11.11.2008 / 12:19

Аўтамат‑шоў 2

У Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, мясцовая міліцыя перасьледуе Анатоля Валюка, грамадска‑палітычнага актывіста, старшыню мясцовай суполкі партыі БНФ.

Яшчэ 2 лістапада, калі ў Сьвіслачы і на тэрыторыі раёну адзначаўся Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, Анатоль Валюк быў затрыманы позна ўвечары, калі вяртаўся на ровары дахаты. Актывіста затрымалі каля самага дому, і разам з роварам даставілі ў мясцовы апорны пункт, дзе яму прапаноўвалі падпісаць складзены пратакол аб нібыта адміністрацыйным правапарушэньні і палохалі адміністрацыным арыштам. Анатоль Валюк адмовіўся падпісваць пратакол і ўрэшце грамадскага актывіста завезьлі дахаты.

Праз пару дзён дахаты да Валюка прыехаў участковы міліцыянт і прапанаваў паехаць разам у РАУС. Анатоль Валюк запатрабаваў трымацца законнасьці і выпісаць яму позву належным чынам. Калі позва была аформлена, Валюк зьявіўся ў РАУС, дзе намесьнік старшыні аддзелу міліцыі Салагубік выпісаў яму штраф памерам 35 тысяч рублёў. Грамадскаму актывісту інкрымінавалася знаходжанне 2 лістапада ў цэнтры гораду нібыта ў нецьвярозым і неахайным стане. Сам Анатоль Валюк катэгарычна адпрэчвае гэтае прыдуманае і абсурднае абвінавачаньне.

Як паведамляюць праваабаронцы з Гародні, працяг гэтай гісторыі надарыўся ў суботу, 8 лістапада, калі дадому да Валюка заявіліся міліцыянты з аўтаматамі — нібыта іх тэрмінова выклікалі па гэтым адрасе. Пасьля прызнаньня «памылковасьці» выкліку міліцыянты зьехалі. Анатоль Валюк лічыць усе гэтыя дзеяньні спланаванай доўгатэрміновай акцыяй яго перасьледу мясцовай уладай.

Нагадаем, што ў мінулыя гады Анатоль Валюк неаднаразова арыштоўваўся і перасьледаваўся сьвіслацкай міліцыяй напярэдадні і пасьля важных грамадска‑палітычных падзей.

0
Кнехт / Адказаць
11.11.2008 / 14:42
Актывіста затрымалі каля самага дому, і разам з роварам даставілі ў мясцовы апорны пункт, дзе яму прапаноўвалі падпісаць складзены пратакол аб нібыта адміністрацыйным правапарушэньні і палохалі адміністрацыным арыштам. Анатоль Валюк адмовіўся падпісваць пратакол і ўрэшце грамадскага актывіста завезьлі дахаты. =================== Асуджаю бандыцкія дзеянні свіслацкіх міліцыянтаў? пс Ці аддалі Валюку ровар? Бо з тэкста гэтага не вынікае.
0
Жур-фак / Адказаць
11.11.2008 / 17:53
...у мінулыя гады неаднаразова арыштоўваўся... Хто пра гэта чуў??? Дзе розгалас?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру