10.08.2018 / 10:39

Бязбацькавічы: гіганцкая праблема сучаснай Беларусі 61

Піша старшыня Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.

«Байструк! Байструк!» — крычалі два з выгляду сямігадовыя хлопчыкі на трэцяга, прыкладна такога ж узросту. Ён ледзь не плакаў, імкнучыся іх дагнаць. А ўжо недзе праз секунд пяць яны забеглі за вугал Брэсцкага чыгуначнага вакзала, што я нават не паспеў ім патлумачыць, што так рабіць нельга. З пачуцця віны, што я не здолеў хутка зрэагаваць, і паўстаў гэты артыкул.

Фота Сяргея Гудзіліна. 

Насамрэч гэтыя хлопцы паднялі ў асабістай абразе тэму, пра якую ў Беларусі публічна кажа, здаецца, ніхто. Каля 300 тысяч беларускіх дзяцей жывуць без бацькі — гэта прыкладна шостая частка ўсіх беларускіх дзяцей, паводле звестак Белстата.

Безбацькоўства стала такой нормай, што медыя ніколі пра гэта не пішуць. Складана сабе ўявіць, што «Наша Ніва» (ці «Наша Ніна») напіша артыкул з загалоўкам «Маці-гераіня сама гадуе дваіх маленькіх дзетак». Усе разумеюць, што, магчыма, гэта і гераізм, але ён не ўнікальны — такіх маці (без мужа ў сям’і) больш за сотню тысяч у адной Беларусі. Адзін мой сябар няўдала пажартаваў, што ў беларускім Tinder самотныя маладыя маці — гэта настолькі вялікая група карыстальнікаў, што для іх можна ствараць нават асобны Tinder.

Казаць пра безбацькоўства — гэта як капацца ў бруднай бялізне сямейных праблемаў сваіх сяброў / знаёмых / начальнікаў / вядомых людзей, і іх сапраўды шмат. Урэшце, у Беларусі без бацькі вырас нават кіраўнік краіны. 

Не найлепшае дзяцінства

Адсутнасць бацькі прыводзіць не толькі да таго, што іншыя дзеці цябе могуць назваць «байструком». Ёсць куды горшыя наступствы. Дзеці ў няпоўных сем’ях часцей жывуць у беднасці. Тут не трэба быць асаблівым матэматыкам, каб узяць медыянны жаночы заробак, адняць розныя абавязковыя плацяжы і падзяліць яго прынамсі на дзве асобы (жанчыну-маці і дзіця). У выніку гэтага ўраўнення атрымаецца беднасць ці стан блізкі да яе.

Паводле Даследчага цэнтра ІПМ, кожная пятая няпоўная сям’я знаходзіцца за рысай беднасці — у поўных сем’ях гэты паказнік у два разы лепшы.

Дзеці ў няпоўных сем’ях маюць большыя псіхалагічныя праблемы, чым дзеці, якія растуць з бацькам і маці. У Беларусі не было адмысловых аналізаў, але заходнія даследаванні даводзяць, што дзеці, якія растуць толькі з маці, часцей злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі, больш агрэсіўныя, часцей ідуць на суіцыды, чым дзеці ў поўных сем’ях.

Гэта, канешне, не азначае, што дзеці ў поўных сем’ях — з раю, а ў няпоўных — з пекла, але адсутнасць бацькі можа адбіцца ледзь не на ўсім жыцці. Даследаванні паказваюць, што існуе ўзаемазалежнасць паміж адсутнасцю бацькі і ранейшым пачаткам сэксуальнай актыўнасцізаўчаснай цяжарнасці), і горшымі вынікамі ў вучобе. (Я вышэй даю шмат спасылак на амерыканскія даследаванні, бо беларускіх проста няма, але ўсе яны, па сутнасці, паказальныя і для Беларусі.)

Самы яскравы прыклад дэградацыі сем’яў — гэта дзіцячая злачыннасць. Дзеці, якія звычайна трапляюць у бабруйскую калонію (яна цяпер адзіная, дзе сядзяць дзеці), часта паходзяць з тых сем’яў, якія ў прынцыпе складана назваць сем’ямі. Бацькі не наведваюць сваіх дзяцей ды і «некаторыя з гэтых дзяцей бачылі белыя прасціны толькі на зоне. І ў калоніі ім выдатна, бо кормяць добра».

Сітуацыя без выйсця

Магчыма, ёсць адна рацыянальная прычына, чаму бацькоўства не абмяркоўваецца публічна, — проста гэтая праблема не мае лёгкага вырашэння і наагул не мае вырашэння на макраўзроўні. Не можа ж дзяржава забараніць некаму разводзіцца ці быць ідэальным бацькам. Хутчэй, улады маглі б рабіць тое, што яны ліха, але неяк умеюць — ствараць прапаганду, якая б падтрымлівала ідэю бацькоўства.

Але, па вялікім рахунку, бацькоўства застаецца на плячах грамадства, яго нормаў і тых, хто іх стварае: медыя, людзей, цэркваў — каго заўгодна. Я ніколі не думаў, што буду завяршаць тэксты так міла, але трэба быць проста добрымі бацькамі.

Рыгор Астапеня, фота Сяргея Гудзіліна

2
Inav / Адказаць
10.08.2018 / 10:59
Адзін вядомы хлочык расце без маці. Таксама кепска.
2
рысь / Адказаць
10.08.2018 / 11:02
Слова "бауструк" (як абраза) выкарыстоўваецца (у прстсмоўнай  непрыгожай практыцы) толькі на адрас дзяцей, што нарадзіліся па-за шлюбам, хіба не? ткіх дзяцей няшмат, меней, чым тых, чые бацькі былі ў шлюбе і  разьвяліся.
Так што большасьць беларускіх бязбацькавічаў -- зусім не байструкі.
3
Віктар Малочка / Адказаць
10.08.2018 / 11:42
Я -1960 года нараджэння.Рос у  вёсцы. Вакол мяне раслі такія ж хлопцы і дзяўчаты (прыкладна,такога ж узросту). Але быў адзін хлапец,якога маці нарадзіла без мужа і нам, нашыя бацькі,забаранялі з ім сябраваць, бо байструк! (Але,наколькі памятаю,здаецца мы яго не абражалі).
Паказаць усе каментары/ 61 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру