Фота са старонкі Крысціны ў УКантакце

Фота са старонкі Крысціны ў УКантакце

У ноч на 20 ліпеня ў Бабруйску адбылося падвойнае забойства. Падазраваны, Аляксандр А. затрыманы, ён дае паказанні. А родныя і знаёмыя адной з забітых — 26-гадовай Крысціны А. дагэтуль не могуць паверыць у тое, што адбылося, піша Еўрарадыё.

Дзяўчына нарадзілася ў аграгарадку Завалочыцы Глускага раёна, у Бабруйску здымала кватэру і працавала ў гастраноме «Квартал смаку» прадаўцом-касірам. Крысціна заўсёды была на сувязі з сястрой, дапамагала ёй з пляменнікам, любіла катацца на веласіпедзе і гуляць у пейнтбол.

Знаёмая забітай (імя ёсць у рэдакцыі) апісвае Крысціну А. як вясёлую, добрую і спагадлівую дзяўчыну. На пытанне, ці была яна тусоўшчыцай, наадрэз кажа: не.

«Яна не была заўважаная ў нейкіх п'янках, не паліла, па-мойму. Мы хадзілі на фестываль ліхтароў, Крысціна нават матам не лаялася. Яна не была тусоўшчыцай. Працуючы ў краме за 350 рублёў, асабліва не патусуешся.

Працавала шмат, выходзіла на змену, калі прасілі. А нават калі яна і пайшла на дыскатэку, гэта законам не забаронена. Вы дакладна ні на адной фатаграфіі не ўбачыце яе з выпіўкай, — распавядае суразмоўца Еўрарадыё. — Крысціна была свабоднай дзяўчынай. А лёс распарадзіўся, што менавіта ў гэты дзень яна пайшла з нейкай Алесяй, і так адбылося».

Фота са старонкі Крысціны ў УКантакце

Фота са старонкі Крысціны ў УКантакце

Па словах суразмоўніцы Еўрарадыё, другую дзяўчыну, 27-гадовую Алесю, ні яна, ні сястра Крысціны не ведалі.

«Алесю, па-мойму, наогул ніхто не ведаў. Мы глядзелі ў інтэрнэце, у сябрах у Крысціны у «Вконтакте» яе няма. Не ведаю нават, як яна выглядае».

У ноч з 19 на 20 ліпеня дзяўчыны праводзілі час у клубе «Прэстыж». Там яны сустрэліся з Аляксандрам А. і вырашылі паехаць да яго дадому. Праз некалькі гадзін у міліцыю патэлефанавалі — дзяўчына (па словах крыніцы Еўрарадыё, гэта была Крысціна) паспела пракрычаць, што яе забіваюць, але не змагла назваць дакладны адрас. Калі міліцыя знайшла тую самую кватэру, абедзве дзяўчыны былі мёртвыя.

Суразмоўніца кажа, што у Бабруйску не шмат клубаў з начнымі дыскатэкамі, і «Прэстыж» лічыцца адной з лепшых устаноў: «Гэта не «быдла-паці» нейкае, гэта нармальны па бабруйскіх мерках клуб».

Чаму Крысціна апынулася ў кватэры ў незнаёмага мужчыны? Як стала вядома Еўрарадыё, разам з рэчамі з яе працы родным дзяўчыны перадалі ключы ад кватэры, якую яна здымала. Знаёмая Крысціны мяркуе, што менавіта з-за забытых ключоў дзяўчына не паехала да сябе і вырашыла застацца разам з Алесяй у Аляксандра: дачакацца раніцы і пайсці на працу.

«Піць яна не магла, таму што ёй да сёмай гадзіны на працу. Тым больш, яна працуе з людзьмі, яна не магла дазволіць сабе прыйсці нецвярозай. З боку адміністрацыі да яе ніколі не было прэтэнзій».

Як распавялі Еўрарадыё суседзі Аляксандра А., ён жыў у кватэры на Лынькова разам з маці. У ноч, калі адбылося злачынства, жанчына была на дачы. Сам Аляксандр О. ў 2016 годзе выйшаў з турмы і некаторы час жыў з маці. А ў апошнія месяцы пражываў разам з сужыцелькай ў цэнтры Бабруйска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?