Публіцыст, гісторык, аўтар расійскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum Юрый Паўлавец на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў, што звярнуўся ў міліцыю з заявай на іншых прарасійскіх публіцыстаў Пятра Пятроўскага і Аляксея Дзермана. Калі справа «Рэгнума» толькі набірала абароты, то Пятроўскі і Дзерман часта выступалі экспертамі па ёй у дзяржаўных СМІ. І як мяркуе Паўлавец, паклёпнічалі на яго.

Юрый Паўлавец. Фота Сяргея Гудзіліна.

Юрый Паўлавец. Фота Сяргея Гудзіліна.

«Ясная справа, што ў завядзенні справы мне было адмоўлена, але тое, што неслі гэтыя два таварышы, замілоўвае. Больш за тое, скажу, што іх адказ цяпер даў дадатковыя магчымасці выкрыць іх у хлусні і паклёпе і працягнуць пачатае», — напісаў Паўлавец.

«Выказванні Пятроўскага П.С. былі выключна экспертнымі і навуковымі, тэрмін «вялікадзяржаўны шавініст» азначае грэблівыя адносіны прадстаўніка адной нацыі да прадстаўнікоў іншай, і гэты тэрмін быў замацаваны ў гуманітарнай навуцы яшчэ за часамі СССР. Тэрмін «беларусафоб» азначае негатыўныя, грэблівыя адносіны да Беларусі, беларускай мовы, культуры, ідэнтычнасці. Тэрмін «белагвардзеец» у гэтым кантэксце азначае тое, што белагвардзейцы ў час грамадзянскай вайны адмаўляліся прызнаць суверэнітэт беларусаў», — такая цытата падаецца з тлумачэнняў Пятра Пятроўскага.

Фота з фэйсбука Юрыя Паўлаўца.

Фота з фэйсбука Юрыя Паўлаўца.

Аляксей Дзерман таксама растлумачыў, што ў публікацыях Паўлаўца ўтрымлівалася інфармацыя, якая была «накіраваная на распальванне міжнацыянальнай варажнечы паміж рускімі і беларускамі, а таксама грэблівае стаўленне да беларускай культуры, мовы, гістарычных каштоўнасцяў».

Юрый Паўлавец разам з Дзмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыптэнкам быў асуджаны да 5 гадоў з адтэрміноўкай за дзеянні, накіраваныя да распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Да затрымання Юрый Паўлавец працаваў выкладчыкам у БДУІРы.

Аляксей Дзерман і Пятро Пятроўскі — публіцысты, якія пішуць на радыкальна-прарасійскія сайты «Імхаклуб» і «Еўразія. Эксперт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?