12 лістапада прэм’ер‑міністар Беларусі Сяргей Сідорскі па запрашэньню латвійскага боку наведае Рыгу. Кіраўнік ураду разам з сваім латыскім калегам Іварсам Годманісам прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця выставы «Беларусь‑ЭКСПА 2008», паведамляе прэс‑служба Савету міністраў.
Таксама ў рамках візыту заплянаваны перамовы прэм’ер‑міністраў у фармаце тэт‑а‑тэт і ў пашыраным складзе, падпісаньне шэрагу пагадненьняў, а таксама сустрэча зь дзелавымі коламі Беларусі і Латвіі.
Нагадаем, што гэта ўжо другая падобная сустрэча Сідорскага цягам году. 11 ліпеня ў будынку латвійскай пагранаховы на КПП «Урбаны — Сілене» ён ужо праводзіў перамовы з прэм’ер‑міністрам Латвіі.
А ў пачатку верасьня ў Друскінінкаі кіраўнік беларускага ўраду меў сустрэчу зь літоўскім калегам Гедымінасам Кіркіласам.