01.08.2018 / 10:45

«Бярыце столькі Беларусі, колькі можаце, і вам больш ніколі не будзе балюча за сваю небеларускасць» 37

Піша Стась Карпаў.

Пакуль вы спалі ці пілі «чай з брынзай» у нас тут адгрукатала вайнушка па тэме беларускасці. Некалькі любімых і паважаных мной (бачыце, я умею рабіць самавыратавальныя рэверансы) людзей уступілі у бескампрамісную бла-бла-бла барацьбу і усе разгромна прадулі.

Кароча.

Сюжэцец просты. Igor Skorynin назваў сябе беларускім блогерам. Аляксандра Баярына яму ў гэтай беларускасці адмовіла, сказаўшы, што «беларускі» — гэта такі чалавек, які з'яўляецца часткай беларускай культуры.

То бок:

а) цытуе беларускую літаратуру

б) цытуе беларускае кіно

в) ведае гісторыю Беларусі з пункту гледжання беларусаў.

А калі не ведае і не цытуе, то ён проста беларускае насельніцтва.

Ігар напісаў цэлы пост пра тое, што яму гэта чуць вельмі балюча. І што ён усё адно адчувае сябе беларускім.

Адзін бізнэсовец у адказ назваў Сашу Баярыну нацысткай.

Пасля пад пастом спадара Ігара з'явілася дахалеры добрых людзей, якія нагаварылі ўсялякай добрай хярні. Але, паколькі хярня была «супраць нацызму», то яна не заслугоўвала асуджэння.

Vadzim Prakopčyk ад заявы бізнэсоўца і іншых, паходу, ахранеў, пра што і напісаў. Пра што я і прачытаў.

Дарэчы, лічу, што Вадзіму пашанцавала: ён ах…ў адзін раз, а я дык цэлых тры.

Ну і пра што я з радасцю хачу заявіць?

Пачнем спачатку.

Не думаў, што дажыву да моманту, калі буду бараніць чыюсці беларускасць. У сэнсе, не думаў, што пры маім жыцці ўнутры беларусаў разаўецца такая пераборлівасць. Гэта ж трэба, каб мноства зорак сышлося.

Але вось.

Што сказаць. Я дык упэўнены, што адзіны стаадсоткавы маркер «беларускага» - гэта саманазва. Чалавек сам сябе мусіць так называць. 

Далей проста варта зразумець, як чалавек гэтую беларускасць успрымае. Калі для яго Беларусь - гэта як для мяне «вуліца Жудро», дзе я вырас - і не важна ў складзе якога раёна Мінска яна будзе існаваць - то справа, натуральна, швах.

А калі чалавек прызнае незалежнасць Беларусі як каштоўнасць, прызнае беларускую культуру як каштоўнасць - то вось ён - самы сапраўдны беларус.

У адваротным выпадку - ён такая ж частка Беларусі, як і ракавая пухліна частка чалавека.

Не так важна, наколькі глыбока беларус ведае белліт і гісторыю з нацыянальнага пункту гледжання.

У нармальных краінах людзі часцей за ўсё не надта заглыблены ва ўласную культуру, асабліва на ўзроўні цытатаў класікі.

Але менавіта гэта і ёсць прыкмета здаровай нацыі: ты - яе частка не праз цытаты і не праз свядомы выбар. Ты не выбіраеш быць чалавекам, ты не прыходзіш да выбару полу праз доўгія развагі. Ты ведаеш, хто ты — і не разважаеш пра сваю адпаведнасць крытэрам.

У гэтым разрэзе стварэнне кімсьці спісу ўласцівасцяў беларуса, якім адпавядае толькі ён сам, мне нагадвае правядзенне тэндараў па-нашаму. Хто ў тэме — той зразумее.

Ладна.

Не буду спрачацца. Сітуацыя у Беларусі ненармальная. Мы - не французы, не англічане. У нас усё спецыфічна. 

Але гэта значыць, што нам трэба быць яшчэ больш лаяльнымі да спосабаў уваходу «ў беларускасць».

Усе нармальныя пацаны, тыя ж яўрэі, на працягу свайго існавання думалі хутчэй, як бы зрабіць, каб «нашых» было паболей. У крытычны момант пры адсутнасці мужчын, яны нават перадачу яўрэйства зрабілі «па маме». Не самы просты для ўкаранення ў грамадскай свядомасці ўчынак, як па мне. Але можна паглядзець на вынік.

Чаму мы павінны дзейнічаць інакш?

У нас такая сітуацыя, што людзі ўваходзяць у нашу культуру не арганічна, а праз намаганне і праз рашэнне. 

Я — вось такі чалавек. Вы — іншыя?

Ідэнтычныя праблемы у сваіх культурах перажывалі тыя ж чэхі. Ну і?

УВАХОДЖАННЕ - гэта працэс. На большасці этапаў станаўлення «неафіта», ён, неафіт, шмат у чым не адпавядае эталону, які існуе ў галаве «сталага носьбіта».

А сам працэс уваходжання далёка не заўсёды прыгожы і ідэальны.

Людзі уваходзяць у культуру ў розным узросце, на розную глыбіню.

І культура ў іх таксама пранікае па-рознаму. па розных аспектах, розным чынам і на розную глыбіню. Дыфузія заўсёды неэталонная ды і не мае эталона. Дык навошта гэтыя тры куцыя правілы «беларускага» беларуса? Наўжо дзякуючы ім нас стане болей? Дзе? На філфаку?

З іншага боку, вось чалавеку сказалі, што ён «не беларускі». А ён давай гараваць.

Пра што гэта сведчыць?

Ну, напэўна пра тое, што ён сапраўды не беларускі. Ці, прынамсі не ў той ступені ў якой сам бы хацеў.

Чаму?

Таму, што нельга чалавеку сказаць, што ён - не чалавек і зарадзіць у ім крыўду і сумневы.

Мне сто разоў казалі, што я - не беларус. І што выглядаю не як беларус. І пішу па-беларуску - не як беларус. І сябрую не з тымі, з кім сябруюць беларусы. 

Ну і?

Ніхто не ў стане ў мяне адабраць Беларусь ці пасяліць унутры мяне нейкі сумнеў. Беларусь - мая. Ніхто на яе не мае большых правоў за мае. Вось так.

Калі у вас Беларусь можна забраць фэйсбучным каментам - гэта не праблема камента.

Бярыце столькі Беларусі, колькі можаце, і вам больш ніколі не будзе балюча за сваю небеларускасць.

Цяпер пра нацызм.

Як па мне, дык нацызм як спосаб пачынаецца з маркіравання апанента якім-небудзь зручным словам, якое абазначыць яго як унтэрмэнша ў вачах дасвечанага грамадства.

Антысеміт — пасуе. Нацыст — пасуе.

Раю таму бізнесоўцу задумацца, якім шляхам ён ідзе і якімі метадамі дзейнічае. Гэта сіндром баявога Ліпковіча, які элементарна лечыцца самакапаннем, але вельмі хутка прагрэсуе пры адсутнасці самакапання.

Наогул, прагрэсіўным людзям шырокіх поглядаў я б хацеў сказаць, што яны, як мне падаецца, унутры сваёй свядомасці стварылі настолькі дэталёвы ўяўны вобраз нацыяналістычнай пачвары, што не могуць ад яго пазбавіцца і капіруюць яго ва ўсім.

Заканчваючы пост, у якім я заяўляю, што ўсе, акрамя мяне, няправыя, я бы хацеў заклікаць усіх да міру і нацыянальнай згоды.

Хацеў бы, але не буду.

Сварыцеся на здароўе. Так значна весялей.

8
gottalight / Адказаць
01.08.2018 / 11:32
Да неафітаў добра стаўлюся. Мяне больш непакояць ашалелыя “прапаведнікі-гуру”, якія  цягнуць коўдру на сябе. Спачатку яны абвяшчаюць манаполію на мову, потым пачынаюць чыста па-фюрэрску абмерваць “беларускасць” тутэйшых. На поўным сур’ёзе разважаючы, хто з нас з’яўляецца носьбітам “пракаветна беларускага”, а хто не, каму трэба абвясціць анафему і назаўжды выгнаць з Мовы, а каму  дазволіць застацца ў сваім кружку выбраных.  І гэтак далей. Гэтыя вар’яты нават не ўсведамляюць, што так яны не спрыяюць адраджэнню Беларусі як феномена, але канчаткова заганяюць яе ў труну, раз’ядноўваючы грамадства. “Астанавіцесь!”(с)
2
Mienski chłopiec / Адказаць
01.08.2018 / 11:40
Pradstaūniki nacmienšaściaū, takija, jak Ziser, adčuvajuć tut siabie jak tytulnaja nacyja, tamu j nia chočuć źmianieńnia sytuacyi, kab i nadalej ihnaravać fakt isnavańnia tytulnaj biełaruskaj nacyi dy kulttury, da jakich jany nia majuć anijakaha dačynieńnia. Takija jany, internacyjanalistyja, viernyja słužki kryvažeraū dy rusifikataraū.
4
хамса / Адказаць
01.08.2018 / 11:51
>ўсе, акрамя мяне, няправыя,
блін, а думала, што апроч мяне) а па-праўдзе-то ўсе памыляюцца.. не выключэнне і вы, і я)
>Сварыцеся на здароўе. Так значна весялей.
да пары да часу.. пакуль добра не вывучыш катэгорыі людзей і тыповыя рэакцыі гэтых катэгорый на якуюсьці тэму (а потым робіцца сумна.. як гаварыцца - ну давайце здзівіце мяне)) кожны з нас завернуты на чымсьці.. і ён у палоне гэтай завернутасці.. веруючых (маецца на ўвазе не толькі ў бога, а ў любую ідэю) больш, чым людзей з самастойным крытычным мысленнем.. свядомасцю такіх людзей лягчэй маніпуляваць.. іх рэакцыі больш прадказальныя.. усё, што вы ад іх пачуеце - гэта, як правіла, лозунгі і штампы.. нечыя думкі, не свае.. і ўсе гэта ўжо шмат разоў было пачута і пабачана.. ну праўда ж, Карпаў, тэма перапалкі і пазіцыі, што выказалі бакі, гэта ж не раз было?)
п.с. часам думаю - як сумна мусіць быць мадэратару - ён жа даўно ўсіх ведае, і хто-што-калі можа сказаць - нічога новага.. не?
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру