Расійскі тэлеграм-канал «Незыгарь», які не так даўно пісаў пра «інсульт» у Аляксандра Лукашэнкі, працягвае выдаваць паведамленні на беларускую тэматыку.

Чытайце таксама: Расійскі ТАСС запусціў качку, што ў Лукашэнкі інсульт, а пасля апублікаваў абвяржэнне

На гэты раз прапагандысцкі тэлеграм-канал, які пазіцыянуе сябе як інсайдарскі, напісаў зусім неверагодную «аналітыку» — нібыта Зянон Пазняк і Уладзімір Макей дапамагаюць адзін аднаму.

«Незыгарь» сцвярджае, што Пазняк мае ўплывовыя сувязі сярод заходніх палітыкаў, і беларускі МЗС у 2016 годзе праз дыяспару спрабаваў звязацца з Пазняком. Нібыта Пазняк выйшаў на кантакт і сустрэўся з прадстаўніком МЗС. Тэлеграм-канал сцвярджае, што ў выніку гэтай сустрэчы былі наступныя дамоўленасці:

1. Пазняк дапамагае Макею наладзіць сувязі з заходнімі палітыкамі.

2. Макей дапамагае Пазняку ўзняць у беларускім грамадстве тэмы, блізкія да ідэй БНФ.

«Незыгарь» мяркуе, што менавіта ў выніку гэтых дамоўленасцей у беларускім грамадстве стала зноў абмяркоўвацца тэма Курапат. На думку тэлеграм-канала, менавіта такім чынам, праз «нацыяналістаў», Макей спрабуе заручыцца падтрымкай заходніх палітыкаў.

Такое фантастычнае трызненне ад расійскага тэлеграм-канала можна патлумачыць толькі тым, што альбо «Незыгарь» свядома распаўсюджвае фэйкі пра Беларусь у прапагандысцкіх мэтах, альбо тэлеграм-канал не мае ніякіх сур'ёзных крыніц і інсайдараў у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?