06.08.2018 / 11:02

«Чалы замахваўся на нявіннасць нашай сяброўкі» — судзяць хлопцаў, якія жорстка збілі эканаміста Чалага ФОТА абноўлена 98

Загадкавая гісторыя адбылася ўначы 19 мая. Сяргей Чалы выпіваў з сябрамі ў бары ў цэнтры Мінска ля ГУМа. Пасля ў суседнім двары кампанія невядомых збіла эканаміста, ён трапіў у бальніцу з пераломам носа і чэрапна-мазгавой траўмай.

Сам Чалы не змог патлумачыць, што стала прычынай збіцця. Адразу ўзніклі версіі, што эканаміста збілі за крытычныя артыкулы.

Але неўзабаве міліцыя агучыла сваю версію. Маўляў, Чалы з сябрамі адпусціў пару жартаў і мацюкоў у адрас парачкі, якая прайшла міма. Мужчына, які стаў аб'ектам жартаў, паклікаў сваіх сяброў і вярнуўся «разабрацца». А сам Чалы не змог распавесці нічога ўцямнага пра абставіны бойкі, бо быў добра п’яны. Таксама міліцыя паведаміла, што нападнікаў знайшлі і затрымалі. Пазней іх адпусцілі пад падпіску.

І вось 6 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся разгляд справы аб загадкавым збіцці. Падазраванымі праходзяць два жыхары Мінска.

Перад пасяджэннем «Наша Ніва» пагутарыла з самім Чалым і з тымі, хто збіваў яго. Эканаміст кажа, што ўжо стаміўся ад гэтай справы. Пакаранне абвінавачаных яго не асабліва цікавіць. Кажа, хай вырашае суд.

Абвінавачаныя па справе — двое мужчын, 32-гадовы Кірыл Доўнар і 29-гадовы Аляксандр Рублёў. Доўнар — мінчук, электраманцёр на заводзе. Рублёў родам з Салігорску, жыве ў Мінску, працуе будаўніком.

Аб збіцці Чалага яны не шкадуюць. Упэўненыя — абаранялі жанчыну і засталіся сапраўднымі мужчынамі.

«Ён пакушаўся на нявіннасць нашай сяброўкі. І мы абаранялі яе гонар, — паціскае плячыма Доўнар. — Канечне, мы мелі рацыю. Мужчына мусіць адказваць за свае словы. Калі б тое адбылося зноў, я б такім жа чынам паступіў.

Каб гэта была шараговая бойка, нікому гэта не было б цікава і шуму б не было.

Я парушыў закон, не спрачаюся, былі хуліганскія дзеянні. Але і яны [кампанія Чалага — «НН»] парушылі грамадскі парадак.

Ды і навошта пасля бегчы ў міліцыю, хавацца за чужымі плячыма? Сустрэнься, дай у твар. Калі па-мужчынску вырашаць пытанне, то па-мужчынску. А так, языком ляпаць, пасля міліцыя… Подла гэта.

Але адказваць свае словы трэба ў любым выпадку».

Кірыл Доўнар

Аляксандр Рублёў у 2014 годзе атрымаў 3 гады хіміі за бойку. Тэрмін свой адбыў.

Гэта Рублёў ішоў з жонкай і пачуў каментары ад кампаніі Чалага.

Аляксандр Рублёў

Ён таксама лічыць, што меў рацыю.

«А што шкадаваць? Я паступіў як сапраўдны мужчына, як мяне выхоўвалі. Калі гэтыя не ўмеюць сябе паводзіць і выказваюцца ў адрас пастаронніх кабет у прысутнасці іх мужа… Што ж я мог зрабіць», — кажа Рублёў.

Яго жонка ў дзень суда на працы, даваць паказанні будзе ў іншы дзень.

Паўтараць, што сказалі ў адрас яго жонкі, Рублёў не асабліва хоча. Кажа, што сорамна казаць такія словы.

«Былі выказаныя намеры інтымнага характару аднаго з кампаніі», — сфармуляваў Рублёў.

У пачатку пасяджэння пракурор агучыў версію абвінавачання. Чалы атрымаў адзін удар па галаве. Упаў, пасля яго білі яшчэ не менш за 10 разоў. Зноў па галаве.

Абвінавачаныя на судзе віну прызналі часткова. Кажуць збілі. Але не таму, што хуліганы, маўляў, былі прычыны.

Абвінавачаны Рублёў: Я праявіў мужскую свядомасць, паклапаціўся пра жонку

Рублёў падрабязна расказаў суддзі сваю версію падзей.

Па яго словах, у той вечар ён гуляў з жонкай і сябрамі. Зайшлі ў Цэнтральны, выпілі кавы. Ён выпіў бутэльку піва, пакаштаваў трохі марціні.

«Пасля [мы] пайшлі ў адзін з двароў. Трохі там пагутарылі. Калі ішлі дадому, на дарозе стаялі трое мужчынаў. Я папрасіў іх адыйсці.

Я сказаў ім: мужыкі ідзіце за вугал, бабе пассаць прыпёрла. Жонцы было няёмка, але я праявіў мужскую свядомасць, паклапаціўся пра жонку. Спадзяваўся, што як мужчыны яны зразумеюць».

У адказ Рублёў пачуў ад кампаніі Чалага смех. 

«Высветлілася пазней, што самы высокі быў Чалы. Ён сказаў, што зараз «прысуне», — сцвярджае Рублёў. — Жонка пайшла далей, я быў у шоку, пайшоў за ёй. Набраў сяброў.

Пасля слоў Чалага я падумаў, што мяне могуць збіць, а жонку згвалціць».

Трое сяброў Рублёва вярнуліся да яго. Наперадзе быў Доўнар. Рублёў пераказаў сітуацыю, і тут яны ўбачылі, як побач праходзіць Чалы з сябрам Анатолем Сакалоўскім. Апошні махнуў рукой, кажа Рублёў, выглядала як замах.

Тады Доўнар ударыў Сакалоўскага. Сам Рублёў ударыў у твар Чалага.

«Ён быў п’яны. Не магу сказаць, што ён замахваўся на мяне. Але былі нейкія рухі з яго боку… Я ўдарыў першы, каб ён не ўдарыў мяне, — патлумачыў Рублёў. — Чалы прысеў, закрыў твар рукамі.

Я ўдарыў яго нагой у вобласць твару два-тры разы.

І тут падышоў іншы мой сябар, сказаў, што трэба ісці. Мы сышлі».

Затым Рублёў прачытаў пра збіццё Чалага ў навінах. Яны з Доўнарам вырашылі самі прыйсці ў міліцыю. 

«У чым вы не прызнаеце віну?» — пацікавілася ў абвінавачанага суддзя Таццяна Акавітая.

«Каб Чалы нічога не казаў у бок жонкі, каб Сакалоўскі не ішоў у бок Доўнара, размахваючы рукамі, то нічога б не здарылася», — паспрабаваў патлумачыць Аляксандр Рублёў.

«Усё гэта неістотная прычына для нанясення цяжкіх цялесных пашкоджаннняў», — адзначыла суддзя.

«Для мяне гэта істотныя прычыны», — паціснуў плячыма Рублёў.

Затым ён папрасіў прабачэння ў Чалага.

«Выбачаюся і шкадую, што нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні», — сказаў Рублёў.

Другі абвінавачаны Доўнар: Я не выклікаў міліцыю, бо інакш выхоўваўся

Другі абвінавачаны, Кірыл Доўнар, прызнаўся, што выпіў трохі піва ў той вечар.

Ён паўтарыў гісторыю, якую распавёў Рублёў: пайшлі ў двары, пасля збіраліся дадому. Калі выходзіў з двара, яму пазваніў Аляксандр Рублёў, паведаміў, што трое мужыкоў дамагаюцца да яго і жонкі. Доўнар падыйшоў. Затым — бойка.

«Сакалоўскі ішоў у мой бок, размахваў рукамі, — сказаў Доўнар. — Я ўдарыў яго чатыры разы, ён упаў на бок».

«Чаму адразу не забралі Рублёва і жонку і не сыйшлі? Замест высвятлення пытанняў і бойкі?», — спытала суддзя.

«Не магу адказаць, мной кіравалі эмоцыі», — адказаў Доўнар.

«Чаму не выклікалі міліцыю?»

«Не прынята так. Я інакш выхоўваўся», — сказаў Доўнар.

Абвінавачаны паведаміў, што Чаламу перадалі ў якасці кампенсацыі 245 рублёў.

Па словах Кірыла Доўнара, з Сакалоўскім яны засталіся пасля бойкі ў нармальных адносінах. Нібыта Сакалоўскі нават распавёў яму, што з кампаніяй Чалага не ўпершыню адбылася такая гісторыя.

Доўнар таксама папрасіў на судзе прабачэння ў Сяргея Чалага. Паведаміў, што раскайваецца і шкадуе пра свой учынак. Але адзначыў, што кампанія «апанентаў» была моцна п’яная.

«У мяне ёсць інфармацыя, што яны (Чалы і яго сябры — «НН») прыйшлі ў сябе і думалі, што, можа, паміж сабою пабіліся», — сказаў Доўнар.

Міліцыянт: Уцямна апісаць нападнікаў пацярпелыя не змаглі

Пасля перапынку выслухалі сведку. Гэта быў міліцыянт, які прыбыў па выкліку пацярпелых у тую ноч. Ён узгадаў, што Чалы з сябрамі сапраўды былі відавочна п’яныя. Уцямна апісаць нападнікаў пацярпелыя не змаглі. Твары пацярпелых былі ў крыві. Міліцыянт прапанаваў выклікаць хуткую, але Чалы з Сакалоўскім адмовіліся.

Чалы: Я не надта памятаю…

Пасля даў паказанні сам Сяргей Чалы. Па яго словах, з рознымі сябрамі ён выпіваў цягам вечара.

«Агулам я выпіў 10 бакалаў піва», — узгадаў Чалы.

Ён з кампаніяй быў ва ўніверсаме «Цэнтральны». Туды і пад’ехаў яго сябар Анатоль Сакалоўскі. Пасля разам яны завіталі ў невялікую кавярню «Курыца Памада». Туды падышоў фатограф Аляксандр Васюковіч. Сябры выпілі піва. Пасля кавярня закрылася. Каб дапіць піва, якое засталося, кампанія пайшла ў двор побач. Стаялі, гутарылі. Пасля адбылася бойка. Падрабязнасцяў здарэння Сяргей Чалы ўзгадаць не змог.

«Я не надта памятаю. Але прайшоў чалавек, сказаў штосьці тыпу «валіце з нашага двара». Я адказаў штосьці кшталту «зараз дап’ем і пойдзем», — распавёў сваю версію Чалы.

Ён запэўніў, што паводзіў сябе спакойна. Дзяўчыну з мужчынам ён не бачыў.

Чалы прызнаў, што тады не запомніў мужчыну, і апазнаць Рублёва як нападніка не змог. Нават сёння ўпэўнена сказаць, што яго біў менавіта Рублёў, Чалы не змог.

«Што было пасля таго, як прайшоў мужчына?», — спытаў пракурор.

«Пасля мы вырашылі паціху сыходзіць…»

«Што было далей, што вы памятаеце?», — спытала суддзя Акавітая.

«Былі людзі, якія беглі. З боку аркі».

«Колькі людзей?»

«Складана сказаць. Некалькі», — адказаў Чалы.

Па яго словах, затым быў удар яму ў скроню. Ён пачаў закрываць галаву рукамі. Што было далей — не памятае.

Трохі пазней Чалы прыйшоў у сябе. Прыехала міліцыя, яго пасадзілі ў машыну, трохі паездзілі па раёне, шукаючы нападнікаў. Як ужо вядома, не знайшлі.

Таксама Сяргей Чалы паведаміў на пасяджэнні, што хоча спагнаць з абвінавачаных 5000 рублёў — кампенсацыю за маральную шкоду. Маўляў, ён доўга лячыўся ды і працаваць не мог — бо ён вядучы, а здымацца з разбітым тварам немагчыма.

Сакалоўскі: Не памятаю падзеі не праз алкаголь, а праз шок

Наступным выслухалі Анатоля Сакалоўскага, другога пацярпелага. Ён прызнаў, што таксама выпіў піва тым вечарам («бакалы тры-чатыры»). Але, запэўніў, не надта добра памятае падзеі вечара праз шок ад збіцця, а не праз алкаголь.

У двары перад бойкай нейкі мужчына папрасіў кампанію сысці, аднак мужчыну ніхто нічога не адказаў, той прайшоў міма. Праз хвілін пяць яны з Чалым і Васюковічам гатовыя былі сыходзіць, але раптам Сакалоўскі адчуў удар са спіны. Ён упаў, яго ўдарылі яшчэ пару разоў у твар.

Як збівалі Чалага, Сакалоўскі не бачыў. За што іх б’юць, не разумеў.

Пасля таго, як высветлілі асобы Рублёва і Доўнара як нападнікаў, яны перадалі Сакалоўскаму грошы за забруджаную падчас бойкі кашулю. Сам ён ацаніў тую шкоду на 5 рублёў.

А на пасяджэнні Анатоль Сакалоўскі папрасіў кампенсаваць яму яшчэ і маральную шкоду. Ён папрасіў спагнаць з Рублёва і Доўнара 500 рублёў.

Дзяўчына, з-за якой усё і пачалося: Абразлівая фраза — нагода для збіцця

Затым ўзгадала падзеі майскага вечара яшчэ адна сведка — Марыя Рублёва, жонка абвінавачанага. Яна ўсё ж змагла прыехаць на пасяджэнне.

У той вечар муж і яго кампанія трохі выпілі, але былі ў адэкватным стане, запэўніла дзяўчына.

«Пасля Цэнтральнага пайшлі ў дворык. Там пабылі. Можа хто з кампаніі выпіваў, не звяртала ўвагі.

Калі мы ўжо збіраліся ісці дадому, мне вельмі захацелася ў прыбіральню. Я паклікала мужа, мы падышлі да трансфарматарнай будцы. Там стаяла кампанія», — распавяла Марыя Рублёва.

Яна прызнала, што не чула, ці прасіў муж кампанію адыйсці. Але, сцвярджае, што пачула ад незнаёмцаў фразу: «Я б ёй «прысунуў». Яна не стала спыняцца, прайшла далей, зрабіла свае справы. Калі вярталася, да яе падышоў муж з сябрам, разам сышлі. Бойкі яна нібыта не чула і не бачыла.

Марыя Рублёва ўпэўненая, што абразлівую фразу кінуў менавіта Сяргей Чалы. І яна мяркуе, што сказана тое было не ў ходзе гутаркі яго з сябрамі, а менавіта ў яе адрас.

«Пагрозу згвалтавання вы адчувалі ў той момант?» — пацікавілася суддзя.

«Напэўна, не», — прызнала Рублёва.

Але калі фраза з боку Чалага і была, ці нагода тое, для яго збіцця? «Маё прыватнае меркаванне — так», - паведаміла Рублёва. Але адзначыла, што з боку закона гэта і няправільна.

У суддзі ўзніклі пытанні, чаму ў першапачатковых паказаннях, якія Рублёва давала міліцыі, яна не ўзгадвала пра фразу, сказаную Чалым. Тая растлумачыла так: ніхто не чакаў, што справа дойдзе да суда, а ўзгадваць брудныя словы ў свой адрас ёй было непрыемна.

Працэс па справе працягнецца 8 жніўня.

Улад Швядовіч

4
Mihal / Адказаць
06.08.2018 / 10:44
Злачынства стагоддзя!

10
Илья / Адказаць
06.08.2018 / 10:45
Какие отвратительные рожи!
95
жыць в радасци и шчасци / Адказаць
06.08.2018 / 10:47
Видно, Чалый в подпитии и свои аканамичаские статьи пишет, объясняя на двух пальцах (один из них средний), что надо аканамически делаць, штоб жыць у радасци и шчасци. А ваапшчэ чем Чалый не занимался за свою жизнь - пусть расскажет пацанам и всем нам на суде.
Паказаць усе каментары/ 98 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру