У Жодзіне затрымалі 35-гадовага мінчука, які апошнія два гады жыў у лесе. Як паведамляе МУС, ён знаходзіўся ў вышуку за махлярства ў асабліва буйным памеры.
Мінчук меў залежнасць ад ігральных аўтаматаў. З цягам часу ён залез у пазыкі. Кінуў сям'ю, з цягам часу развітаўся і з сябрамі. Узяў буйны крэдыт у банку, але адыграцца так і не здолеў.
У выніку мужчына стаў падазраваным па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, за што і быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Тады і сышоў у лес. Міліцыя адзначае, што яго выбар быў добраахвотным — мужчына не хацеў турбаваць родных.
Ён пабудаваў сваё сховішча недалёку ад стаянкі фур, дзе кіроўцы часам пакідалі ежу. Апроч таго, лавіў рыбу, збіраў грыбы, чарніцы — часам прадаваў іх выпадковым людзям. Прычым адзначаецца, што грошы на алкаголь не траціў.
Аднак у крымінальную гісторыю ўсё ж трапіў яшчэ раз: вырваў з рук жыхаркі Жодзіна заплечнік, у якім быў кашалёк з банкаўскімі карткамі. Камера банкамата зафіксавала твар мінчука.
Аднойчы мужчына ўсё ж трапіўся на вочы міліцыі. Курсант Акадэміі МУС Юрый Чыжанкоў вылічыў яго па спецыфічнай манеры нашэння кепкі. Ён выклікаў падмацаванне, і мужчыну затрымалі.