Недахоп супрацоўнікаў паліцыі ў Заходне-Паморскім ваяводстве Польшчы прывёў да таго, што паліцэйскія пачалі масава пакідаць працоўныя месцы з-за ператамлення, паведамляе Незалежны самакіраваны прафсаюз паліцэйскіх (NSZZP).

Паводле яго звестак, у асобных выпадках без супрацоўнікаў застаюцца цэлыя ўчасткі. У прыватнасці, на бальнічны сышлі адразу ўсе паліцэйскія ўчастка на адной з чыгуначных станцый у найбуйнейшым горадзе ваяводства Шчэцін, а таксама ўсе супрацоўнікі аддзела расследаванняў у мястэчку Камень-Паморскі. Акрамя таго, па медыцынскіх прычынах працоўныя месцы пакінулі 70% паліцэйскіх з участку ў шчэцінскім раёне Небушава.

Кіраўнік праўлення NSZZP Рафал Янкоўскі запэўніў, што гаворка ідзе не пра акцыю пратэсту, бо паліцэйскія па законе не маюць права ўдзельнічаць у забастоўках. Праблема, па словах Янкоўскага, у тым, што ў летні перыяд паліцэйскія вымушаны выконваць абавязкі калегаў, якія пайшлі ў адпачынак, што, ва ўмовах недакамплекту асабовага складу, вядзе да значнай перапрацоўкі і ператамлення.

«Чалавечая трываласьць мае свае межы», — сказаў Янкоўскі ў інтэрв'ю парталу Onet.pl.

Па словах прадстаўніка NSZZP, паліцэйскіх не хапае ва ўсёй Польшчы, аднак у Заходнім Памор'і сітуацыя склалася асабліва цяжкая, недакамплект асабовага складу тут перавышае 10%. У тым ліку і з-за блізкасці з Германіяй, дзе можна знайсці лепш аплачваную і менш цяжкую працу.

«Калі не выправіць сітуацыю, такіх выпадкаў будзе ўсё больш і больш», — сказаў Янкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?