Беласток — адзін з самых папулярных польскіх гарадоў у беларусаў. Асабліва ён вабіць прадпрымальнікаў і аматараў сэканоміць на пакупках. Невысокія цэны, блізкая геаграфія і супольная гісторыя — усё гэта трывала звязвае беларусаў і Беласток.

Пэўны час гэты горад быў часткай нашай краіны, і цяпер амаль 3% насельніцтва Беластока — гэта беларусы. Усяго 54 кіламетры ад польска-беларускай мяжы — і вы ўжо ў Беластоку.

Даехаць да Беластока можна рознымі спосабамі: з перасадкай у Гродне ці без. Ніжэй яны апісаныя падрабязней.

Аўтобус Мінск — Беласток (без перасадак)

Час: 7—8 гадзін
Цана: ад 30 рублёў

Мабыць, самы папулярны варыянт для тых, хто хоча даехаць да Беластока без перасадак, але не мае ўласнага аўто. Аўтобусы ходзяць ад Цэнтральнага аўтавакзала.

Вядомы нюанс міждзяржаўнага перасоўвання аўтобусамі — маруднае перасячэнне межаў. Але ў выпадку рэйсавага транспарту час знаходжання паміж дзяржавамі звычайна скарачаецца да 1—2 гадзін.

Найтаннейшыя прамыя аўтобусы (без уліку сезонных акцый і зніжак) — гэта транспарт кампаніі «Мінсктранс». Камфорт мінсктрансаўскіх аўтобусаў задавальняе не кожнага, затое за 30 рублёў і 7 гадзін без перасадак можна даехаць з Мінска да Беластока. Расклад і наяўнасць квіткоў глядзіце тут.

Сярод аўтобусаў больш высокага класу самыя папулярныя прадстаўлены кампаніяй Ecolines. Цана поўнага дарослага квіток складае 40 рублёў. Але калі будзеце карыстацца паслугамі «Экалайнс», варта папярэдне азнаёміцца з праграмай лаяльнасці кампаніі: з ёй можна ашчаджаць да 50% кошту квітка.

Таксама перавозкамі ў Беласток займаюцца кампаніі Busfor, Intercars і іншыя. Іх білеты можна купіць як у офісах, так і ў інтэрнэце.

Цягнік Мінск — Беласток (з перасадкай у Гродне)

Час: ад 6 гадзін у дарозе + час на перасадку
Цана: ад 25 рублёў

Варыянт дабрацца цягнікамі прываблівае тым, што не трэба доўга стаяць у чарзе на мяжы. Таксама цягнікі адметныя сваёй зручнасцю. Звычайна там бывае шмат месца для ног, а таксама разеткі, каб зарадзіць ноўтбук ці мабільнік.

Да Горадні з Мінска цягнікі ездзяць пяць разоў на суткі. Сядзячае месца каштуе 6 рублёў 24 капейкі. Калі вы аматар зручнейшых умоў, можаце ўзяць білет у купэ ці плацкарту. Расклад цягнікоў Мінск — Гродна можна паглядзець тут.

Падбіраць цягнік да Гродна варта з улікам таго, каб было зручна перасесці на адзіны на дзень цягнік да Беластока. Ён адпраўляецца а 15:31 з Гродна і прыбывае а 17:16 па мясцовым часе. Каштуе з тарыфнымі зборамі каля 18 рублёў.

Цягнік і аўтобус (з перасадкай у Гродне)

Час: ад 7 гадзін у дарозе + час на перасадку
Цана: ад 20 рублёў

З Гродна да Беластока курсуе шмат аўтобусаў і маршрутак. Амаль усе яны ідуць раніцай, таму, каб паехаць гэтым шляхам, найлепш дабірацца са сталіцы да Гродна начным цягніком. Каштуюць маршруткі ад 14 рублёў, але ёсць і куды даражэйшыя варыянты. Паглядзець іх можна на сайце гродзенскага аўтавакзала ці на старонках прыватных перавозчыкаў, напрыклад, Busfor, «Фаварыт» і г.д.

polsha24.com

polsha24.com

Як дабрацца ў Беласток аўтамабілем

Час: ад 5 гадзін
Цана: 30 еўра на страхоўку + паліва

Шчаслівыя ўладальнікі ўласных аўто, натуральна, могуць паехаць у Беласток сваім транспартам. Толькі хочацца папярэдзіць, каб ахвочыя ўважліва правяралі сайт Дзяржпагранкамітэта, а то заўжды ёсць імавернасць палову дня прастаяць на мяжы ў заторах. Ці не ў кожнага ёсць знаёмыя, якія могуць распавесці падобныя гісторыі.

Найбліжэйшыя памежныя пераходы для беларусаў — Брузгі (з Мінска ці Гродна) або Бераставіца (з Мінска), але на іх часта вялікія чэргі. Таму многія беларусы практыкуюць пераезд праз беларуска-літоўскі памежны пункт Прывалка, дзе няма чэргаў. Але ў апошнім выпадку давядзецца наматаць каля 70 кіламетраў зверху.

Калі едзеш за мяжу машынай, то, апроч медычнай страхоўкі, не забудзьцеся аформіць «Зялёную карту». Гэта адмысловая міжнародная страхоўка грамадзянскай адказнасці для аўтамабілістаў, якія едуць за мяжу на сваёй машыне. Каштуе такая паслуга як мінімум 30 еўра, калі афармляць яе на 15 дзён. Адпаведна, калі браць большы тэрмін, то і плаціць давядзецца больш.

BlaBlaCar Мінск — Беласток

Час: ад 5 гадзін
Цана: як пашанцуе

Сайт BlaBlaCar існуе для людзей, якія шукаюць спадарожнікаў сабе ў дарогу. Напрыклад, Васіль з Серабранкі едзе ў Беласток на сваім аўто, мае два вольныя месцы і гатовы на іх ўзяць з сабой пасажыраў. Для гэтага ён размяшчае абвестку на сайце, а ахвотныя ў той самы час накіравацца ў Польшчу знаходзяць аб'яву і звязваюцца з кіроўцам. Уласнік аўто сам выстаўляе цану, за якую гатовы перавезці спадарожніка з пункта А ў пункт Б. Можна дамовіцца і на меншую цану, калі кіроўца будзе да вас прыхільным. З цаной на BlaBlaCar угадаць немагчыма, проста сачыце за сайтам, каб не прапусціць самую выгадную прапанову.

Аўтаспын з Мінска ў Беласток

Час: ад 5 гадзін і болей
Цана: бясплатна або як пашанцуе

Для самых адчайных ці безграшовых, вядома, існуе аўтаспын. Аўтаспын да Беластока, як і да любога іншага горада, не мае ніякіх гарантый. І праходзіць выключна на страх і рызыку тых, хто «стопіць» (ды і хто спыняецца, натуральна). Магчыма, машыну атрымаецца злавіць адразу, а, можа, давядзецца прастаяць палову дня на сонцы ці дажджы. Зрэшты, звычайна аўтаспыншчыкі разумеюць на што ідуць, таму яны не схільныя наракаць на перашкоды. Бо якраз у такім баўленні часу адчуваюць кайф ад вандроўкі. Каб пачаць стопіць машыны на Беласток, вам трэба выехаць на гродзенскую трасу, якая пачынаецца адразу за Каменнай Горкай.

Карысныя рэкамендацыі

  • Перад пакупкай білетаў на цягнік ці аўтобус заўжды цікаўцеся, якія ёсць зніжкі па ўзросце, сацыяльным становішчы і гэтак далей. Самі прадаўцы іх не заўжды прапаноўваюць.
  • Удакладняйце асобна ў кожнага перавозчыка, ці прадугледжаныя па маршруце прыпынкі для афармлення Tax Free (калі будзеце браць зваротны квіток і маеце ў гэтым патрэбу).
  • Перад паездкамі ў тыя ці іншыя месцы загружайце афлайн-мапы ў дадатку MapsMe: гэта дапаможа вам не згубіцца ў новым горадзе без падлучэння да інтэрнэту.

Добрай вандроўкі вам у Беласток і прыемных пакупак!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?