01.08.2018 / 08:06

«Я важыў 152 кг». Гарадзенец распавядае, як схуднеў амаль удвая 18

27-гадовы прадпрымальнік Павел Яфіменка з Гродна дзеліцца з tut.by сваім вопытам развітання з 70 кг: як ён не мог падняцца на чацвёрты паверх без дыхавіцы, упершыню здолеў без старонняй дапамогі мацаваць прэс, амаль страціў надзею і, нарэшце, дамогся галоўнай мэты — якая вымяралася зусім не ў кілаграмах.

— У 23 гады мая вага была 152 кг. Як вам такое дасягненне? — іранізуе Павел. — А аб'ём таліі — 140 см.

Ён сапраўды памятае дату, калі зразумеў: усё, хопіць, трэба спыніць весці такі лад жыцця — 1 кастрычніка 2014 года. Сябар параіў запісацца ў трэнажорную залу.

Перш за ўсё трэнер сказаў змяніць рэжым харчавання. Гэтае пытанне вырашала жонка Святлана. Павел толькі кажа, што дзякуючы яе кулінарным здольнасцям і ўменню нават з геркулеса зрабіць шэдэўр, перайсці на новы рацыён аказалася не складана.

Затое фізнагрузкі для чалавека з залішняй вагой, які і на чацвёрты паверх з цяжкасцю падымаўся, былі сапраўдным катаваннем.

— Як цяпер узгадваю сваю першую трэніроўку, гэта было пекла! — прызнаецца прадпрымальнік.

Каб Павел наогул мог мацаваць прэс, трэнеру даводзілася прыўздымаць яго ногі. Але паціху мужчына станавіўся мацнейшым. Вынік быў вельмі прыкметны на вагах: у першы месяц сышло 17 кг, у другі — 10 кг. А за тры месяцы ў цэлым Павел развітаўся з 30 лішнімі кіло. Мужчына абнавіў гардэроб і спадзяваўся, што навагоднія святы сустрэне ў «лёгкай» вазе ў цэнтнер.

— Нават падчас святаў выконваў рэжым. Па гасцях хадзіў са сваімі кантэйнерамі. Вельмі хацеў хутчэй прыйсці да мэты ў 100 кг, — цяпер ужо бачыць сваю памылку прадпрымальнік.

Пахуданне больш не было такім імклівым. Нягледзячы на эксперыменты з харчаваннем і нават дадатковыя паходы ў басейн за студзень «сышлі» толькі 7 кг.

— Шчыра скажу, гэта было вельмі і вельмі цяжка, перш за ўсё ў маральным плане. Я дык думаў, што вага будзе сыходзіць так жа хутка! Таму былі зрывы: падманваў трэнера, а на самай справе сябе.

Павел успамінае: цяжка было бачыць, што ад тыдня зацятых, знясільваючых трэніровак і абмежаванняў у калорыях вага не зрушваецца з месца. Або сыходзіць адзін кілаграм.

— Пачынаюцца сумневы ў сабе, у сваіх дзеяннях, нават у трэнеры. Думаеш: а ці правільныя задачы ён ставіць? Вось цяпер я ведаю: у такіх сітуацыях трэба працягваць працаваць па вызначаным плане. Калі вага стаіць, гэта таксама прагрэс.

У лютым 2015 года, калі гродзенец важыў 113 кг, яму ўпершыню атрымалася самастойна, без старонняй дапамогі мацаваць прэс.

— Крычаў на ўсю залу: «Я гэта зрабіў, я гэта зрабіў!»

Павел адзначае, што да гэтага часу ў жыцці змянілася ўсё - харчаванне, сон і нават асяроддзе. За люты і сакавік сышло яшчэ 9 кг, з'явілася цягавітасць. Калі стрэлка вагаў наблізілася да сотні, наперадзе замаячыла новая мэта — 90 кг.

— Раней я нават уявіць не мог, што буду незадаволены вагой у 100 кг. Калісьці гэта было маёй марай! А цяпер тыя, хто не ведаў мяне раней, усё роўна казалі: ты тоўсты.

Трэніравацца ўжо было значна лягчэй, але з'явілася новая праблема — лішняя скура, якая расцягнулася з-за пахудання.

— Прызнаюся, былі думкі пайсці на аперацыю, але я вельмі не хацеў. Мне параілі добрую масажыстку, якая ўзялася за працу. За трыццаць сеансаў аднавілася практычна ўсё.

У чэрвені мужчына важыў 82 кг — выходзіць, за 10 месяцаў скінуў 70 кг.

— Раздзел «пахуданне» для мяне скончыўся, цяпер імкнуся ўтрымаць вагу. Гэта цяжка. За тры гады яна зноў паднялася, да 90 кг. Але сваёй гісторыяй я захацеў падзяліцца, каб даказаць: так схуднець магчыма. І можа быць, нават натхніць людзей з залішняй вагой.

Павел Яфіменка прызнаецца, што ў 2014 годзе яго сапраўднай матывацыяй мяняцца сталі словы лекара.

— Мы з жонкай прыйшлі ў бальніцу, а нам сказалі, што я не змагу мець дзяцей. І залішняя вага таксама ў тым вінаватая. За пяць гадоў мы змянілі усё сваё жыццё дзеля дзіцяці, і ў нас усё ўдалося. Праз два месяцы будзе сын.

0
Андрушка / Адказаць
01.08.2018 / 09:11
варты павагі! утрымаць вагу - вельмі складана, але важна! поспехаў!
4
Юрась / Адказаць
01.08.2018 / 09:31
Крута. Гэта добры адказ усім бодзіпазітыўным ******.
0
Яўген / Адказаць
01.08.2018 / 09:37
Аж зайздрасць узяла. Рэспэкт табе хлопец.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру