Барысаўскі БАТЭ стартаваў у новым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. На хатнім стадыёне беларусы прымалі фінскі ХІК. Букмекеры лічылі БАТЭ безумоўным фаварытам дадзенай гульні, але на справе ўсё выйшла зусім не так бясхмарна.

БАТЭ адразу забраў мяч да сваіх ног, шмат атакаваў. На некаторых адрэзках гульні валоданне мяча на карысць беларускага чэмпіёна было 75 на 25. Ужо на трэцяй хвіліне Ігар Стасевіч мог выводзіць сваю каманду наперад. Некаторыя заўзятары нават паднялі ўгору рукі, радуючыся голу. Але гэта быў усяго толькі аптычны падман.

Другі рэальны шанец БАТЭ ўпусціў на 21-й хвіліне, калі ў перакладзіну зарадзіў Дзмітрый Бага. Шчыра кажучы, пасля гэтага момантаў, якія можна аднесці да галявых, ля варот ХІКа не здаралася.

Што тычыцца гасцей, то фіны сталі больш упэўнена сябе адчуваць напрыканцы першага тайма. А ў другім бразілец-грэнадзёр Клаўс нават мог выводзіць свой клуб наперад, але выратаваў Шчарбіцкі.

Не ўзмацніў атакуючы патэнцыял БАТЭ і выхад Аляксандра Глеба. У атацы беларусаў яўна чагосьці не хапала. Матч так і скончыўся з лікам 0:0.

Не варта вешаць насы. Летась на такой самай стадыі БАТЭ таксама не змог перамагчы дома армянскі «Алашкерт», але ўзяў верх у гасцях. Матч у адказ адбудзецца 1 жніўня ў Хельсінкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?