У Берасці з’явіўся помнік выдуманаму расейскаму персанажу, дэсантніку Сцёпачкіну. Яго паставілі ў мінулыя выходныя на дзень горада ў парку адпачынку імя 1 мая.
Дэсантнік Сцёпачкін — персанаж мультыплікацыйнай дылогіі Цімура Курбаналіева пра падлетка, які самавольна прызваўся ў дэсантныя войскі, употай ад маці і работнікаў ваенкамату. Паступова герой становіцца сапраўдным дэсантнікам і нават перамагае на спаборніцтвах узброеныя сілы ЗША.

Сайт берасцейскага гарвыканкама называе гэтую скульптуру падарункам берасцейцам ад дэсантнікаў Расеі ды Беларусі.
Ініцыятыва ўсталяваць скульптуру належыць генерал-маёру расейскай арміі Аляксандру Куліку. На адкрыцці помніка прысутнічаў старшыня камітэта па абароне Дзяржаўнай Думы РФ Уладзімір Шаманаў.

Вядома, што Шаманаў быў удзельнікам баявых дзеянняў падчас карабахскага канфлікту, ваяваў на баку Азербайджана. Шаманаў (сябра партыі «Едіная Россія») таксама кіраваў вайсковымі аперацыямі падчас вайны ў Чачэніі, узначальваў аперацыю па акупацыі Абхазіі.

Адзначым, што берасцейскія дэсантнікі з 38-ай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады рэгулярна ўдзельнічаюць у сумесных вучэннях з расейскімі калегамі, у тым ліку з тымі, хто ваяваў ва Украіне.
Аўтар скульптуры Аляксей Чумакоў нарадзіўся ў расейскім Орску. Скончыў Ленінградскае нахімаўскага вайскова-марское вучылішча, пазней Кіеўскае вышэйшае вайскова-марское палітычнае вучылішча і пасля вучобы быў размеркаваны на службу ў Севастопаль. Працягвае лічыць сябе грамадзянінам СССР. Жыве ў Берасці.

Расейскі след ёсць і ў кар'еры кіраўніка Берасця Аляксандра Рагачука. Ён скончыў Курганскае вышэйшае ваенна-палітычнае авіяцыйнае вучылішча. І менавіта Рагачук даў згоду на ўстаноўку ў берасцейскім парку імя 1 траўня гэтай сумнеўнай скульптуры.
Каментары