Лідары пяці прыкаспійскіх дзяржаў падпісалі ў Актау (абласны цэнтр на паўднёвым захадзе Казахстана) Канвенцыю аб прававым статусе Каспійскага мора, праца над якой вялася 22 гады. Аднак пытанні засталіся, адзначае Deutsche Welle.
Прэзідэнты Расіі, Азербайджана, Ірана, Казахстана і Туркменістана падпісалі ў нядзелю, 12 жніўня, у казахстанскім Актау Канвенцыю аб прававым статусе Каспійскага мора, праца над якой працягвалася з 1996 года.
Асноўная праблема, якая стаяла перад дзяржавамі, заключалася ў тым, ці прымяняць да Каспія палажэнні Канвенцыі ААН па марскім праве 1982 года або выкарыстоўваць падыход, які дзейнічае ў дачыненні трансгранічных азёр.
У выніку было вырашана, што асноўная плошча воднай паверхні прызнаецца морам і застаецца ў агульным карыстанні бакоў, а ў дачыненні да дна і нетраў будзе зафіксаваны прынцып, які прадугледжвае іх падзел на сектары па дамоўленасці на аснове міжнароднага права.
Канвенцыя ўяўляе сабой нарматыўную базу з прапісанымі ў ёй фундаментальнымі палажэннямі, аднак пры гэтым не паглыбляецца ў дэталі.
Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані падкрэсліў, што «перамовы ў галіне размежавання… павінны быць працягнутыя». Паводле яго слоў, патрэбна больш пэўнасці ў пытанні метадаў вызначэння ліній пры падзеле дна і нетраў Каспія. Таму патрэбна распрацаваць асобныя дамовы, падкрэсліў Раўхані.