05.08.2018 / 19:50

Анатоль Івашчанка. Pause. Верш 24

Суботні ранак.
Раптам —
та-дам —
званок у дзверы.
На расслабоне
іду адчыняць
(сам у халаце, жонка ў шорціках).
Гляджу ў вочка:
стаіць дзяўчо.
Вочы ў падлогу.
«Прабачце, можа,
ў вас якіясь прадукты ёсцека?»
«Зараз, — кажу, — пачакай, зірну…» 
І перад носам дзвярыма — плясь
(нейк, камандор, машынальна, ну).
Крочу на кухню.
Жонка хвалюецца
«Хто там?»
«Ды-ы, гэта… дзяўчо…»
(жонка хвалюецца два)
«Чо?..»
Хутка выходзіць і хутка вяртаецца.
(Дзверы таксама на гэтым баку.)
«Памперсаў просіць,
маці яе нарадзіла нядаўна, кажа»
Дастае макароны, нейкія крупы, кашы…
Пакуем усё па пакетах.
Моўчкі. Аператыўна ды зладжана.
Выходзім на лесвіцу.
Яна стаіць. Тая ж пастава…
Дзякуе і сыходзіць.
Цітры, уласна.
Жыццё працягваецца
(хтосьці з pause націснуў на play):
пошук аўто ды кавамашыны,
запіс старэйшай да артадонта
(брэкеты час прыспеў ставіць).
Словам, дэдлайны,
рэжым цэйтноту,
які не стрымаць, не спыніць,
тлум, мітусня, трывожнае шчасце.

Толькі дзяўчо ўсё у тамбуры
ў вочку —
ці уваччу —
стаіць…

Анатоль Івашчанка; фота Саюза беларускіх пісьменнікаў

11
Літэксперт / Ответить
05.08.2018 / 20:02
На вялікі жаль, насамрэч гэта ніякі не верш, а проста банальны празаічны расповед пра адно побытавае здарэнне ў жыцці сям'і аўтара. І толькі дзеля больш лёгкага ўспрымання чытачамі гэты "верш"  разбіты на асобныя (нібыта паэтычныя) радкі.   
1
Люстэрка / Ответить
05.08.2018 / 20:03
Добры вы чалавек, Анатоль. Калі паставіць сваё штодзённае жыцце на паўзу, то сапраўды можна заўважыць паралельны свет, у якім жывуць іншыя людзі. Якія побач з намі, але ніколі не перасякаюцца з намі. Яны таксама цэлы свет. І лепш час ад часу спыняцца і заўважаць іх, дапамагаць ім. Чым чакаць, пакуль жыццё прымусова закіне цябе ў той паралельны сусвет, каб навучыць дабрыні і спагадзе да чужых праблем.
0
фцф / Ответить
05.08.2018 / 21:08
Верш, не верш... Верыш, не верыш... Але калі шчыра, то верыш і нявершу.  
Показать все комментарии/ 24 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера