На Аўгустоўскім канале заўважылі сляды мядзведзя, паведамляе БелТА. Мядзведзь з'яўляўся ў прыгранічных раёнах Гродзенскай вобласці.

«Заўважылі сляды неўласцівай для гэтых месцаў жывёлы пагранічнікі. Звярнуліся да нас. Аказалася, што на тэрыторыю краіны зайшоў малады мядзведзь», — распавёў майстар лесу Аўгустоўскага лясніцтва Іван Садкоўскі.

Хутчэй за ўсё, госць прыйшоў з Польшчы. Ён прайшоўся па лесе, пабываў у раёне вёсак Кадыш і Галавенчыцы і праз суткі пайшоў назад. Складана сказаць, ці можа мядзведзь пасяліцца ў раёне Аўгустоўскага канала на беларускім баку. Сёння гэта месца папулярна ў турыстаў, яно занадта люднае і шумнае для гэтага звера. Зрэшты, у лясах вакол канала жывуць і ласі, і казулі, і драпежнікі — ваўкі і рысі. Магчыма, фауна гэтых месцаў і пашырыцца. У апошнія дзесяцігоддзі мядзведзі на беларускім баку Аўгустоўскага канала не адзначаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0