ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да двух турэцкіх міністраў у сувязі са справай амерыканскага пастара Эндру Брансана, які знаходзіцца ў зняволенні ў Турцыі з кастрычніка 2016 года, паведамляе Бі-бі-сі.

Усе амерыканскія рахункі і актывы кіраўніка мінюста Турцыі Абдулахміта Гюля і кіраўніка МУС Сулеймана Сойлу замарожаныя. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаронена заключаць здзелкі з імі.

Пастара абвінавачваюць у супрацоўніцтве з прапаведнікам Фетхулом Гюленам, якога ў Турцыі лічаць адказным за няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе, а таксама ў падтрымцы забароненай у краіне Рабочай партыі Курдыстана. Брансан абвяргае абвінавачванні.

Адносіны паміж Анкарой і Вашынгтонам у апошнія гады перажываюць не найлепшыя часы. Турэцкія ўлады незадаволеныя адмовай ЗША выдаць ёй Гюлена. Акрамя таго, улады Турцыі выказвалі абурэнне тым, што ЗША супрацоўнічаюць у Сірыі з курдскім апалчэннем.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад турэцкіх уладаў неадкладна вызваліць пастара, прыстрашыўшы абкласці Турцыю санкцыямі. У адказ прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган сказаў, што пагрозы яго не палохаюць і што яго пазіцыя адносна Брансана не зменіцца. Эрдаган таксама адзначыў, што ЗША рызыкуюць страціць Турцыю як свайго моцнага і надзейнага саюзніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0