31.07.2018 / 13:21

Выйшла дзіцячая кніга пра ката, які вандруе па Мінску 3

У выдавецтве «Янушкевіч» пабачыла свет кніга Ганны Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай.

Гэта першая аўтарская кніга ўжо вядомай шырокай беларускай супольнасці перакладчыцы з англійскай і польскай моў. Яе асаблівасць у тым, што дзеянне кнігі адбываецца ў сапраўдных мінскіх мясцінах: завулак Калініна, бульвар Талбухіна, парк Чалюскінцаў… Чытачы могуць здзейсніць падарожжа па рэальным горадзе. Дарэчы, і ў ката Шпрота ёсць рэальны прататып.

Па сюжэце кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката і хлопчыка Алеся ў мінскім Парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі.

Ілюстрацыі ў кнізе жывуць асобным жыццём: калі іх уважліва разгледзець, то можна ўбачыць, што персанажаў трошкі больш, чым у тэксце, і ў гэтых загадкавых персанажаў таксама ёсць свая цікавая гісторыя. Усяго ў кнізе амаль 50 малюнкаў. Калі вы не з Мінска ці ніколі не бывалі тут, для лепшай арыентацыі мастачка намалявала карту.

Ганна Янкута — перакладчыца кніг для дзяцей і дарослых. Дзякуючы ёй па-беларуску з'явіліся на свет гісторыі пра Шэрлака Холмса, зімовая казка з прывідамі «Калядны харал» Дыкенса, кніга жахаў «Замак Отранта» Уолпала і шмат чаго яшчэ. Хобі аўтаркі — назіранне за птушкамі і гарадскім жыццём. З катом Шпротам знаёмая асабіста.

Лілія Давыдоўская — ілюстратарка і дызайнерка, выпускніца Акадэміі мастацтваў. Жыве і працуе ў Каіры (Егіпет). Замалёўкі з розных гарадоў і краін можна паглядзець у яе акаўнце Instagram, а замалёўкі з завулка Калініна і Парку Чалюскінцаў — у кнізе пра ката Шпрота.

«Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» — толькі першая кніга з серыі пра незвычайнага ката і яго сяброў. Чытачоў чакае працяг — каб сабраць усю калекцыю, варта пачынаць ужо цяпер!

Кнігу можна набыць у інтэрнэт-кнігарні Januskevic.by, а неўзабаве яна з’явіцца ў вядучых кнігарнях Мінска і ўсёй краіны.

0
Андрэй / Адказаць
31.07.2018 / 13:34
няправільны націск, і кніга адразу робіцца зусім не дзіцячай)
2
Lilia / Адказаць
31.07.2018 / 13:40
"завулак Калініна, бульвар Талбухіна, парк Чалюскінцаў".

Якая жэсць у дзіцячай кнізе! 

 
1
Вася Чупакабрау / Адказаць
31.07.2018 / 18:20
І я там вандраваў калісьці і пра коціка з задавальненьнем пачытаю.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру