Да «Бармалея», які паказваў факі крыжам у Курапатах, завіталі начныя госці
Жыхар Мінска Аляксандр Кудлаеў заслужыў сабе сумнеўную рэпутацыю пасля наведвання рэстарана «Паедзем, паядзім» у Курапатах. 45-гадовы мужчына не проста прыехаў за кальцавую, каб папіць піва, але і здзейсніў перформанс, паказваючы «факі» крыжам.

Кудлаеў, які мае нік у твітары «Бармалей», у інтэрв’ю «НН» казаў:
«Я ўжо бачыў, што мне пайшлі пагрозы, нават майму сабаку. Ды калі ласка. Я ўжо за пяць гадоў звыкся, што далей за пагрозы справа не даходзіць».
Пры гэтым ён выклаў у сацыяльных сетках усе свае кантакты, а таксама хатні адрас.
Суполка Укантакце «Гэта Мінск, дзетка» з’явіўся фотаздымак, дзе ўжо самому Кудлаеву паказваюць сярэдні палец. «Добразычлівыя грамадзяне зладзілі перформанс у яго на хаце і патлумачылі «Бармалею», што так рабіць нельга», — гучыць подпіс да фота.
Сам Кудлаеў у размове з «НН» пацвердзіў, што пяцёра чалавек прыехалі да яго а 23:10. У твітары ён удакладняе, што госці былі ў майках з Пагоняй.
«Бармалей» прапанаваў ім выйсці на вуліцу.
«Яны ўсё гэта запісвалі на камеру, але чамусьці выклалі толькі гэты «фак». Калі б выклалі ўсё, то былі б у непрывабным святле. Бо я ім выказаў усё, што пра іх думаю, а яны проста развярнуліся і сышлі», — сказаў Кудлаеў.
Пісаць заяву ў міліцыю «Бармалей» не збіраецца, але хоча знайсці відэа з камеры дома, каб выкласці ў інтэрнэт. «Мне не пагражалі, калі б пагражалі, то ўжо б ляжалі там, я чалавек дарослы», — сказаў мужчына.
«Ніякіх прабачэнняў я не прасіў», — запэўнівае «Бармалей».
Каментары