Аршанскі райвыканкам у двухмесячны тэрмін плануе ўсталяваць новую памятную шыльду (наўзамен страчанай) на памятным камені ва ўрочышчы Кабылякі — адным з месцаў масавых расстрэлаў вакол Оршы ў перыяд Вялікага тэрору 1937—1938 гадоў. Ліст з такім адказам за подпісам старшыні выканкама Аляксандра Пазняка атрымала ўдзельніца грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», унучка расстралянага Івана Гіля Ларыса Арэшына.

У лісце ўказваецца, што «ў памяць пра трагічныя падзеі тых гадоў у 1990 годзе ў лясным масіве Андрэеўшчына (Аршанскі раён) ўсталяваны памятны камень, які з'яўляецца сімвалам памяці аб усіх ахвярах палітычных рэпрэсій». Адказ быў дадзены пасля таго, як у чэрвені група нашчадкаў сустрэлася са старшынёй райвыканкама і папрасіла вызначыць месца ў горадзе для ўсталявання памятнага знака ў памяць аб рэпрэсаваных.

Кіраўнік выканкаму прапанаваў абмеркаваць такі падыход на наступнай асабістай сустрэчы. «Тое, што цяпер робіцца, гэта ўжо паўкрока наперад. Адчувае рух наперад. І 25 ліпеня мяне зноў запісалі на прыём. Пры цяперашніх абставінах гэта ўжо добра. Такая сітуацыя ў краіне, тыя ж Курапаты гэтаму добры прыклад. Я вельмі рада, што паволі нешта мяняецца», — перакананая жанчына.

Праўнук расстраляных у Оршы Захара і Ганны Ходзеўцавых і ўдзельнік грамадскай ініцыятывы Ігар Станкевіч лічыць гэта добрым крокам насустрач: «Выканкам адказаў, што Аршанскі занальны і Віцебскі абласны архівы не маюць звестак пра месцы расстрэлаў у Оршы. Верагодна, так і ёсць. Але сведак, якія дакладна памятаюць пра месцы расстрэлаў, знайсці можна. Некаторыя з іх жывуць і па гэты дзень. Захаваліся і зафіксаваныя пісьмовыя сведчанні, якія ў свой час апублікаваў у аршанскай раёнцы журналіст Юрый Копцік. Падчас чэрвеньскай сустрэчы мы падалі копіі гэтых артыкулаў. Але, мабыць, на іх не звярнулі ўвагу. Таксама мы падалі спіс 40 чалавек, расстраляных у Оршы, з указаннем нумароў архіўных спраў і папрасілі выканкам звярнуцца ў архіў КДБ па Віцебскай вобласці, каб атрымаць на іх матэрыялы. З адказу не відаць, ці быў накіраваны такі запыт. Што тычыцца абяцанняў абнавіць некалі скрадзеную шыльдачку — гэта адназначна станоўчы адказ. Крок наперад. Крок, які дае ўсім нашчадкам расстраляных пэўную надзею. Надзею, што нарэшце з'явіцца месца, хай і сімвалічнае, куды можна прыйсці і ўспомніць сваіх нявінна забітых продкаў».

Дзякуючы прадстаўленай «Открытым списом» базе дадзеных ініцыятыве «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» ўдалося высветліць імёны каля 1750 савецкіх грамадзян, расстраляных у Оршы. Сярод іх больш за 1100 беларусаў, больш за 500 палякаў, каля 40 яўрэяў, былі таксама расстраляныя латышы, літоўцы, украінцы, рускія. Відавочна, гэта далёка не поўны спіс.

У Оршы вядома па меншай меры 6 месцаў расстрэлаў. Самыя масавыя пахаванні знаходзяцца на Кабыляцкай гары і на Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе. У 1982 годзе пры будаўніцтве чыгуначнай галіны на Кабылякі былі знойдзеныя парэшткі 50 чалавек. Афіцыйная дзяржаўная камісія ўстанавіла: расстрэлы рабіліся ў перыяд 1937—1940 гадоў органамі НКУС. У 1990-я гады мясцовыя ўлады ўсталявалі тут памятны знак.

Грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» займаецца пошукам нашчадкаў і аказаннем ім дапамогі ў пошуку звестак аб рэпрэсаваных продках. У цяперашні час ініцыятыва наладзіла кантакты больш чым з 20 сваякамі забітых у Оршы. Многія з іх ужо паставілі на Кабыляках таблічкі, крыжы і нават помнік з імёнамі сваіх расстраляных продкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0