9 жніўня працягнуўся працэс па справе аб смерці радавога Алякснадра Коржыча. На гэтым пасяджэнні паказанні далі абвінавачаныя — трое сяржантаў, якія здзекаваліся з Коржыча і іншых салдат. Агулам па справе праходзяць пацярпелымі каля 3 дзясяткаў салдат.

Сяржанты Ягор Скуратовіч, Антон Вяжэвіч і Яўген Бараноўскі ўжо выслухалі абвінавачванне.

Пракурор Юры Шарснёў распавёў на мінулым пасяджэнні, як сяржанты паводзілі сябе ў войску. Яны адбіралі ў «маладых» грошы і ежу, білі салдат, прымушалі аблізваць ёршыкі для ўнітаза, чысціць боты рукамі, запэцканымі ваксай, кідалі ў салдат рыдлёўкамі…

Але на пасяджэнні сяржанты адмовіліся ад паказанняў. Кожны з іх паведаміў, што будзе гаварыць толькі пасля таго, як выслухаюць пацярпелых.

Першай выслухалі маці загінулага Аляксандра Коржыча, Святлану.

«Нармальны хлопец, хацеў служыць», — узгадвае сына жанчына.

«Я ведала, што нашаму войску трэба дапамагаць пастаянна. Адпраўляла 50 рублёў кожны тыдзень. Саша казаў, што гэта грошы на экскурсіі, булачкі, усякае такое, — расказвае Святлана Коржыч. — Але ў войску была арганізаваная крымінальная групоўка. Чаму ж я не бачу тут у судзе вышэйшага афіцэрскага складу?»

Самым неадэкватны быў Бараноўскі, расказваў маці Коржыч.

У верасні мама ўжо заплаціла 100 рублёў: «Думаю, лепш заплачу, каб яго не чапалі, не тэрарызавалі».

Банкаўская картка Коржыча была ў прапаршчыка. Хлопец пайшоў яе забіраць і праз пару дзён трапіў у медроту — казаў маці, што прастыў. Пасля трапіў ізноў — скардзіўся на сэрца.

Пасля гэтага маці Коржыча пазваніў сяржант Бараноўскі.

«Ён мне кажа: «Я званю ў вас спытаць, ці расказвае Саша штосьці пра службу». А што, пытаюся.

«Нічога. Проста хачу спытаць, ваш сын сімулянт ці не?» — узгадвае Святлана Коржыч словы Бараноўскага.

Пасля Бараноўскі папрасіў Святлану выслаць яму гісторыю хваробы сына. Маўляў, у войску базы дадзеных няма. Тая сказала, што трэба разбірацца са шпіталём, Бараноўскі паклаў слухаўку.

Пасля Коржыча вазілі па псіхіятрах, узгадала маці. Чаму — яна не ведае. Затым перавялі ў медчастку.

Калі ў Коржыча забалеў зуб, маці пацікавілася, ці вылечаць яму яго.

«Мама, ты такая наіўная. У медроце зубы толькі выбіваюць», — адказаў ёй сын.

«Засталося, мама, пратрымацца 2 тыдні. Нейкае дзіўнае да мяне стаўленне, не разумею, хто і чаго хоча», — казаў маці Аляксандр у апошнюю іх размову.

Святлана Коржыч упэўненая: яе сына забілі сяржанты пасля здзекаў. У суіцыд яна не верыць. Яна сцвярджае, што Аляксандр выратаваў свайго земляка, які хацеў павесіцца.

«Выцягнуў хлопца з пятлі, вісельніка, а пасля пайшоў за ім? Не мог ён так зрабіць», — запэўнівае Святлана Коржыч.

Але сын нічога асаблівага не расказваў маці. Калі яна завітала да яго на Дзень Незалежнасці, Саша папрасіў маці больш не прыязджаць, а толькі высылаць грошы.

«Падрабязнасцяў ніякіх я не ведала. Саша казаў: я тут сам буду разбірацца, — узгадвае Святлана Коржыч. — Я спытала ў сына, куды ж сыходзяць грошы. Саша адказаў, што прапаршчык у яго пазычыў, нібыта каб камуналку аплаціць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?