Напярэдадні Дзярждэпартамэнт ЗША абвясціў аб увядзенні новых санкцый супраць Расіі. Падставай для іх стала атака з выкарыстаннем хімічнай зброі на тэрыторыі краіны НАТА — атручванне экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў брытанскім Солсберы нервова-паралітычным рэчывам «Навічок».

У адказ Расія рыхтуе контрсанкцыі. І хоць у Крамлі называюць размовы аб мерах у адказ заўчаснымі, МЗС РФ абяцае дзейнічаць люстрана, піша tass.ru.

Як могуць выглядаць гэтыя контрмеры?

Найперш, адзначае агенцтва Bloomberg са спасылкай на расейскія крыніцы, Расея можа спыніць пастаўкі рухавікоў РД-180, якія выкарыстоўваюцца ў ракетах-носьбітах Atlas V.

Нягледзячы на санкцыі, у 2018 годзе расійскае НВА «Энергамаш» планавала адправіць у ЗША дзве партыі.

Таксама Расія можа прыпыніць экспарт тытану ў ЗША.

Расійская кампанія «ВСМПО-Авісма» - вытворца тытану, зліткаў і ўсіх відаў паўфабрыкатаў з тытанавых сплаваў, а таксама прэсаваных буйнагабарытных вырабаў з алюмінію, паўфабрыкатаў з легіраваных сталяў і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове - закрывае да 40% патрэбаў у тытане амерыканскай кампаніі Boeing.

У Савеце Федэрацыі РФ прагучала думка, што ў адказ на санкцыі Расія павінна адмовіцца ад выкарыстання даляра.

Напрыклад, з Кітаем і Іранам Расія ўжо пачынае гандляваць, выкарыстоўваючы нацыянальную валюту.

Зрэшты, па словах прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, Крэмль лічыць заўчасным гаварыць пра меры ў адказ на санкцыі, бо невядома, наколькі цяжкімі яны будуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0