У гэтым загадкавым лагеры, дзе амерыканская паліцыя ЗША выявіла адзінаццаць знясіленых дзяцей ад 1 да 15 гадоў, іх вучылі абыходзіцца са зброяй, піша bbc.com.

Адзін з двух арыштаваных у лагеры ўзброеных мужчын, Сіраж Ібн Вахаж, мог рыхтаваць выканаўцаў для будучых тэрактаў у школах.

У пятніцу ў нелегальным лагеры ў штаце Нью-Мексіка былі арыштаваныя двое ўзброеных мужчын і тры жанчыны — меркавана, маці знойдзеных там дзяцей. Затым паліцыя знайшла на тэрыторыі лагера парэшткі дзіцяці. Як сцвярджае газета Taos News, яны могуць належаць знікламу трохгадоваму сыну Вахажа — Абдулу-Гані.

Вахажа падазравалі ў выкраданні ўласнага дзіцяці з дому ў штаце Джорджыя ў снежні мінулага года. Расследаванне знікнення хлопчыка і вывела паліцыю на сляды яго бацькі. Паводле заявы маці дзіцяці, ён пакутаваў ад курчаў. Аднак бацька лічыў, што над хлопчыкам трэба здзейсніць абрад выгнання дэманаў — гаворыцца ў матэрыялах суда.

У нелегальным лагеры не было водаправоду і дзеці ўтрымліваліся ў жабрацкіх умовах. Пракурор запатрабаваў для Вахажа працягу арышту без права вызвалення пад заставу.

У матэрыялах суда маецца дакумент з перасцярогай аб тым, што калі абвінавачаных адпусціць пад заклад, яны могуць здзейсніць новыя злачынствы, пра што сведчаць іх планы арганізаваць стральбу ў адной з амерыканскіх школ.

Прыводзяцца словы аднаго з прыёмных бацькоў дзіцяці, якое знаходзілася сярод 11 дзяцей у лагеры: «Вахаж вучыў наша дзіця карыстацца штурмавой вінтоўкай і рыхтаваў да тэракту ў школе».

Усе пяцёра дарослых, арыштаваных у лагеры, абвінавачваюцца ў жорсткім абыходжанні з дзецьмі.

Калі паліцыя «накрыла» нелегальны лагер у пустыні, то была здзіўленая, якімі знясіленымі і бруднымі былі дзеці: «Як уцекачы ў краіне Трэцяга свету, не толькі без ежы і без вады, але і без абутку, без сродкаў асабістай гігіены і фактычна апранутыя ў лахманы». Рэйд быў праведзены пасля выяўлення запіскі са словамі: «Мы галадаем, нам патрэбна ежа і вада».

Падчас арышту Вахаж меў пры сабе штурмавую вінтоўку AR-15 і чатыры пісталеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0