Журналісты Tut.by, якім некалькі дзён давялося правесці на допытах у СК і ІЧУ на Акрэсціна праз так званую справу БелТА, дзеляцца ўражаннямі апошніх трох дзён. Наколькі гэта магчыма, з улікам падпіскі пра неразгалошванне. 

Ганна Калтыгіна, рэдактарка Tut.by

Фота: Аксана Пятрова, Tut.by.

Фота: Аксана Пятрова, Tut.by.

Я рана ўстаю. Раблю каву і саджуся за навіны — павінна быць абноўлена стужка навінаў, каб той, хто ўстаў у 7 і 8 раніцы, ужо мог даведацца пра апошнія падзеі. А інтэрнэту няма. Праз тэлефон падключыцца не магу, праз тэлефон мужа — таксама. Спрабую патэлефанаваць — сотавыя не працуюць. Гарадскі не працуе.

— Хтосьці вельмі важны памёр? — пытаецца муж.

Я хутка апранаюся і, нават не выпіўшы злашчаснай кавы, бягу на працу. Па дарозе на прыпынак мяне спыняе амапавец: праверка асобы, дакументы, пройдзем да машыны.

У мікрааўтобусе два маладыя чалавекі ў касцюмах — з МУС. Два прадстаўнікі АМАП: той самы хлопец, што мяне спыніў, і дзяўчына. Двое панятых. Эксперт з Камітэта судовых экспертыз, следчы. Мне паведамляюць, што ў мяне пройдзе ператрус.

Адчыніўшы дзверы ў кватэры, прашу мужа падняць дзіця і адвесці на кухню, каб не спужалася.

— Грошы, карткі, носьбіты інфармацыі, тэлефоны, камп'ютары, ноўтбукі?

Усе паказваю, усё забіраюць і апісваюць.

Сыходзячы, развітваюся з сынам.

— Мама, а ты куды? З'язджаеш з імі па працы? А калі вернешся?

Абяцаю, што ўвечары, падыспадна адчуваючы, што абяцанне не стрымаю.

Мяне вязуць у Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Перад допытам, каля 9.20, мне паказваюць рэліз ведамства, з якога даведаюся, што я: а) падазраваная; б) затрыманая.

«Мы ніколі не даем прозвішчаў падазраваных — гэта можа нанесці фінансавую і рэпутацыйную шкоду прадпрыемству», — усплываюць у мяне ў галаве словы кіраўніка прэс-службы СК. Угу, закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла.

У калідорах бачу то Таню Каравянкову з БелаПАН, то Галю Уласік — маю калегу. Мне часам паведамляюць змест навін — так я даведаюся, у каго з калегаў быў ператрус, каго затрымалі, валасы ўстаюць дыбам.

Потым допыт. Потым пераезд у Савецкае РУУС, дзве гадзіны ў клетцы, і аўтазак да ІЧУ.

ІЧУ на Акрэсціна — асобны свет. Аб пачуцці ўласнай годнасці можна забыцца. На надглядзе:

— Здымай трусы.

— Прабачце, у мяне менструацыя.

— Я таксама жанчына. Здымай трусы.

Напэўна, гэта быў самы зневажальны момант у маім жыцці. Але ў цэлым у ІЧУ персанал быў зычлівы, неабходныя лекі — па першым патрабаванні, ежа (адразу прыгадала словы вядомай спявачкі, што ў турмах у нас кормяць, як у рэстаранах, — вельмі хацела ў той момант, каб яна пакаштавала гэты суп і гэтую катлету ) — есці не стала, і нават давалі кнігі. Колас, «На ростанях», без паловы старонак, і нават два нейкія трылеры.

Кампанія ў камеры — першаходкі. То бок да гэтага ў анамнезе ні ў каго «крымiналкі» не было. Наркотыкі (замах на набыццё марыхуаны) — а заадно фітнэс-трэнерка, якая раніцай прымушала рабіць зарадку, 147-я (жонка ўдарыла нажом мужа, які здзекаваўся з яе 25 гадоў) — яна сачыла за тым, каб я хоць бы піла гарбату.

Я заўсёды думала, што ў такіх месцах людзі сядзяць «невінаватыя» — гэта падкінулі, ды ён сам упаў і напароўся на сякеру 10 разоў і іншае. Не, усе кажуць пра тое, што вінаватыя. І ўсе шкадуюць. І ўсе хацелі б перайграць.

Наступны дзень праходзіць у мяне ў сонным стане. Я сплю. Усё роўна рабіць больш няма чаго. Прыемным выняткам стаў шпацыр — я чула, як выклікалі маіх калегаў па прозвішчах з суседніх камер. Хтосьці з іх — зусім побач.

Той артыкул, па якім я хаджу падазраванай, не прадугледжвае арышту — максімум 72 гадзіны затрымання. Мяне павінны выпусціць у пятніцу. А мяне нечакана адпускаюць у чацваер — пасля чарговага допыту. Пра тое, што я вольная, мне кажуць каля трэцяй гадзіны дня. Выпускаюць пасля 9-й вечара. Увесь гэты час бачу калег і родных з акна кабінета. А выйсці да іх не магу. І сына абняць не магу.

У жыцці кожны чалавек здзяйсняе ўчынкі, за якія яму сорамна. Пасля свайго вызвалення я прачытала многае: і пра навіны, якія мы «тырым» у БелТА з парушэннем аўтарскіх правоў, і пра тое, што мае калегі — «дамы, зручныя ў побыце», і многае іншае. Дык вось, за сваю працу мне не сорамна, і за кожную навіну, пастаўленую мной, я гатовая адказваць — перад чытачамі, калегамі або СК.

За што мне сапраўды сорамна — за тое, што я не змагла адказаць на пытанне майго сына каля брамы Следчага камітэта вечарам у чацвер: «Мама, чаму так доўга?»

Даруй, сын. І дзякуй, сябры, калегі, канкурэнты і людзі, якіх я не чула гадоў дзесяць ці якіх нават не ведаю, — за падтрымку і добрыя словы. І асаблівае прывітанне «хаўрусніцам» і «змоўшчыкам» па «справе БелТА».

Галіна Уласік, рэдактарка Tut.by

Фота: Дзмітрый Брушко, Tut.by.

Фота: Дзмітрый Брушко, Tut.by.

Спаць кладуся ўжо за поўнач — звычайная справа для дзяжурнага ў другую змену рэдактара. Прабегчы яшчэ раз па стужцы навін — раптам згубіла / не заўважыла нешта патрэбнае і важнае, напісаць «пост здаў» ранішняму дзяжурнаму, ну і мозг, на жаль, адключыць імгненна, як начнік на прыложкавай тумбачцы, не заўсёды ўдаецца.

Вырывае са сну доўгі і настойлівы званок у дзверы. Спрабуючы ўцяміць, «хто я, дзе я і што адбываецца», нацягваю сарафан і плятуся адмыкаць. Насценны гадзіннік у вітальні паказвае 6.20.

На парозе мужчына ў цывільным паказвае пасведчанне супрацоўніка МУС. Паведамляе, што ў доме адбылася серыя крадзяжоў, і цікавіцца, магла б я дапамагчы і распавесці, можа, што бачыла ці чула. У нашым ціхім пад'ездзе на 6 кватэр серыя крадзяжоў? Навіна прымушае амаль прачнуцца. Вядома ж, згаджаюся, запрашаю ў кватэру. Але ён застаецца стаяць у дзвярным праёме і просіць пачакаць пару хвілін, зараз павінен падысці следчы. Так і стаім з расчыненымі насцеж дзвярыма, размаўляем «ні пра што», пакуль за яго спінай не з'яўляецца салідная дэлегацыя ў суправаджэнні двух амапаўцаў.

Усе яны, ужо не пытаючыся дазволу, увальваюцца ў маю кватэру — следчы, участковы, супрацоўнікі міліцыі, панятыя. Мне кажуць пра крымінальную справу і соваюць пад нос санкцыю на ператрус. Першае, што вырываецца:

— Лепш бы я спала і нікому не адмыкала.

— Мы б высадзілі дзверы!

Хапаюся за мабільнік з настойлівым: «Мне трэба патэлефанаваць». У адказ катэгарычная забарона і патрабаванне пакласці тэлефон, а то раптам пачну здымаць або запісваць.

Далей — ператрус. Усюды, уключаючы антрэсолі, кухню і нават санвузел.

Канфіскоўваюць ноўт, мабільны, флэшкі, дыскі, вінчэстары, знаходзяць нейкія старыя мабільнікі, пра існаванне якіх я ўжо і забылася. Карацей, забіраюць усё, што можа быць носьбітам інфармацыі. Загадана збірацца і мне.

— Мне на працу да 15.00, я ж магу спазніцца.

— Мы вам дамо даведку.

У маім спісе на раніцу 7 жніўня значыцца паход да цырульніка ў 12.30, і я, наіўная чукоцкая дзяўчына, яшчэ спадзяюся: дапытаюць — адпусцяць, павінна паспець.

Далей СК, бясконцыя пытанні, поўная адсутнасць інфармацыі звонку і марныя спробы зразумець, што, уласна, адбываецца і якія ўсё гэта мае маштабы.

З кабінета дазваляюць выходзіць толькі ў туалет і толькі ў суправаджэнні дзяўчыны з АМАПа. У адну з такіх праходак у калідоры раптам бачу Аню Калтыгіну. Крыху пазней даведаюся, што затрымана шмат і не толькі нашых.

Пасля шматлікіх настойлівых заяў, што маю права на абаронцу, прыходзіць дзяжурны адвакат, ён і паведамляе, што «пра вас вядома, вас не забыліся» і ў мяне ўжо ёсць персанальны абаронца, якога я хутка ўбачу.

Ужо бліжэй да вечара, калі выводзяць, каб адправіць у Маскоўскае РУУС, бачу Аню Ермачонак (поўны шок!), а ў міліцыі скрозь няшчыльна зачыненыя жалюзі — Таццяну Каравянкову.

Фота ў анфас, паўанфас і профіль. Бясконца доўгі дзень заканчваецца каля дзвюх ночы ў ІЧУ на Акрэсціна. Мне выдаюць наўлечку і прасціну і загадваюць падымацца на чацвёрты паверх.

У камеры, разлічанай на 5 чалавек, занята толькі адно спальнае месца. Ужо раніцай даведаюся, што маёй суседцы ўсяго 17, затрымалі яе ў складзе кампаніі на дні нараджэння, куды нехта прынёс наркотыкі, і цяпер міліцыя высвятляе асобу гэтага кагосьці.

Дзяўчына заяўляе аб сваёй невінаватасці, а таму пасля сняданку, калі ёй загадаюць «з рэчамі на выхад», яна развітваецца, цалкам перакананая, што яе адпускаюць. Тым больш што напярэдадні аб такім імаверным развіцці падзей ёй казаў і адвакат.

Цэлы дзень у камеры адна. Вокны працуюць у рубцы, лямпачка пад столлю гарыць круглыя суткі, пра тое, колькі цяпер часу, можна прыкінуць, дзякуючы распарадку дня на дзвярах: пад'ём у 6.00, у 14.30 — абед, у 22.00 — адбой.

Час спыніўся, ты ў вакууме — ні звыклых гукаў з вуліцы, ні магчымасці паглядзець у акно, толькі рэдкі ляск замкоў, і праз пэўныя інтэрвалы адчыняецца невялікае акенца ў дзвярах — ахоўнікі правяраюць, чым заняты затрыманы.

Заснуць не ўдаецца, есці зусім не хочацца. Цётачкі, што развозяць абеды-вячэры, угаворваюць: «Ну вазьміце хоць бы чай… Узвар сёння вельмі смачны… Белага хлеба даць?» Але пра ежу нават думаць не хочацца.

Ужо пасля абеду зноў чую ляскат акенца і такія родныя прозвішчы: «Золатава, як сябе адчуваеце? Скаргі ёсць?» Так даведаюся, што ў суседніх камерах Аня Ермачонак, Марына, Таццяна Каравянкова.

— Усё не ясі? — зазірае да мяне і ўздыхае ахоўнік. — Шпацыраваць пойдзеш? — Яшчэ б! І няхай бетонныя сцены і такая ж падлога пад нагамі, затое неба скрозь краты наверсе і паветра!

У 22.00 гучыць каманда ўсім спаць, яшчэ прыкладна праз пару гадзін да мяне падсяляюць суседку. «Затрыманая па 205-й», — ужо раніцай раскажа яна. Яшчэ праз нейкі час зноў ляск замкоў, і ўваходзіць мая «старая» 17-гадовая суседка. «Усе дрэнна», — толькі шэпча яна.

9-га раніцай паспяваю даведацца, што дзяўчынцы працягнулі тэрмін затрымання яшчэ на 2 месяцы, што «маму вельмі шкада, яна моцна плакала», што «думала нешта зрабіць з сабой, але мама ўзяла абяцанне, што не нараблю дурасцяў», што «7 жніўня стала вядома, што паступіла ў ВНУ і трэба пісаць заяву на залічэнне». «Эх, ну як жа так, навошта?» — гэтыя пытанні не задаю, разумею, што яна сябе сама імі ўжо даўно змучыла, а адказу так і не знайшла.

А потым: «Уласік, з рэчамі на выхад», — і зноў СК, кабінет следчага. Першая сустрэча з другім адвакатам, допыт і «вас адпускаюць».

Ужо на вуліцы — пацалункі, абдымкі, добрыя словы ад родных і незнаёмых людзей…

Р.S. Мае любімыя сябры і дарагія калегі! Усе, з кім знаёмая і не, усе, хто гэтыя дні хваляваўся, даставаў па тэлефоне адпаведныя ведамствы, спрабуючы высветліць, дзе мы і што з намі, хто дзяжурыў ля сцен Акрэсціна, пісаў словы падтрымкі ў сацсетках і слаў эсэмэскі, працаваў практычна суткамі, каб інфармацыя пра затрыманых разышлася на ўвесь свет, тэлефанаваў і пісаў маёй дачцэ з адзіным пытаннем: «Чым дапамагчы?» — усе вы проста неймаверныя людзі, і я шчаслівая, што вы ёсць!

Р.P.S. Думаю, нашаму вызвалення не менш былі рады і супрацоўнікі ІЧУ. Але ў іх на гэта свае прычыны)

Ганна Ермачонак, журналістка 42.Tut.by

Ганна Ермачонак (справа). Фота: Станіслаў Шаршукоў, Tut.by

Ганна Ермачонак (справа). Фота: Станіслаў Шаршукоў, Tut.by

Сёмая раніцы, званок у дзверы, мужчынскія галасы ў пярэднім пакоі. Грукаюць у маю спальню. Я доўга разглядаю пастанову на ператрус, спадзяюся, што ўсё знікне. Але не. Чужыя людзі праводзяць у маім пакоі больш за гадзіну, зазіраюць у кожны слоік і скрынку, акуратна раскладваюць частку маіх рэчаў па пакетах.

Пасля яшчэ некалькі гадзін у Следчым камітэце. Увесь гэты час мяне ахоўваюць два супрацоўнікі АМАПа. Адзін з іх паміж справай кажа, што здзіўлены маёй рэакцыяй: «Ад вас, як ад дзяўчыны, чакаеш хоць бы слёз». Я ў адказ злую і выдаю тыраду аб справядлівасці.

Позна ўвечары нас на мікрааўтобусах адвозяць ва УУС, а адтуль — у аўтазаку да ІЧУ на Акрэсціна. У «размеркавальную» мяне заводзяць першай. «Гэта хаўрусніца, іх усяго чатыры будзе», — кажуць працаўнікі паміж сабой. Гэта значыць, што нам патрэбныя асобныя «стаканы» і розныя камеры. «Што за злачынцы?» — чуваць чыйсьці голас.

Надглядаюць вельмі старанна, зазіраюць пад вопратку. Мне дастаецца месца ў пяцімясцовай камеры, там ужо ёсць адна жанчына.

Раніцай дынамік паведамляе аб камандзе «пад'ём» і прапаноўвае «выканаць фізічныя практыкаванні». Маю суседку адводзяць, я застаюся зусім адна. Па камерах разносяць туалетную паперу і кавалачкі гаспадарчага мыла. «Мыла ў нас такое … Не з водарам ружаў», — быццам выбачаецца кантралёр. Праз некалькі хвілін акенца ў дзвярах адчыняецца, і ў ім з'яўляецца новенькае туалетнае мыла.

Без звычкі мясцовую ежу есці вельмі складана. З забавак — мыццё ў ракавіне, прагулка ў цесным дворыку і чытанне кнігі «Абпаленыя зонай» з мясцовай бібліятэкі. Большая частка дня сыходзіць на сон.

Увечары ў мяне з'яўляюцца дзве новыя суседкі, абедзве тут праз наркотыкі. Адна — «сутачніца», другая — падазраваная па сур'ёзным артыкуле. Абедзве з вялікай цікавасцю глядзяць на прысмакі і шампунь, якія перадалі мне родныя. У іх нічога такога ўзяць з сабой не ўдалося.

На наступную раніцу мяне зноў надглядаюць, у аўтазаку адвозяць ў Следчы камітэт. Яшчэ каля васьмі гадзін там — і можна ісці, звонку сустракаюць сябры і калегі.

Аказваецца, што мяне адпусцілі адной з апошніх. Мама па тэлефоне пытаецца: «Ты што, самая галоўная злачынца?» Калі шчыра, не ведаю, што ёй адказаць.

Марына Золатава, галоўная рэдактарка Tut.by

Фота: Станіслаў Шаршукоў, Tut.by.

Фота: Станіслаў Шаршукоў, Tut.by.

Самае яркае ўражанне — гэта людзі ў форме і цывільным, якія тоўпяцца ў цябе ў вітальні ў сем раніцы, а ў гэты час сын у суседнім пакоі збіраецца на трэніроўку. Камеры, яркае святло — адразу ўяўляеш пераканаўчую карцінку ў вечаровай праграме па тэліку — ты спрасонку, у халаце. Літары ў пастанове на ператрус расплываюцца.

Патэлефанаваць калегам нельга.

Праз 6 гадзін едзем у Цэнтральны апарат СК міма Дзяржынскага, 57 — ля ўвахода ў офіс мікрааўтобус і аўтобус большанькі. Усё зразумела. Бяссілле ад таго, што не ведаеш, што з іншымі калегамі. Не ведаеш, ці працуе рэдакцыя.

Вечарэе. Крадком у калідорах СК бачыш калегаў.

Партызанскае РУУС. Адкаталі пальчыкі. Чакаем канвой, каб адвёз у ІЧУ на Акрэсціна.

Разумееш, што туды ж трапяць і калегі. Хто канкрэтна? Калі? Убачымся ці не?

У аўтазаку ў адной клетцы я навісаю над трыма жанчынамі. Месца на чацвярых упрытык. Дасведчаныя суседкі распавядаюць, што будзе далей, таму «стакан» у ІЧУ мяне не здзіўляе. У «стакане» мы ўчатырох. Можна толькі стаяць. Час у «стакане» цячэ вельмі павольна.

Пастроілі ў калідоры — зараз развядуць па камерах. Але перад гэтым раздаюць пасцелю. Мае спадарожніцы здзіўлена пераглядаюцца: пасцелю? Раней яе тут не раздавалі, кажуць.

Разводзяць па розных камерах. Вось яна — шконка. Спаць.

Раніцай суседкі, па-мастацку мацюкаючыся, абмяркоўваюць навіну: трэба ж, напярэдадні раздалі пасцелю. Даўно такога не было. Яшчэ адна нечаканасць: прынеслі туалетнае мыла. Цэлы кавалак. Можна нават вымыць галаву ў ракавіне.

Добрая навіна ў тым, што ў ІЧУ ёсць гарачая вада. Дома няма.

Траіх вязуць у Жодзіна, яны па 174-м артыкуле (ухіленне бацькоў ад пакрыцця выдаткаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні). Застаемся ўдзвюх. Можна ўзяць кнігі: бяру «Пецярбургскія апавяданні» Гогаля і «Злачынства і пакаранне». Здзівіла суседка, якая амаль суткі чытала Дастаеўскага, — нават глыбокай ноччу, пры святле калідорнага ліхтара. Яна таксама па 174-й.

Можна схадзіць на шпацыр — гэта тая ж камера, толькі замест столі — неба ў клетачку.

Адсутнасць інфармацыі пакутлівая. Як там родныя? Гэта ж колькі за ўсё на іх звалілася. Што ў рэдакцыі? Дзе калегі?

9 жніўня. Ізноў Цэнтральны апарат СК. Каля гадзіны дня пачынаецца допыт. Адпускаюць пасля дзевяці вечара. Аддаюць шнуркі і 30 рублёў. Астатняе, зразумела, не аддаюць.

На вуліцы чакаюць сям'я і калегі. Шчасце. Дзякуй, сябры.

Са здзіўленнем чытаю паведамленне на сайце СК: «Улічваючы актыўнае спрыянне расследаванню, следчым прынята рашэнне аб неўжыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Марыны Золатавай». Актыўнае спрыянне? Яно выявілася ў тым, што пагадзілася даваць паказанні з другой спробы? Ды яшчэ і артыкул сабе «абцяжарыць»? Цікава.

Хацелася яшчэ напісаць пра «крадзеж», абнародаванне аўдыязапісу і асобныя сюжэты па ТБ. Мы абавязкова вернемся да гэтага пытання. Калі ўсё скончыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?