Мітынг супраць павышэння пенсійнага ўзросту ў Саратаве. Фота svoboda.org

Мітынг супраць павышэння пенсійнага ўзросту ў Саратаве. Фота svoboda.org

Цэнтарвыбаркам Расеі на пасяджэньні 8 жніўня дазволіў правесьці рэфэрэндум па пэнсійнай рэформе ў Расеі (упершыню за 25 гадоў) і прызнаў, што тры пытаньні аб павышэньні пэнсійнага ўзросту, якія ініцыятыўныя групы ўжо прапанавалі вынесьці на галасаваньні, адпавядаюць заканадаўству, піша радыё «Свабода».

Першым было ўхваленае пытаньне ад маскоўскай ініцыятыўнай групы, якую ўзначальвае кандыдат у мэры Масквы ад «Справядлівай Расеі» Ільля Сьвірыдаў. Яно гучыць так: «Вы за тое, каб узрост, устаноўлены заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі аб пэнсійным забесьпячэньні па стане на 1 ліпеня 2018 года, па дасягненьні якога ўзьнікае права на прызначэньне пэнсіі па старасьці, не мяняўся?»

Другая аналягічная па сэнсе фармулёўка была прапанавана аддзяленьнем КПРФ Алтайскага краю, трэцяя — Усерасейскім саюзам грамадзкіх арганізацый па працы са шматдзетнымі сем’ямі Маскоўскай вобласьці.

Цяпер ініцыятыўныя групы павінны зарэгістраваць падгрупы ня менш як у 42 рэгіёнах і сабраць 2 мільёны подпісаў у падтрымку рэфэрэндуму. Права правесьці рэфэрэндум атрымае тая ініцыятыўная група, якая зробіць гэта першай.

У сярэдзіне ліпеня Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла ў першым чытаньні ўрадавы законапраект аб паступовым павышэньні пэнсійнага ўзросту да 65 гадоў для мужчын і да 63 гадоў для жанчын. Пэнсійная рэформа ўжо выклікалі акцыі пратэсту ў дзясятках гарадоў Расеі.

Апошні раз усерасейскі рэфэрэндум праводзіўся ў 1993 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0