12.08.2018 / 10:48

Трасца, горшая за баршчэўнік. Пра расліну, якая атручвае лясы па ўсёй Беларусі 31

Фота wikimedia.org

Ва ўстановы Слонімскага раёну прыйшоў загад вынішчыць кусты сумніка канадзкага, піша Радыё «Свабода». Гэта расьліна лічыцца дэкаратыўнай. Але, аказваецца, яна ўваходзіць у лік найбольш небясьпечных інвазійных расьлінаў. Для прыроды ён больш небясьпечны, чым баршчэўнік Сасноўскага.

«Ва ўсе арганізацыі і сельскія саветы прыйшоў загад ад раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Каб абсьледавалі сваю тэрыторыю, і калі там будзе сумнік, яго трэба зьнішчыць. Нават з клюмбаў яго загадалі зрэзаць», — паведамілі чытачы Свабодзе.

У Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук пацьвярджаюць, што сумнік, або залатацень, канадзкі (Solidago canadensis) — шкодная расьліна. Разам з баршчэўнікам Сасноўскага і шалёным гурком ён уваходзіць у лік трох найбольш небясьпечных расьлін. Пра гэта Свабодзе сказаў Алег Маслоўскі, загадчык сэктару кадастру расьліннага сьвету.

«Салідага выцясьняе мясцовыя расьліны і зьмяняе экасыстэмы, — кажа Маслоўскі. — Яно зьмяняе расьліннае покрыва нашых заліўных лугоў, поймаў рэк, а цяпер і лясоў».

Інвазійны для Беларусі від паходзіць з Паўночнай Амэрыкі. Доўгі час у Беларусі яго вырошчвалі як дэкаратыўную расьліну. Аднак апошнія пяць год ён стаў праблемай для многіх рэгіёнаў краіны.

Як тлумачыць навуковец, корань расьліны выдзяляе агрэсіўныя рэчывы, якія падаўляюць іншыя расьліны. Салідага зьмяняе экасыстэмы і ўплывае на сенакосныя лугі, зь лесу зьнікаюць грыбы і ягады.

Праблема асабліва тычыцца цэнтральных раёнаў Беларусі: Менскага, Барысаўскага, Лагойскага. У Смалявіцкім яна займае ўжо гіганцкія плошчы і можа стаць бедзтвам.

І хоць гэты від не такі пагрозьлівы для здароўя, як баршчэўнік, Алег Маслоўскі ставіць яго ў лік найбольш небясьпечных расьлін Беларусі.

«Можна лічыць, што ў асобных аспэктах ён больш небясьпечны за баршчэўнік, — лічыць навуковец. — У адрозьненьне ад баршчэўніку, ён добра распаўсюджваецца ў лесе. Выцясьняе нашы ягады і грыбы. Пад суцэльным покрывам сумніку ў лесе ўжо амаль нічога не расьце».

За год салідага павялічвае сваю плошчу на 17%.

Лепш за ўсё гэтую расьліну выкопваць разам з коранем, а потым спальваць ці закопваць. Калі расьліна заняла цэлае поле, можна яго проста скасіць ці атруціць. Гэта прынамсі спыніць пашырэньне.

Навуковец кажа, што ў Беларусі прынятая нацыянальная стратэгія па барацьбе з інвазійнымі расьлінамі. Аднак амаль усе сродкі ідуць на вынішчэньне баршчэўніку.

Пакуль са шкоднай расьлінай змагаюцца толькі ў некаторых рэгіёнах. Алег Маслоўскі раіць пачаць з таго, каб садаводы хаця б перасталі вырошчваць салідага ў сябе на ўчастках.

8
? / Адказаць
12.08.2018 / 11:00
Дык, а чаму раней не тлумачылі і не знішчалі, а, вучоныя?
16
08 / Адказаць
12.08.2018 / 11:32
Сумная вестка,але ж ёсць ўстанова,якая пасьпяхова змагаецца з такімі раслінамі, дый методыка адпрацаваная ужо:- па печані,па печані яе, салідагу гэную... Можа й Навічком паспрабаваць,ці Палоніям.
3
Juraś / Адказаць
12.08.2018 / 11:37
Ещё во времена премьерства Сидорского озвучивали призывы ко всему населению РБ бороться с этим золотарником. И даже народ стал частично его изводить. Но потом всё стихло. Некоторые даже наоборот его нахваливают за хороший медосбор.
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру