камеру ізалятара за тое злачынства, якое ён здзейсніў да ад’езду на заробкі.
А балон знайшлі ў 59-гадовага суседа. Дапамагла 86-гадовая пенсіянерка, якая жыве ў доме насупраць.— Наша міс Марпл, як і ўсе бабулі ў вёсках, вельмі любіць сядзець каля акна. І яна дала нам не проста славесныя паказанні па крадзяжы, але і пісьмовае пацверджанне, у якім пазначаны нават дакладны час здзяйснення злачынства — 12 снежня, 10.15.
Бабуля бачыла сама, як 59-гадовы сусед узламаў дзверы ў веранду дома і вынес адтуль газавы балон, і ўсё запісала, — адзначыла Юлія Селятыцкая.
Следства выявіла, што абвінавачаны сусед сам дапамагаў пацярпеламу ставіць балон. А праз два месяцы пасля таго, як ён паехаў на заробкі ў Расію, вынес яго з хаты.