12.08.2018 / 17:49

«Мне пляваць на традыцыі». Мужчыны, якія ўзялі сабе прозвішчы жонак і маці, пра свой выбар 17

Згодна з патрыярхальнай традыцыяй, што склалася ў нашым грамадстве, пасля ўступлення ў шлюб пераважная частка жанчын змяняе дзявочае прозвішча на тое, якое носіць муж (ён — галава сям'і і прадаўжальнік роду). Яго ж пераймаюць і дзеці. Тыя, хто пакідае сваё, нярэдка сутыкаюцца з непаразуменнем і крытыкай. Яшчэ больш пытанняў выклікаюць мужчыны, якія вырашылі ўзяць сабе прозвішча жонкі — пры тым, што тут няма нічога «крымінальнага».

Мы папрасілі некаторых такіх мужчын расказаць, чаму яны прынялі сваё рашэнне і чаму не лічаць яго нечым звышнатуральным.

Максім Калядка, начальнік аддзела аўтаматызацыі, узяў прозвішча жонкі:

— Маё прозвішча ад нараджэння (Осіпаў) мяне ні з чым не звязвае, таму я адмовіўся ад яго. З родным бацькам я амаль што не камунікую. Я асабліва па гэтым пытанні не парыўся і сказаў будучай жонцы, што магу ўзяць яе прозвішча. Сядзелі, абмяркоўвалі гэты момант — і з майго боку гэты жэст стаў для яе падарункам у нейкім сэнсе.

Я радыкальна быў настроены змяніць прозвішча яшчэ ў 16 гадоў, але тады мне трэба было хутка выязджаць за мяжу, таму я пакінуў у пашпарце стары варыянт. Разглядаў у якасці альтэрнатывы і прозвішча маці, і айчыма, які мяне гадаваў.

Усе адрэагавалі на такі жэст спакойна — сябры, што прыйшлі на вяселле, даўно былі ў курсе. Памятаю, толькі ў ваенкамаце пажартавалі неяк, маўляў, такім чынам хацеў ад іх схавацца.

У мяне і муж маёй сястры узяў яе прозвішча і не парыцца. А ёсць шмат сяброў, якія не бралі прозвішчы адзін аднаго — кожны пад сваім жыве.

Ігар Бандарэнка, праграміст, бубнач гурта «Тлушч», узяў прозвішча маці:

— Я не жыву з бацькам гадоў з дзесяці і выразна ведаў: калі прыйдзе час ствараць сваю сям’ю, я не хачу дзяліць гэта з прозвішчам таты. Ну, вось мне 29, я жанюся, таму ўжо не Гельдыеў, а Бандарэнка.

Мая маці, дарэчы, таксама даўно хацела, каб я змяніў прозвішча, недзе з майго паўналецця. Але я ўсё адцягваў з гэтай справай: усё ж прозвішча мільгае толькі ў афіцыйных дакументах, усе сябры і знаёмыя называюць па імені. Праўда, была ў мяне ад прозвішча мянушка «Геля».

Асабіста для мяне прозвішча — гэта проста прозвішча. Яно не робіць мяне больш разумным ці мужным. Куды больш важна, які чалавек унутры. Прозвішча — гэта ўсяго толькі афіцыйная этыкетка, яна нічога не вырашае.

Ілля Чарапко-Самахвалаў, акцёр, музыка, узяў двайное прозвішча:

— Я перастаў быць Чарапко і стаў Чарапко-Самахвалавым у год жаніцьбы. Так пачыналася мая «Касмічная адысея 2001». Кожны з нас хацеў захаваць сваё «дзявочае» прозвішча, але пры гэтым здабыць новае, сямейнае, якое б сведчыла пра змену статусу і пачатак доўгага шчаслівага жыцця ў новай якасці.

Я ніколі не хацеў, каб жонка ўзяла маё прозвішча: яно для яе вельмі дарагое, каб ад яго адмаўляцца.

Мы хіхікалі, вырашыўшыся на такое перакрыжоўванне: нам гэта падалося забаўным. Цяпер часам прыходзіцца тлумачыць, што Чарапко і Самахвалаў — не два розных чалавекі. Часам прозвішча не змяшчаецца ў радкі даведак, а часам для зручнасці, калі фармат дазваляе, я карыстаюся альбо першай, альбо другой яго часткай.

Я чалавек каляфеміністычных поглядаў і на некаторыя традыцыі мне пляваць з высокай званіцы. Так што я спакойна мог бы змяніць сваё прозвішча на тое, што носіць жонка: тым больш яно выдатнае.

Юрый Дзівакоў-Душэўскі, рэжысёр, хоча афіцыйна насіць прозвішча бабулі:

— Мая бабуля, спадарыня Душэўская, жанчына, якую я ніколі ня бачыў. Яна памерла, калі нават мае бацькі яшчэ не пазнаёміліся, у маладым узросце. Але для мяне яна існавала заўсёды: на фотаздымках і ў размовах сваякоў.

Гісторыі, якія мне распавядалі пра бабулю, заўсёды былі захапляльнымі і дзіўнымі. Мне расказалі, што яна марыла, каб хтосьці з яе сваякоў стаў знакамітым (артыстам ці музыкай), каб яго паказвалі па тэлевізары. Яна не проста думала пра гэта, а марыла і нават малілася. 

Неяк само сабой склалася, што я стаў тым чалавекам, пра якога малілася бабуля. Так што рашэнне мець яе прозвішча стала пячаткай паміж мной і ёй.

Я даўно хачу яго дадаць у сваё жыццё афіцыйна, але пакуль рукі не даходзілі аформіць гэта на паперы.

Калі жаніўся, то прапанаваў жонцы варыянт, каб я узяў яе прозвішча. Але яна вырашыла ўзяць маё. Як па мне, было б весела штогод мець новае прозвішча і нават імя, навошта гэтыя межы.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў герояў

24
xxx / Адказаць
12.08.2018 / 18:22
Если обобщить то все эти люди хотят быть кем-то другим и имеют проблемы с отцами.
10
Сова / Адказаць
12.08.2018 / 18:31
Конечно в эпоху геометрического роста разного рода документов (значительная часть из которых выдается однажды и на всю жизнь) женщине менять фамилию при замужестве - несусветная глупость, которая превращается в просто дурость при втором, третьем и так далее замужестве, когда дама каждый раз исправно меняет фамилию.
Все должны жить при своих...
А вообще неплох испанский вариант, когда фамилии детей - двойные. Ведь и родителей у них двое, так почему фамилия должна быть одна:)
24
' / Адказаць
12.08.2018 / 18:53
Отцы-му*аки причиной, если резюмировать. А ребятам стоило бы постараться попробовать быть в гармонии с тем, кем они появились в этом мире, с тем, кого они 24/7 имеют внутри себя, бегством и переименовывением едва ли чего-то добъёшься, так, разве что фасад перекрасишь.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру