Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ на Данбасе апублікавала відэа з бесьпілётніка, які зафіксаваў, як калоны грузавікоў ноччу ўяжджаюць на тэрыторыю ўсходняй Украіны з боку Расеі і выяжджаюць з Украіны ў месцы, дзе адсутнічаюць памежна-прапускныя пункты, піша радыё «Свабода».

Паводле справаздачы місіі, несанкцыянаваны рух транспарту быў зафіксаваны ў ноч на 8 жніўня.

Як відаць на відэа, адна калёна зь сямі грузавікоў па грунтавой дарозе, далёкай ад пунктаў пропуску, заехала на тэрыторыю Ўкраіны. Празь некалькі хвілін іншая падобная калёна з «КамАЗаў» і «УАЗаў» перасякла расейска-ўкраінскую мяжу, выехаўшы зь непадкантрольнай украінскаму ўраду тэрыторыі Данбасу.

Спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў пытаньнях Украіны Курт Волкер пракамэнтаваў відэа, якое апублікавала Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ.

«Гэта яшчэ адзін шлях, якім Расея наўмысна працягвае канфлікт і падтрымлівае баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, нягледзячы на міжнародныя намаганьні, накіраваныя на ўсталяваньне міру ва Ўкраіне», — напісаў Волкер у Twitter.

Волкер таксама падкрэсьліў, што Расея блякуе эфэктыўны маніторынг межаў і перашкаджае працы АБСЭ ў гэтых раёнах.

«Вось відэа назіральнай місіі АБСЭ, дзе відаць, як канвоі грузавікоў незаконна перасоўваюцца паміж Украінай і Расеяй. Нагадваю, што Расея заблякавала эфэктыўную місію па маніторынгу межаў і яе сілы пастаянна перашкаджаюць візытам СММ на мяжу», — напісаў Волкер.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Крэмль абвінавачваньні абвяргае.

У выніку канфлікту на ўсходзе Ўкраіны з красавіка 2014 году ў рэгіёне загінулі больш за 10 000 чалавек.

За апошнія суткі, паводле дадзеных Кіева, баевікі 36 разоў парушылі рэжым спыненьня агню, трое ўкраінскіх вайскоўцаў былі параненыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?