14.08.2018 / 14:21

Як зарэгістравацца ў паліклініцы 7

Пераехалі ў Мінск, знялі кватэру і плануеце зарэгістравацца ў мясцовай паліклініцы, каб атрымліваць бясплатную медыцынскую дапамогу. Як у гэтым выпадку дзейнічаць, куды звяртацца? 

Ці можна замацавацца за паліклінікай не па месцы рэгістрацыі?

Вы маеце права выбіраць, у якой паліклініцы абслугоўвацца: ці па месцы пражывання, ці па месцы рэгістрацыі. Але трэба ведаць, што абслугоўванне ў паліклініцы не па месцы рэгістрацыі мае пэўныя нюансы.

Першае, што вам неабходна зрабіць, каб замацавацца за паліклінікай, якая адносіцца да вашага фактычнага адраса пражывання, — прыйсці туды і напісаць заяву. Каб не губляць час, лепш загадзя патэлефанаваць у рэгістратуру і ўдакладніць час прыёму заяў на замацаванне і нумар кабінета, дзе гэта працэдура ажыццяўляецца.

Звычайна кабінеты, дзе адбываецца рэгістрацыя, знаходзяцца ў адміністрацыйнай частцы паліклінікі. Побач на століку ляжаць бланкі з узорам запаўнення заявы. Яна пішацца на імя галоўнага доктара з указаннем звестак аб рэгістрацыі і месцы пражывання, у якой паліклініцы абслугоўваліся раней.

Дарэчы, людзі сталага веку, якіх дзеці на зіму забіраюць з вёсак у гарадскія кватэры, таксама могуць хадзіць на прыём да доктара ў мясцовую паліклініку. Патрэбна тая ж заява на імя галоўнага доктара. Цяжарныя жанчыны маюць права стаць на ўлік ва ўпадабаную кансультацыю.

Якія дакументы патрэбны, каб замацавацца за паліклінікай?

З сабой у паліклініку неабходна ўзяць пашпарт. Вас могуць папрасіць паказаць дамову арэнды жылля. Дарэчы, гэты момант носіць рэкамендацыйны характар. Робіцца гэта найперш для таго, каб пазбегнуць непрыемных сітуацый. Напрыклад, нехта назваў чужы адрас, а пасля да адміністрацыі паліклінікі могуць быць прэтэнзіі з боку сапраўдных жыхароў кватэры, якія дазналіся пра «кватарантаў». Таму ў паліклініцы і просяць мець якое-небудзь пацвярджэнне, што вы жывяце па ўказаным адрасе. Гэта можа быць не толькі дамова арэнды жылля, але і квартплата, копія пашпарта мужа, жонкі, сваяка ў кватэры якога вы жывяце. Таксама гаспадар кватэры можа прыйсці сам і пацвердзіць ваша месца пражывання (у вуснай ці пісьмовай форме).

На сайце паліклінікі можна знайсці алгарытм дзеянняў для замацавання, дзе ўсё распісана пакрокава, пазначаны час прыёму, таксама там можна спампаваць форму заявы, калі вы хочаце яе запоўніць заранёў. Цікавы факт: для мужчын і для жанчын існуюць асобныя формы заяў. Рашэнне аб замацаванні за паліклінікай павінна быць прынята цягам аднаго дня з моманту вашага звароту.

Інфармацыю па гэтым пытанні знайсці на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Які тэрмін дзейнічае замацаванне за паліклінікай?

Як правіла, замацаванне за паліклінікай дзейнічае толькі год. Працягнуць дазвол на абслугоўванне па адрасе замацавання неабходна не пазней за 7 дзён да сканчэння тэрміну. Трэба адзначыць, што няма ніякіх нарматыўных актаў, якія абмяжоўваць тэрмін замацавання. Адміністрацыя паліклінікі самастойна вырашае, на які тэрмін замацоўваць чалавека, усе выпадкі індывідуальныя. Напрыклад, вас могуць замацаваць за паліклінікай на тэрмін дзеяння дамовы арэнды жылля.

Што рабіць, калі няма дамовы арэнды жылля?

А што рабіць, калі вы здымаеце кватэру без дамовы арэнды і нічога, апроч пашпарта, прад’явіць не можаце? Памятайце, што рэкамендацыі паказаць іншыя дакументы, што пацвярджаюць пражыванне па дадзеным адрасе, носяць рэкамендацыйны характар. Таму вы маеце права падаць заяву на замацаванне за паліклінікай. Адміністрацыя ўстановы яе разгледзіць і дасць вам адказ.

Ці можна замацавацца за ўпадабанай паліклінікай?

Напрыклад, вы жывяце ва Уруччы, а хочаце абслугоўвацца ў Каменнай Горцы. Можна. Але з выклікамі на дом могуць узнікнуць пытанні. Паліклініка забяспечвае аказанне медыцынскай дапамогі згодна са сваімі лячэбна-дыягнастычнымі магчымасцямі. Таму ў гэтым выпадку кіраўнік паліклінікі прымае рашэнне аб замацаванні ці адмове ад абслугоўвання.

Што рабіць, калі неабходна экстранная дапамога?

Калі вы не паспелі зарэгістравацца ў паліклініцы, і вам спатрэбілася экстранная дапамога, то яе вам акажуць бясплатна. Напрыклад, раптам з’явіўся моцны боль, паднялася тэмпература — звяртаецеся ў найбліжэйшую паліклініку, дзе вам прызначаць лячэнне і вырашаць пытанне вашай непрацаздольнасці.

Ці можна бясплатна зрабіць флюараграфію ў любой паліклініцы?

Калі сітуацыя экстранная — флюараграфію прызначыў доктар, то бясплатна. А калі вы самі вырашылі абследавацца не ў сваёй паліклініцы, то за працэдуру давядзецца заплаціць. Такія вось правілы.

Не хварэйце і вырашайце ўсе пытанні з лёгкасцю!

Жанна Антусевіч, фота аўтара

0
dzedka / Адказаць
14.08.2018 / 14:48
дзякуй!!!!
0
Андрей / Адказаць
15.08.2018 / 22:20
Поликлиники красивые сейчас, почти европейская картинка. Правда, если вы заболели чем-то не типичным, то нет таких врачей с пониманием вашей болезни, но вдруг повезёт.
1
Ъ / Адказаць
15.08.2018 / 22:31
Я гражданин РБ плачу налоги должен иметь возможность получить мед.помощь в любой поликлинике,,без ваших заявлений,договоров аренды жилого помещения,и т.д. без поклонов глав.врачу.тоже самое касается детских прививок .
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру