Пасля іх пад «раздачу» трапілі таксама супрацоўнікі выдавецкага дома «Беларуская навука», партала Realt.by, газеты «Культура». Некаторых з іх адпусцілі пасля допытаў, а іншыя так і працягаюць сядзець у ізалятары.

Яны пакінулі сваю працу, сем’і, каханых і дзяцей.

Як партал, які піша пра беларусак, годных жанчын нашай краіны, салідарызуемся з затрыманымі каляжанкамі і жадаем ім пахутчэй вярнуцца ў звыклы жыццёвы тэмпарытм.

Факты, сабраныя пра іх, пацвярджаюць, што гэтыя людзі — добрыя прафесіяналы, без якіх журналістыка губляе злабадзённасць і сэнс.

Марыне Золатавай, галоўнай рэдактарцы Tut.by, мы ўжо прысвячалі асобны артыкул. Менавіта пры ёй самы папулярны на дадзены момант партал Беларусі стаў такім, якім ён ёсць сёння.

Нам было прыемна ўключыць яе ў топ-8 беларусак, якімі краіна павінна ганарыцца.

Ганна Ермачонак паходзіць з Барысава. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ ў 2014 годзе, Спецыяльнасць — вэб-журналістыка.

Нейкі час Ганна працавала ў «Комсомольской правде», супрацоўнічала з гарадскім часопісам «Бальшой».

На Тут.бай журналістка пісала ў раздзел «42»: рабіла агляды на навінкі гаджэтаў і збірала інтэрнэт-мемы. Яе жыццёва карысныя матэрыялы пра тое, ці ёсць мяса ў калбасе ці пра пітную ваду ў Беларусі заўсёды знаходзілі водгук сярод чытачоў.

У вольны час Ганна любіць граць у інтэлектуальныя гульні — спадзяешся гэты навык дапаможа ёй і ў адказах на правакацыйныя пытанні следчых.

Выпускаючая рэдактарка партала Tut.by Ганна Калтыгіна перш-наперш вядомая чытачам па сваіх тэкстах-аглядах у сферы міжнароднай палітыкі: пераварот у Зімбабвэ, Казахстан пасля СССР, рэпартаж з Багдада і інш.

Журналістка Tut.by Алена Андрэева пра Ганну:

«Некалькі год таму я прачнулася а 4-й раніцы, каб дарабіць нейкую працу, выйшла на вуліцу і пабачыла разбітыя пасля ДТЗ машыны. Адправіла фота ў рэдакцыю і ўжо праз некалькі хвілінаў па падрабязнасці мне пазваніла Ганна Калтыгіна. Яна тады была рэдактаркай раздзела AUTO.TUT.BY. Тады, як і цяпер, падымалася рана, каб падрыхтавацца да новага дня. І калі Аня падымаецца рана, то часам я думаю, ці спіць тады Марына Золатава ўвогуле? На яе пытанні часам даводзілася адказваць і ўначы, а тэмы мы абмяркоўвалі і ў 3-4 гадзіны раніцы.

Роднымі людзей робіць не толькі кроў. Калі пасля смерці мужа я выйшла на працу, калегі распрацавалі цэлы план выратавання. Былі побач і ў працы, і па-за ёй. І выратавалі. Я вельмі сёння хацела б быць побач з імі».

Ксенія Ельяшэвіч, журналістка «Навін» партала TUT.BY:

«Аня — бадай найлепшы навіннік у Беларусі. Штодня яна працуе з такой вялікай лавінай інфармацыі і «распраўляецца» з ёй, ад такога нармальны чалавек з'ехаў бы з глузду. Калі здаралася нешта надзвычайнае (тэракты ў Піцеры альбо Парыжы, ракетная атака на Сірыю), яна «вяла» гэта да канца, ад раніцы да раніцы. І пакуль мы ўсе спалі, радасна нам пісала: «Мы малайчынкі!». Радавалася як дзіцё, і мы з ей. Наша праца — пастаянная гонка. Гэта стрэс, адрэналін і вялікая адказнасць. І яна мой галоўны настаўнік у гэтай справе. Таму тое, што адбываецца, вялікі боль для ўсіх і для мяне асабліва».

Галіна Уласік-Перапёлкіна. Скончыла БДЭУ («Наргас») па спецыяльнасці эканаміст. Працавала бухгалтаркай у «Беларускай маладзёжнай» газеце.

Таццяна Мельнічук пра Галіну: «Галка — чалавек надзейны і дасканалы ў сваёй працы».

«Пазнаёміліся мы з ёй, калі Галя прыйшла да нас у «Беларускую маладзёжную» газету. Галя па адукацыі эканаміст, уладкавалася яна да нас бухгалтаркай. Але я хутка заўважыла, што Галі не столькі цікавыя лічбачкі, колькі тое, што адбывалася тады ў рэдакцыі, што мы робім. Гэта былі 90-я гады. Гэтыя ўсе маніфестацыі, сутычкі, маладафронтаўцы. А потым я заўважыла, што ў Галі ўдаецца пісаць, што яна ўмее аналізаваць факты, рабіць цікавыя матэрыялы. Проста так на Тут.бай працаваць не бяруць. А ў Галі быў добры досвед працы фралансерам. Яна набыла вопыт, набіла руку. Галя — чалавек надзейны і дасканалы ў сваёй працы. Калі Галя зробіць, то за ёй перарабляць не трэба. Мы з Галяй калегі, сябры. Але калі даведалася пра тое, што з ёй адбылося, у мяне проста мурашкі па скуры. Я проста не ўяўляю… І я цяпер вельмі за яе перажываю. Яна вынесе ўсё, і тое СІЗА, і ўсё астатняе. Вынесе. Яна такі чалавек, што стрывае, але заперці чалавека ў той клапоўнік у такую гарачыню. За што? Няма падставы. Журналісты сталіся элементам дэманстрацыі сілы. Чаго перапалохалася ўлада і менавіта так? Нам, журналістам, яшчэ трэба будзе да гэтага дакапацца».

Ксенія Ельяшэвіч: «Галя - наша сумленне і суперажыванне»

«Пэўная прафесійная дэфармацыя для журналіста - звычайная штука у навінніка, які штодня сутыкаецца з чалавечымі трагедыямі. А ў Галі заўседы ёсць сілы суперажываць. І яна вучыць мяне гэтаму. Навіны «забіраюць» эмоцыі з тэксту, але не павінны забіраць павагу і суперажыванне за герояў матэрыялу і сваіх чытачоў.

Калі гэты тэкст пісаўся, стала вядома, што Галіну, а таксама Ганну Калтыгіну выпусцілі з СІЗА. Ура!

Таццяна Каравянкова скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, працуе ў БелаПАН ад 2006 года. Міжнародная аглядальніца. Сёння яе ўжо дапыталі ў Следчым камітэце.

Юля Коцкая, журналістка, пра каляжанку:

— Калі ад цябе збягаюць чыноўнікі і міністры, то адзінае, што застаецца — гэта прыйсці да цябе са Следчым камітэтам. Таня для мяне прыклад абсалютна смелай, дасціпнай і аб’ектыўнай журналісткі. Я думаю, яна і там «задасць жару», бо зламіць яе немагчыма, магчыма толькі зайздросціць, што яна працуе не ў адным выданні са мной.

Да кампаніі затрыманых 7 жніўня сёння далучылася рэдактарка «БелаПАН» Ірына Леўшына.

Ірына Леўшына скончыла БДУ, на дадзены момант з'яўляецца галоўнай рэдактаркай «БелаПАН». Яна ўжо 26 гадоў працуе ў кампаніі, амаль ад самага пачатку яе заснавання.

Калегі называюць яе спецыялістам высокага прафесіяналізму і маральнага аўтарытэту не толькі ў рэдакцыі, але і ўвогуле ў журналісцкім асяродку. Яна заўсёды была гарой за калег.

Алесь Ліпай згадвае, як прынцыпова яна павяла сябе ў 2009 годзе падчас прэс-канферэнцыі, якую Дзмітрый Мядзведзеў мусіў даць беларускім журналістам: да «БелаПАН» былі выстаўленыя асабліва жорсткія ўмовы, на якія яны адмовіліся ісці. Агенцтва, у сваю чаргу, адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі, якая не адпавядала прынцыпам прафесійнай этыкі. «Ірына якраз мусіла ўдзельнічаць у той прэс-канферэнцыі. Дзякуючы яе характару, Крэмль пайшоў на нашы ўмовы і дазволіў аператыўна перадаваць інфармацыю з мерапрыемства ў Мінск», — згадвае Алесь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?