31-гадовы актывіст АГП Дзмітрый Кавалгін расказаў «НН», як праходзяць дзяжурствы ў Курапатах. У Кавалгіна здарыўся не самы прыемны момант з аховай рэстарана «Паедзем, паядзім» 30 ліпеня. У выніку ён напісаў заяву ў міліцыю.

«Я быў на вахце ў Курапатах у другі раз. І першы раз амаль увесь час стасаваўся і з міліцыяй, і з адміністрацыяй. Тады я замовіў у рэстаране «Паедзем, паядзім» бутэльку вады, а пасля папрасіў паказаць іх пажарны план эвакуацыі. Яны мне адказалі, што нічога не збіраюцца паказваць. Маўляў, мы не павінны паказваць, вы ніякі не правяраючы орган. Я вырашыў пашукаць сам, пайшоў па рэстаране. Пасля падбегла адміністратарка, якая закрычала, што я паводжу сябе неадэкватна і яна выклікае міліцыю. У чым неадэкватнасць? Я проста турбуюся пра сваю бяспеку.

Калі міліцыя прыехала, то я ў адказ напісаў на адміністратарку заяву аб абразе. Вось-вось ужо мусіць быць адказ.

30 ліпеня было чарговае дзяжурства АГП. Панядзелак — дастаткова спакойны дзень. Я стаяў у вечаровую змену. Пазіцыя нашай партыі — не лезці на ражон, проста даваць людзям інфармацыйныя ўлёткі і адгаворваць іх ехаць ва ўстанову.

Я ўсё ж паспрабаваў затармазіць адну машыну, мяне адразу паспрабаваў штурхануць ахоўнік. Я даў яму зразумець, што не сыйду з гэтага месца. Ён выклікаў міліцыю і мяне аштрафавалі на адну базавую велічыню за парушэнне ПДР.

Многія прыходзяць у «Паедзем, паядзім» проста з прынцыпу, што, маўляў, патрэбна так рабіць. Было некалькі аўтамабіляў з расійскімі нумарамі, якія праязджаюць з вялізнай хуткасцю і тармозяць ля самых ног. Канечне ж, міліцыя на гэта ніяк не рэагуе.

Агулам у гэты дзень было меней за дзесяць аўтамабіляў. Было некалькі машын, якія заязджалі туды літаральна на пару хвілін і адразу выязджалі. Адну машыну мы развярнулі, гэта быў дарагі «Лексус». Мы сказалі, каб людзі задумаліся, атрымалася зачапіць іх за душу. Гэта была цэлая сям’я. Было відаць, што яны абмяркоўвалі гэта.

Каля 19:30 ехала чарговая машына. І я нават не заўважыў, як на мяне кінулася адразу двое ахоўнікаў, наляцелі збоку. Яны мяне літаральна знеслі, мабыць, не разлічылі сілу. Я згрупаваўся і зваліўся ля бампера аўтамабіля. З яго выходзіць сам спадар Леанід Зайдэс. Пакуль я падымаўся, Зайдэс прыкрыкнуў на ахоўнікаў: «Я ж сказаў, нікога не чапаць».

Ахоўнікі, відаць, пабачылі знаёмую машыну і вырашылі выслужыцца перад начальнікам. У мяне некалькі драпін на плячах і руцэ. Я выклікаў міліцыю, расказаў, як усё было. Там увесь час стаіць чалавек з камерай, які ўсё здымае. Аксана Аляксеева, якая дзяжурыла разам са мной, кажа, што акурат у той самы момант ён адвёў камеру. Яшчэ адна камера, праўда, ёсць на слупе. Калі ніводзін з гэтых запісаў не захаваўся, будзе нагода пра нешта падумаць.

Міліцыя доўга палохала мяне, што я магу быць прыцягнуты за хлуслівы данос. У мяне на той час нават не было асабліва відаць пашкоджанняў, але балела. Я з’ездзіў 31 ліпеня ў Бараўлянскую бальніцу, дык па новай кваліфікацыі гэта «цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да непрацаздольнасці». Гэта цягне на адміністрацыйную справу.

Я адзначыў, што непасрэдным сведкам усяго, што здарылася, з’яўляецца суўладальнік «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдэс. Пакуль афармляліся з міліцыяй, ён некалькі разоў выходзіў на вуліцу, я пытаўся, ці будзе ён сведкам, на што атрымліваў адказ: «Усё ёсць на камерах». Будзем спадзявацца, што сапраўды ёсць.

Тэма Курапатаў непасрэдна тычыцца маёй сям’і. Я не ведаю, дзе пахаваны мой прадзед Ціхан Клімовіч. Ведаю толькі, што дзесьці ў Гомельскай вобласці. У свой час ён быў заможным селянінам, у 1932 годзе адмовіўся ісці ў калгас. Маю прабабулю з бабуляй жа саслалі на Салавецкія выспы. Я не ведаю, дзе ляжыць мой прадзед, таму ён для мяне ляжыць у Курапатах», — расказвае Дзмітрый Кавалгін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?