Фота Shutterstock

Фота Shutterstock

«Таксіны — небяспечныя рэчывы, якія трапляюць у арганізм звонку. Найчасцей — праз паветра, якім мы дыхаем, і праз ежу, якую мы ўжываем», — распавядае Таццяна Ерафеева.

Паветра і ежа — самае першае, на чым доктар просіць засяродзіцца кожнага.

«У горадзе ў наш арганізм таксіны трапляюць разам з выхлапнымі газамі, у якіх утрымліваюцца солі цяжкіх металаў. Таму на выхадных трэба абавязкова выязджаць за горад, дыхаць чыстым паветрам».

І калі выехаць на прыроду ёсць магчымасць толькі на выхадных, то штодзень неабходна думаць прынамсі пра тое, чым харчавацца, бо разам з ежай у арганізм трапляе безліч не самых карысных рэчываў. 

Таццяна Ерафеева раіць адмовіцца ад трох прадуктаў, якія прыносяць найбольш шкоды арганізму: фаст-фуду, кандытарскіх вырабаў і каўбас.

«Па магчымасці пазбягайце набываць гатовую ежу. Стравы павінны быць прыгатаваныя вамі, а не недзе ў кулінарыях», — адзначае спецыяліст.

А вось каб дапамагчы арганізму ачысціцца ад розных таксінаў, варта піць больш вады і ўжываць больш прадуктаў, багатых на клятчатку. Гэта пектыны, якія ўтрымліваюцца ў яблыках, вотруб’е, суцэльназбожжавыя кашы (тая ж аўсянка, напрыклад).

Як дапамагчы арганізму засцерагчыся ад таксінаў?

Вада. Сярэдняй нормай лічыцца ўжыванне 30 мілілітраў вады ў суткі на кілаграм вагі. Выходзіць, у дзень неабходна выпіваць 1,5-2 літры вады.

«А вось чай ці кава для ачысткі арганізма карысці не маюць. Наадварот, яны блакуюць шляхі для карысных рэчываў. Нездарма ж таблеткі нельга запіваць чаем ці кавай», — зазначае Таццяна Ерафеева.

Спорт. Каб не даць таксінам ніводнага шанцу, спортам займацца трэба абавязкова.

«Каб абмен рэчываў быў актыўны, неабходна тры разы на тыдзень займацца аэробнымі нагрузкамі: бегам, плаваннем, яздой на ровары. Каб працавала сэрца і праз пот таксама ішло ачышчэнне арганізма».

Лазня. Завядзіце сабе за правіла наведваць лазню раз на тыдзень (калі здароўе дазваляе).

«Хачу дадаць важную рэмарку, што душ трэба прымаць двойчы на дзень. Купіце сабе таксама жорсткую мачалку і як след два разы на тыдзень праходзьце ёй па скуры», — акцэнтуе доктарка.

Сон. «У сне таксама ідзе ачышчэнне арганізму. Таксіны, што выходзяць праз скуру, застаюцца на нашай начной бялізне. Таму неабходна мяняць яе штодзень. У ідэале, і пасцельную бялізну таксама, але зразумела, што гэта маларэальна. Таму пастарайцеся мяняць яе хаця б раз на тыдзень».

Сонца. «Не сакрэт, што ад сонца ў арганізме выпрацоўваецца вітамін Д. А гэта і падтрымка імунітэту, і прафілактыка анкалогіі, ды і проста добры настрой. Таму часцей бывайце на сонейку, не сядзіце ўсё лета ў офісе. Але прамых сонечных промняў сцеражыцеся».

Арганізм, вядома, сам падказвае, што з ім не ўсё ў норме, калі ўзнікаюць праблемы. Але як зразумець, што так пра сябе дае ведаць забруджанасць таксінамі, а не больш сур’ёзнае захворванне?

«Сімптомы сапраўды могуць быць абсалютна аднолькавымі з сімптомамі канкрэтнага захворвання. Калі чалавек санлівы, стомлены, калі ў яго баліць галава, няма настрою, калі ён адчувае млявасць — гэта прыкметы таго, што, магчыма, у арганізме знаходзіцца небяспечная колькасць таксінаў», — кажа Таццяна Ерафеева і адзначае, што ў любым разе варта прайсці медыцынскае абследаванне і пераканацца ў гэтым.

Таму райцеся з дактарамі і беражыце сябе!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?