Як стала вядома «Нашай Ніве», святкаванне Дня горада ў Жабінцы 21 ліпеня скончылася масавымі затрыманнямі. Прынамсі адзін чалавек не адпушчаны з ізалятара да гэтага моманту.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

У гэты вечар на гарадской плошчы канцэрт даваў вядомы гурт «Цягні-штурхай», а 23-й гадзіне быў запланаваны феерверк. Вядома, што святкаванне зацягнулася глыбока за поўнач.

Прыкладна пасля першай гадзіне ночы тыя, хто працягваў адзначаць Дзень горада, заўважылі, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі і павялі ў машыну аднаго з хлопцаў. Дакладна не вядома, што здарылася. Па адной з версій, гэты маладзён перавысіў хуткасць, прыпаркаваў машыну ў дварах, а калі прыйшоў на гулянні, то яго аператыўна звінцілі.

Дык вось, жыхары Жабінкі сталі здымаць гэта затрыманне на тэлефоны. У выніку тых, хто фільмаваў здарэнне, таксама забралі на ноч у пастарунак.

У той дзень у Жабінцы працавала не толькі мясцовая міліцыя, але і брэсцкі АМАП.

Артур Р. быў адным з тых, хто трапіў пад раздачу супрацоўнікаў праваахоўных органаў. «Я нават не ўяўляю, што там было. Мяне цягам пяці хвілін звязалі, а пасля павезлі ў міліцыю. Трымалі да сёмай гадзіны ранку. Правялі допыт, пыталіся, што адбылося. Мы ж проста хацелі ўбачыць, каго там затрымалі», — расказвае сведка.

Па словах Артура, у міліцыі такіх, як ён, было каля 7-8 чалавек. «Трымалі ў кайданках, пырснулі балончыкам у вочы. У мяне анямеў палец, было кепска ў міліцыі», — расказвае Артур.

Наталля Крываручка расказала нам, што яе сын Павел усё яшчэ знаходзіцца пад вартай у Брэсце. Адвакатам далі інфармацыю, што хлопца павінны адпусціць заўтра пасля 14-й гадзіны.

«Затрымлівалі хлопца, і мой сын пачаў здымку. Амапавец выбіў у яго тэлефон з рук. Пачалі круціць. Хлопцаў збівалі і ў аўтобусе, і ў самой міліцыі. Ні за што, проста яны бачылі затрыманне», — расказвае спадарыня Наталля.

Цяпер на хлопца могуць завесці крымінальную справу па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў». «Паўлу прыпісваюць, што ён ударыў амапаўца і пашкодзіў бус. Ні таго, ні другога ён не рабіў! У мяне ёсць відэа тых здарэнняў, я сабрала шмат у каго», — расказвае маці затрыманага.

«Ёсць сведчанне збіцця, я акурат тады была ў прыёмным пакоі міліцыі», — расказвае Наталля Крываручка.

Аляксандр П. кажа, што існуе пагроза, што супраць яго таксама могуць завесці крымінальную справу:

«Мне кажуць, што я спачатку накінуўся на амапаўца і душыў яго, а пасля душыў нейкага міліцыянера, але я гэтага не рабіў! У мяне вага 70 кілаграмаў, я яшчэ быў выпіўшы. А там амапавец у тры разы большы за мяне. Я ў жыцці ніколі не біўся!

Сведка кажа, што бачыў мяне здалёк, але твару не бачыў. Яны самі сабе супярэчаць. Я проста праходзіў побач, калі павялі затрыманага. Мяне схапілі ззаду і пачалі цягнуць кудысьці. Канечне, я спрабаваў вырвацца, але мяне ўдарылі і павалілі на зямлю», — расказвае хлопец.

«У міліцыі мы ўвесь час стаялі тварам да сценкі на калідоры. Папрасіў пазваніць, але мне сказалі, што нельга. Мы ўсе былі ў кайданках. Сілу не прымянялі, я толькі адзін раз павярнуўся і мяне адразу галавой да сцяны, каб ведаў, як правільна стаяць. Гэта зрабіў нехта з АМАПу. Мне не сказалі, у якасці каго праходжу па справе. Зусім незразумела нічога», — гаворыць Аляксандр.

У Жабінкаўскім РАУС каментаваць справу адмовіліся. «Тэлефануйце ў Брэст, мы нічога не скажам», — параілі яны.

Звязацца з прэс-службай УУС Брэсцкага аблвыканкама пакуль не ўдалося. Справа ў тым, што ў Брэсце праходзіць калегія УУС аблвыканкама з удзелам міністра Ігара Шуневіча. «НН» праінфармуе аб афіцыйнай пазіцыі ведамства.

Чытайце таксама:

Хлопец, з якога пачаўся хапун у Жабінцы: Я проста падышоў да даішніка спытаць, што чуваць

Сілавікі расказалі сваю версію хапуну ў Жабінцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?