Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што злачынства, выстаўленае Сьледчым камітэтам, не адносіцца да тых, якія маюць сур’ёзную грамадзкую небясьпеку. Ператрусы і затрыманьні журналістаў сьледчымі органамі «ў гэтым выпадку незразумелыя», піша радыё «Свабода».

«Гэта тое самае, што расстрэльваць за праезд без квітка ў грамадзкім транспарце, — сказаў Андрэй Бастунец. — Я лічу, што гэты артыкул нават фармальна не дае падстаў для такіх дзеяньняў, якія могуць прыводзіць і да затрыманьняў, і да зрыву працы незалежных СМІ. Праўленьне БАЖ лічыць гэта ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў і ў свабоду СМІ».

Паводле Андрэя Бастунца, у паведамленьні Сьледчага камітэту гаворыцца пра тое, што службовыя асобы маюць дачыненьне да супрацьпраўнай дзейнасьці «без усялякіх прэзумцый невінаватасьці».

Старшыня БАЖ ня лічыць, што названы Сьледчым камітэтам крымінальны артыкул мае дачыненьне да таго, што адбываецца.

«Цяжка ўявіць такія дзеяньні дзяржавы, калі б заяўнікам выступіў БелаПАН, напрыклад. Празьмернасьць дзеяньняў сілавых структур — вось што найперш зьвяртае на сябе ўвагу і ставіць пад пытаньне тую вэрсію, якую нам сёньня агучваюць, вэрсію ўзьнікненьня гэтага канфлікту. Гэта ўсё ж не прычына, а толькі нагода для таго, каб рабіць тое, што сёньня робіцца», — сказаў старшыня БАЖ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?