14.08.2018 / 18:48

Незвычайнае свята ў самым маленькім горадзе Беларусі 30

Штогод 10 жніўня ў самым маленькім горадзе Беларусі — Дзісне — праходзіць вялікае свята, прысвечанае праслаўленню дзівоснага абраза Божай Маці Смаленскай, названай «Адзігітрыя». У гэты дзень храм збірае не толькі вернікаў жыхароў горада Дзісна і ўсяго Мёрскага благачыння, але і шматлікіх пілігрымаў з розных месцаў Віцебскай вобласці, Расіі, Латвіі і Літвы. Традыцыйна святочную Боскую літургію ўзначальвае архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

Паехаць у Дзісну аўтару гэтых радкоў прапанаваў Ігар Куніцкі, глыбоцкі прадпрымальнік, які нарадзіўся ў Дзісне, тут хадзіў у школу, але ў 1968 годзе з бацькамі пераехаў на сталае жыхарства ў Глыбокае, дзе і скончыў сярэднюю школу. У гэты дзень адначасова меліся адбыцца дзве сустрэчы аднакласнікаў Ігара — у Глыбокім і Дзісне. Ігар жа аддаў перавагу Дзісне.

Вось хто з нас памятае 1968 год! У мяне ён запомніўся толькі тым, што ў Глыбокім вымелі ва ўсіх крамах запасы солі, запалак і мыла, а хлеб сушылі на сухары.

— Ай! Вайна будзе! — усё галасіла мая маці.

Тады ж савецкія танкі ўвайшлі ў Чэхаславакію. А каб мне штосьці згадаць пра школьнае жыццё 1968-га! Барані, Божа! А тут і праз 50 гадоў збіраюцца аднакласнікі Ігара, з якімі адвучыўся ўсяго толькі 5 класаў! Фенаменальна!

У гэты дзень насельніцтва самага маленькага горада Беларусі — усяго 1,5 тысячы жыхароў — пабольшала хіба ў 4­­—5 разоў. Дзесьці а 12-й гадзіне пачалося свята. Пасля Боскай літургіі здзейсніўся Хросны ход. З харугвамі пад гукі званоў, спевы святароў і царкоўнага хору Працэсія прайшла ад галоўнага храма — Уваскрасенскай царквы да могілак — Адзігітрыеўскай царквы. Калона, шырынёй у 2-4 чалавекі, выстраілася на ўсю даўжыню вуліцы, што ішла ад храма да Дзвіны, паварочвала на набярэжную і цягнулася ўздоўж касцёла яшчэ метраў 200, гэта значыць усю калону можна ацаніць у адзін кіламетр.

Галоўны праваслаўны храм Дзісны — Свята-Уваскрасенская царква.

Маленькая Дзісна ў гэты дзень стала шматлюднай.

Святары з абодвух бакоў акрапляюць вадой вернікаў.

Абраз па традыцыі і па сталай дамоўленасці неслі дужыя мальцы з мясцовай выратавальнай службы. Пры набліжэнні абраза людзі складалі ахвяру у скрыню перад абразом, а затым праходзілі пад абразом. Такая традыцыя.

Трэба сказаць, што увесь цэнтр Дзісны — вялізная пустка. Дзісна так і не залячыла раны апошняй вайны. На міжваенных здымках Дзісна выглядае што Вільня! Мноства двухпавярховых камянічак, прыціснутых адна да адной. Як сцвярджае мясцовы старажыл і краязнаўца Фадзей Шымуковіч, горад быў разбураны ў 1944 годзе, калі савецкая армія выбівала адтуль немцаў. Павятовы шпіталь 1910-х гг. пабудовы і сёння стаіць маляўнічай руінай над Дзвіной.

Руіны павятовага шпіталя так і стаяць з 1944 года.

Нечакана сустрэў знаёмага археолага Марата Клімава, які недалёка з глыбоцкімі валанцёрамі робіць раскопкі на колішнім замку Сокал. А на гэтым свяце прысутнічае ўжо чацвёрты раз запар.

— Чуў, што наступным годам руіны шпіталя будуць зносіць! — кажа Марат.

— Не, каб аднавіць будынак пад турбазу ці дом адпачынку! — кажу. — Гэтыя калгаснікі адно, што ўмеюць, толькі разбураць! Можна і закансерваваць гэтую маляўнічую руіну! Дзісна ж — здымачная пляцоўка «Беларусьфільма»! Хіба з дзясятак вядомых мастацкіх фільмаў здымалася ў Дзісне!

Пералічым: «Дзяржаўная граніца», (1980 г. «Беларусьфільм»); «Вайна пад стрэхамі» (1967, «Беларусьфільм»); «Сыны сыходзяць у бой» (1969, «Беларусьфільм»); «Чорная бяроза» (1977, «Беларусьфільм»); «Зацішша» (1981, «Беларусьфільм»); «Вадзіцель аўтобуса» (1983, «Беларусьфільм»); «Людзі на балоце» (1984, «Беларусьфільм»); «Сведка» (1985, «Беларусьфільм»)…

Наперадзе ўсёй працэсіі — ад галоўнага храма Свята-Уваскрасенскай царквы цягам трох кіламетраў да могілкавай Адзігітрыеўскай царквы — рухаўся «УАЗік», у кузаве якога стаяў дзіўны ўдарны інструмент. Два мужчыны палачкамі стукалі па металічных пласцінах, гукі ад інструмента нагадвалі мелодыю перазвону царкоўных званоў. Аўтар пацікавіўся ў аднаго святара: як называецца гэты інструмент?

Гэты інструмент — білы — выдае чароўную мелодыю, якая нагадвае перазвон царкоўных званоў.

— Білы! — кажа бацюшка.

Спачатку не зразумеў, нават напісаў на паперцы. Ці так? Бо гучыць нібыта па-ўкраінску — «білы», то бок «белы».

— Так! Білы!

— Ага, ад слова — «біць»!

— Так!

Дзяўчаты абапал пасыпалі пялёсткамі кветак дарогу перад абразом.

Вернікі кладуць ахвяру ў скрынку перад абразом і праходзяць пад ім.

На шляху усяго трохкіламетровага падарожжа — ад адной царквы да другой — абраза Божай Маці «Смаленская», ужо па-за межамі асноўнага месца пакланення абразу, ля сваіх хатаў, чакалі групы людзей па 10—15 чалавек, пераважна старэйшых, якія таксама пажадалі скласці ахвяру і прайсці пад абразом.

Ля могілкавай Адзігітрыеўскай царквы адбыўся малебен, а таксама абыход царквы з абразом. Пасля царкоўнага набажэнства ў ёй шэсце накіравалася ізноў па вуліцах горада па кірунку да Свята-Уваскрасенскага храма. Усё святкаванне адбываецца цягам пяці гадзін.

Дзісенскі касцёл паўстаў з руінаў, але ўсё яшчэ стаіць у рыштаваннях.

Шэсце з абразом павярнула на брукаваную набярэжную Дзвіны.

Ля могілкавай царквы Адзігітрыі таксама чакае група вернікаў.

Працэсія дайшла да могілкавай царквы Адзігітрыі. У 1990-я была дабудавана яшчэ адна частка царквы, але чамусьці з белай цэглы.

Хросны ход вакол могілкавай царквы.

Натуральна, майму кампаньёну Ігару, як ён выказаўся — дастаткова толькі прайсці пад абразом, бо трэба займацца сустрэчай аднакласнікаў. Таму аўтару прыйшлося самастойна дабірацца кіламетры чатыры — ад Адзігітрыеўскай царквы да старадаўняга парку, у месца, дзе Дзвіна папаўняецца водамі буйнога доплыву Дзісны.

Людзі з усходу на пароме вяртаюцца дадому са свята. Той бераг да 1939 года быў савецкі, гэты — польскі.

Хоць мяне часта крытыкуюць, што, маўляў, «ніякага заняпаду Дзісны няма, і мы радыя, што нашы дзеці, з’ехаўшы адсюль, сталі навукоўцамі, лекарамі, інжынерамі, працуюць у Мінску, Полацку і Наваполацку», асмелюся ізноў паўтарыць — Дзісна занепадае! Просты прыклад. Па ўсім парку — пні ад спілаваных дрэў. Так хутка і парку не стане! Няўжо нельга даручыць шэфства над паркам мясцоваму лясгасу ці на худы канец даручыць школьнікам падчас суботніка накапаць саджанцаў ад самасеву і зрабіць падсадку дрэваў?

На сустрэчу аднакласнікаў сабралася чалавек пятнаццаць, прыехалі з Вільні, Віцебска, Латвіі і Ізраіля. Ігарава аднакласніца Алена з Ізраіля прывезла не толькі ізраільскае чырвонае віно, але і фінікі. Фінікі проста ўсіх уразілі! Што нам прадаюць! Тут фінік дык фінік, нашых (што прадаюцца ў краме), калі не тры, дык два, дакладна, трэба скласці!

Сустрэча аднакласнікаў у старадаўнім гарадскім парку, у месцы, дзе Дзвіна зліваецца з Дзісной. Ігар — у капелюшы.

Дзвіна зліваецца з Дзісной — справа. Злева — даўгі (з паўкіламетра) Замкавы востраў. Некалі гэты замак бараніў ад маскавітаў ваявода Мсціслаўскі, стараста Дзісенскі, уладальнік Глыбокага — Язэп Корсак Глыбоцкі, наняўшы сваім коштам войска. 

Уладзімір Скрабатун, фота аўтара

1
Зьміцер Лупач / Адказаць
14.08.2018 / 19:00
Файны рэпартаж. Дзякуй, спадар Уладзімір!
3
Тургенеў з-пад Барысава / Адказаць
14.08.2018 / 19:08
Ну і дзякуй Богу!!!
2
Кастусь Шыталь / Адказаць
14.08.2018 / 19:45
Цікавы рэпартаж, дзякуй.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру