30.07.2018 / 15:28

Як аплаціць паркоўку ў Мінску 1

На гэты момант у Мінску працуюць 41 адкрытая і 8 закрытых платных парковак. Час дзеяння і тарыф платнай парковачнай зоны можна удакладніць на змешчаных там інфармацыйных стэндах. Аплаціць паркоўку уладальнік аўто павінен з моманту пачатку стаянкі адным з наступных спосабаў:

Парковачныя карткі

Картку паркоўкі са зручным для вас часавым перыядам — на 20 або 60 хвілін — можна набыць у кіёсках «Мінсктранс» і «Саюздрук». Для таго, каб скарыстацца такой карткай, дастаткова пазначыць дату і час пачатку паркоўкі і пакласці картку пад лабавое шкло аўтамабіля. Доказам аплаты лічыцца наяўнасць пад лабавым шклом аўтамабіля актуальнай (час пачатку паркоўкі + намінал) карткі. 

SMS паркоўка

Аплаціць паркоўку з рахунку любога сотавага аператара можна адправіўшы на адзіны кароткі нумар 204 SMS-паведамленне з лічбамі вашага дзяржнумара. Пры неабходнасці можа быць адпраўлена некалькі паведамленняў, кожнае з якіх актывізуе аплату за яшчэ адну гадзіну. У выпадку паспяховай аплаты на ваш тэлефон прыйдзе SMS-паведамленне, дзе будуць паказаны нумар вашага аўтамабіля і час заканчэння аплачанага паркоўкі.

Прыклад: для аплаты паркоўкі аўтамабіля з нумарам 1234 АВ-7 на адну гадзіну адпраўце на нумар 204 СМС з тэкстам 12347. У выпадку, калі аўтамабіль мае расійскія ці замежныя нумары, адпраўляць СМС на той жа нумар неабходна наступным чынам: С065МК78 (ваш нумар) → 06578 (для СМС).

 

USSD паркоўка

Для аплаты адпраўце на кароткі нумар 204 USSD-запыт, у якім укажыце ўсе лічбы вашага дзяржнумара. Чакайце СМС з пацвярджэннем (будзе пазначана тая ж інфармацыя, што і пры аплаце праз СМС).

Прыклад: для аплаты паркоўкі аўтамабіля з нумарам 1234 АВ-7 на адну гадзіну набярыце на клавіатуры тэлефона *204*12347#, націсніце «выклік». Для аплаты паркоўкі аўтамабіля з замежнымі нумарамі: набярыце *204*06578# і націсніце «выклік».

 

Смартфон

Мабільны дадатак для смартфона спампуйце з сайта www.parkouka.by. Прайдзіце рэгістрацыю і выканайце інструкцыі.

 

Паркаматы

На некаторых платных паркоўках усталяваны так званыя паркаматы. Пры іх наяўнасці вы можаце аплаціць наяўнымі грашыма або банкаўскай карткай, выконваючы інструкцыі паркамата.

 

Плацежныя тэрміналы, мабільны або інтэрнэт-банкінг (АРІП)

Аплачвайце паркоўку праз плацёжны тэрмінал або інтэрнэт-банкінг, выконваючы інструкцыі. Пры аплаце пазначце ўсе лічбы і літары дзяржнумара аўто (у тым ліку і рэгіён).

Рэквізіты плацяжу: АРІП → Агульнарэспубліканскія→ Стаянкі, гаражы, паркоўкі → Паркоўкі → г. Мінск → 204.parkouka.by → Разавая аплата паркоўкі.

 

Звярніце ўвагу! Некаторыя парковачныя зоны неабходна аплачваць з дапамогай сэрвіса parkme.by (напрыклад, у раёне вуліцы Талбухіна). У такім выпадку спосабы аплаты застаюцца тыя ж (мабільны дадатак parkme.by, SMS-паведамленне, паркаматы, АРІП). Пры аплаце з дапамогай СМС: дашліце СМС з тэкстам «нумар паркоўкі*нумар аўто*колькасць гадзін» (напрыклад, 7001*1234АВ7*2) на нумар 206. Для датэрміновага заканчэння дашліце на той жа нумар паведамленне з тэкстам «S» або «C»; пры падаўжэнні тэрміну — «Хколькасць гадзін» (да прыкладу, Х2). Больш падрабязна — на інфастэндах.

 

Абанемент (для зон 204)

У якасці аплаты можна выкарыстоўваць абанементы тэрмінам на дзень, 7 і 30 каляндарных дзён з любой даты. Дзейнічае абанемент толькі на адной парковачнай зоне (вуліцы)/у зоне дзеяння 204. Кошт абанемента залежыць ад абраных крытэрыяў і вар’іруецца ад 5,00 да 80,00 BYN.

Каб набыць абанемент неабходна:

  • Зайсці ў раздзел «Асабісты кабінет» сайта www.parkouka.by (новым карыстальнікам трэба прайсці рэгістрацыю);
  • У асабістым кабінеце ў меню злева абраць пункт «Плата за паркоўку (абанементы)»;
  • У прапанаваным спісе выбраць від абанемента, які цікавіць, і націснуць «Набыць»;
  • У новым акне ўказаць вуліцу, тэрмін дзеяння, асабістыя дадзеныя і нумар тэлефона ўладальніка, нумар аўтамабіля;
  • Аплаціць абанемент праз АРІП, пазначыўшы нумар абанемента паводле інструкцыі, атрыманай у асабістым кабінеце.

Пасля набыцця абанемента пры паркоўцы аўтамабіля ў зоне дзеяння абанемента ніякіх дадатковых дзеянняў рабіць не трэба.

Пры паркоўцы ў іншай зоне неабходна аплаціць паркоўку адным са спосабаў.

Колькасць абанементаў для кожнай зоны платнай паркоўкі (вуліцы), прызначаных для продажу, абмежавана.

Дадатковую інфармацыю, што датычыць адрасоў парковачных зон і наяўнасці вольных месцаў (для зоны 204) можна атрымаць на сайтах www.parkouka.by і https://minsk.gov.by/ru/org/10280/attach/3cb8eac/.

Будзьце ўважлівы і своечасова аплачвайце паркоўку.

Настасся Смірнова

0
Шлимазл / Адказаць
30.07.2018 / 18:53
А проще никак?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру