Суд Партызанскага раёна Мінска адхіліў скаргу карэспандэнта рускай рэдакцыі Deutsche Welle (DW) Паўлюка Быкоўскага на незаконнае затрыманне. Пасяджэнне суда прайшло ў панядзелак, 13 жніўня, у закрытым рэжыме, піша Tut.by.

«Адвакат падаваў скаргу ў маіх інтарэсах з пункту гледжання таго, што маё затрыманне было незаконным і неабгрунтаваным. Але яны палічылі, што не было ніякіх парушэнняў», — растлумачыў Быкоўскі ў інтэрв'ю DW. Журналіст заявіў, што мае намер далей аспрэчваць гэтую справу. «Сама па сабе ацэнка таго, было гэта ці не было законным, з'яўляецца дастаткова важнай», — падкрэсліў ён.

Паўлюк Быкоўскі таксама мае намер дамагацца вяртання тэхнікі, сканфіскаванай падчас ператрусу ў яго кватэры. «У мяне цяпер канфіскаваныя ўся тэхніка, банкаўскія карткі, тэлефоны і г.д. Зараз я буду пісаць хадайніцтва, каб мне ўсё гэта вярталі», — адзначыў ён. Раней журналіст паведаміў, што праходзіць падазраваным па справе аб незаконным доступе да платнай падпісцы агенцтва БелТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0