Механізатар Галіна Кажанава, якой уручылі на «Дажынках» трактар, плануе перавучыцца на спецыяліста па ахове працы.

- Яшчэ месяц таму звольнілася. Такое стаўленне я не магу выносіць. Напісала заяву, - распавяла жанчына tut.by.

Нагадаем, у канцы мая ў КСУП «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёна выбухнуў скандал: дырэктар гаспадаркі звольніў аднаго з найлепшых механізатараў Галіну Кажанаву і забраў у жанчыны менавіта той трактар, які ёй уручылі на «Дажынках» у Жыткавічах. Разам з Галінай звольнілі і яе мужа Сяргея.

Па словах жанчыны, сітуацыя выглядала так: ім трэба было аформіць дакументы на дом, для гэтага неабходна было з'ездзіць у Гомель да натарыуса. Раніцай перад аўтобусам Галіна з мужам зайшлі ў дыспетчарскую гаспадаркі і там пакінулі заяву на адгул (кажуць, так робяць заўсёды) - і з'ехалі. На наступны дзень прыйшлі на працу, але да яе іх не дапусцілі. «У вас прагул, нам такія работнікі не патрэбныя», - адказалі ім у канторы.

Галіна не паверыла сваім вушам. У гэтай гаспадарцы яна з мужам працуе ўжо тры гады, і за гэты час - ніводнай скаргі. Наадварот: жанчына была на добрым рахунку, перадавік працы.

За 18 гадоў стажу Галіну Мікалаеўну не раз ўшаноўвалі за добрасумленную працу. А ў мінулым годзе адправілі ў складзе Буда-Кашалёўскай дэлегацыі на абласныя «Дажынкі», дзе ўручылі новенькі «Беларус». На ім жанчына і працавала да звальнення.

Аб звольненых механізатарах напісалі СМІ, у канфлікт ўмяшалася кіраўніцтва з вобласці. Разбірацца ў сітуацыі ў Крыўск прыязджаў намеснік губернатара па сельскай гаспадарцы і харчаванню Аляксандр Мікалуцкі.

«Мікалуцкі іх папярэдзіў: Галю не крыўдзіць, нават ёй тэлефон свой даў, сказаў, будуць крыўдзіць - адразу тэлефануй», - распавядаў тады tut.by муж Галіны.

- Ну і чаму не патэлефанавалі? - пытаем яе сёння.

- Не захацела турбаваць. У яго і без мяне клопатаў шмат, - уздыхае Галіна.

Цяпер яна шукае працу. У Гомелі ў Цэнтра занятасці насельніцтва ёй прапанавалі прайсці навучанне па спецыяльнасці «Ахова працы». Жанчыну гэты варыянт зацікавіў. Звязацца з кіраўніцтвам гаспадаркі tut.by не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0