У адной з вайсковых частак Баранавіцкага гарнізона быў выяўлены факт незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі і боепрыпасаў з боку вайскоўцаў. Распачатая крымінальная справа, усе фігуранты затрыманыя.

Падрабязнасці таго, што адбылося, TUT.by распавяла маці аднаго з падазраваных - 24-гадовага прапаршчыка Дзмітрыя К.

Да затрымання Зміцер праходзіў службу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах. Хлопец родам з Кобрына. Пасля тэрміновай службы застаўся ва Узброеных сілах працаваць па кантракце. Дзмітрый жыў у службовай кватэры ў Баранавічах.

Маці затрыманага Ларыса Сцяпанаўна сказала, што яе сына выстаўленае абвінавачанне ў крадзяжы агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў, учыненым з мэтай збыту, альбо паўторна, альбо групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. Санкцыя адпаведнага артыкула прадугледжвае ад пяці да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Па словах Ларысы Сцяпанаўны, Дзмітрый жыў сціпла, лішніх грошай у яго не было:

- Я як разумею: калі чалавек гандлюе зброяй, у яго ёсць грошы. У Дзімы не было нічога: кватэра дзяржаўная, мэбля набытая мною ў крэдыт. Ён як засяліўся, дык я ўзяла крэдыт і ўсю мэблю яму паставіла. З гэтым крэдытам да гэтага часу разлічваюся.

У Баранавічах у яго былі крэдыты. І з імі я яму дапамагала. У яго ні машыны не было, ні рахунку ў банку, нічога не было. Адныя крэдыты. Я працавала на дзвюх працах, каб дапамагаць сыну з крэдытам.

Пра тое, што яе сына затрымалі, Ларыса Сцяпанаўна даведалася, калі да яе прыйшлі з ператрусам.

- У Дзімы тэлефон маўчаў цэлы тыдзень. Хоць раней мы ўвесь час з ім стэлефаноўваліся. Калі яму хоць на дзень трэба было адключыць тэлефон, ён мне тэлефанаваў і папярэджваў. Я пачала шукаць знаёмых, каб да яго на кватэру паехалі і даведаліся. А на пяты дзень да мяне на кватэру прыехалі з ператрусам - і тады я даведалася. Яго арыштавалі, а мяне нават у вядомасць ніхто не паставіў, - сцвярджае жанчына.

Сваякі Дзмітрыя таксама не могуць паверыць у яго дачыненне да гэтай справы: «Калі б ён прадаваў зброю, у яго былі б грошы, а ў яго, наадварот, была куча крэдытаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0