13.08.2018 / 12:16

Рыгор Астапеня. У чым галоўная праблема Беларусі 29

Піша кіраўнік Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня.

Адзін мой сябар не можа знайсці ў сваю фірму дастаткова прыбіральшчыц/каў, прапаноўваючы штомесячны заробак у $700. Другі мой сябар шукаў маркетолага на завод, і яму пасля доўгіх пошукаў прапанавалі пашукаць адмыслоўца ў Расіі. Беларускія бізнесоўцы ў прынцыпе даволі часта кажуць, што працоўныя кадры не адпавядаюць іх патрабаванням, паводле апытання Даследчага цэнтра ІПМ.

Процьма маіх знаёмых не хоча вяртацца з замежжа ў Беларусь, бо баяцца, што іх, як маладых і амбітных, будуць прысыпаць пясочкам старэйшыя, больш пасіўныя і больш праўладныя калегі. Шмат маіх знаёмых марыць сысці (і часта сыходзіць) са сваіх пасад, бо яны не маюць магчымасцяў (ці матывацыі) рабіць сваю работу найлепш.

Гэтая праблема не толькі сістэмы ўлады (якая ўсё ж мае вялікую віну) — тое самое датычыць EPAM Systems, «Нашай Нівы», «Гомсельмаша» ці Салігорскага райвыканкама. Калі «Крумкачы» сутыкнуліся з фінансавымі праблемамі, то многія функцыянеры са сферы спорту зласловілі, маўляў, «навошта нам гэтыя бамжы ў вышэйшай лізе?» Наша галоўная праблема ў тым, што Беларусь — краіна змарнаваных талентаў, без розніцы, хто ў гэтым вінаваты: алкагалізм, лянота, дзяржава ці нейкі начальнік.

Беларускі рэсурс

Кіраўнік Gallup Джын Клінтан у сваёй апошняй кнізе прадказвае блізкую сусветную вайну за працоўныя месцы. На глабальным рынку працы будуць хутка перамяшчацца праз межы ў пошуках адпаведных для іх працаўнікоў. Калі ў краіне няма патрэбных талентаў, то і адпаведных працоўных месцаў не будзе, бо кваліфікаваных людзей можна заўсёды яшчэ недзе пашукаць.

Канешне, можна адшукаць нейкую замену таленавітым супрацоўнікам — падаткавыя льготы для прадпрыемстваў ці параўнальна нізкія заробкі супрацоўнікам. Але мы не можам, на жаль, зрабіць Парк высокіх тэхналогій з усёй краіны. Ранейшыя ж схемы па здабычы льготных энергарэсурсаў з Крамля страчваюць актуальнасць. Таму Беларусі трэба шукаць уласны энергарэсурс, які мы так доўга марнавалі.

Пры гэтым таленты трэба гадаваць гэтак, каб яны заставаліся ў Беларусі, хоць многія краіны імкнуцца гэтыя таленты перацягнуць да сябе. Гаворка не толькі пра Злучаныя Штаты, дзе мігранты з’яўляюцца адным з матораў эканомікі, але нават пра Іспанію, якая гатовая штампаваць візы ледзь ці не ўсім людзям, якія маюць бізнес-план. У ідэале мы таксама маем прыцягваць замежныя таленты, але давайце заставацца рэалістамі.

Патрэбныя навыкі замест канкрэтных ведаў

Кароткі блог — гэта, бадай, не самае добрае месца, каб сказаць, што Беларусі трэба рабіць з тым, што я вышэй паспеў назваць галоўнай нашай праблемай. Але вось тры найважнейшыя моманты.

Па-першае, універсітэты мусяць пачаць прыярытызаваць канкрэтныя навыкі (як менеджмент ці праграмаванне), а не веды (макраэканоміку ці матэматычную тэорыю). Значэнне ведаў наагул не варта пераацэньваць — кожны з нас ведае шмат ці няшмат разумных і абазнаных людзей, але не ўсе з іх з’яўляюцца рухавікамі ў сваёй сферы. Сэнс не ў тым, колькі знаходзіцца ў галаве чалавека, а ў тым, што ён можа здзейсніць з гэтай галавой. (Мой сябра, які шукае ў Мінску клінераў на $700 у месяц, свае пяць гадоў ва ўніверсітэце не дасядзеў.)

Кожны прадмет ва ўніверсітэце ці прафтэхвучэльні павінен быць скіраваны на тое, каб адтачыць нейкі навык, а не змусіць прачытаць Х кніг (без іх вы ўсё адно не абыдзецеся). У «Каледжы для Амерыкі», які акурат мае такі падыход, каб атрымаць дыплом бакалаўра, трэба выканаць 20 мэтаў («палепшыць арганізацыйную эфектыўнасць» ці «выкарыстаць матэматыку для вырашэння праблем»). Сэнс у тым, што добрая частка гэтых навыкаў патрэбная ледзь ці не на ўсіх працоўных месцах, якія сёння ёсць у свеце.

Досыць натуральна, што беларуская адукацыя таксама мусіць перастаць вучыць прафанацыі ў выглядзе непатрэбных заняткаў па працоўным навучанні ці іспытаў, якія насамрэч многія здаюць без высілкаў.

Па-другое, працэс культывацыі талентаў павінен быць як мага больш шырокім. Стратэгія раскрыцця талентаў вымагае супольных высілкаў дзяржаўных органаў, універсітэтаў, прыватных працадаўцаў, экспертаў, філантропаў, грамадзянскай супольнасці, органаў мясцовага кіравання і г.д. Таленты варта шукаць не толькі сярод беларусаў (абодвух палоў), але і за межамі Беларусі, калі нам гэта трэба.

Самы банальны прыклад — гэта дыялог паміж працадаўцамі і ўніверсітэтамі, як гэта ёсць у сферы ІТ. Але ці ёсць падобны дыялог у сферах юрыдычнай ці эканамічнай адукацыі? Гэткія дыскусіі мусяць пашырацца і ў іншых сферах, і варта павялічваць колькасць удзельнікаў-стэйкхолдараў, каб разам абмяркоўваць, якія таленты сёння патрэбныя Беларусі і як іх можна адкрываць унутры Беларусі ці шукаць па-за межамі. Гэта не настолькі касмічна, як можа падавацца.

У Аўстраліі даходзіць да таго, што Дэпартамент працы і малога бізнэсу (Мінпрацы «па-наску») штогод публікуе дадзеныя аб колькасці патрэбных адмыслоўцаў у розных галінах, і паводле гэтага даклада Аўстралія выдае замежнікам пасведчанні на права жыхарства.

Па-трэцяе, усе падобныя пачынанні складана ажыццявіць без дастатковай колькасці свабоды. Гаворка ж не толькі пра палітычныя свабоды, але проста пра магчымасць дзеяння — бо насамрэч выкладчыкі беларускіх універсітэтаў могуць ненавідзець Мінадукацыі за нікому не патрэбныя паперкі нават больш, чым чытачы «Хартыі-97». Проста талент складана гадаваць у краіне, дзе за нейкі пароль ад БелТА рэдактары едуць у ІЧУ. Але ўрэшце, шмат можна рабіць і без дзяржавы.

Рыгор Астапеня

10
Pich / Адказаць
13.08.2018 / 12:39
Зусім не разумею пра Што гэтая пісаніна. Напішыце Хто небудзь якая адукацыя маецца у гэтага аўтара.
1
Сергей / Адказаць
13.08.2018 / 12:44
Представляю как сейчас обрываются телефоны, народ требует адрес где можно устроится уборщиком за 700 баксов. Я и сам бы даже бросил свой Гомель и переехал куда надо. Но я то знаю что это полная чушь. Трепло. На самом деле у меня был период без работы и я высококвалифицированный электроник готов был пойти на любую работу. Но после долгих поисков плюнул и открыл ип. Пусть и не большие деньги но никто не полощет мозг. Требования предъявляют фантастические а зарплаты предлагают смешные. Прежде чем писать, подумали бы, люди и за меньшие деньги едут за границу ишачить на тяжелых работах. А по поводу перестройки образования полностью согласен.
0
www / Адказаць
13.08.2018 / 12:47
"Але ўрэшце, шмат можна рабіць і без дзяржавы."  --  А нашто тады дзяржава?Нашто тады плаціць податкі? Нашто трываць армію доўбняў дармаедаў ад улады?
https://nn.by/?c=ar&i=214068
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру