11.11.2008 / 16:18

Дні арцыбіскупа Льежскага ў Горадні 2

Сьвяты Губэрт, сьвяты патрон Горадні, натуральна, нарадзіўся не сьвятым. Ён быў сынам герцага Гіенскага Бэртрана.

Сьвяты Губэрт, сьвяты патрон Горадні, натуральна, нарадзіўся не сьвятым. Ён быў сынам герцага Гіенскага Бэртрана. Губэрт пэўны час жыў пры двары караля франкаў Тэадорыха ІІІ, затым пры двары караля Піпіна, адкуль яго выгналі за …распусныя гулянкі. Самотны Губэрт, які быў заўзятым паляўнічым, блукаў падчас паляваньня па лесе, шукаючы сабе чарговую ахвяру. Але раптам, проста зь лесу на яго выйшаў цар‑алень зь зіхоткім крыжам між рагоў. Агаломшаны відмом, гуляка‑паляўнічы Губэрт, зьмяніў сваё жыцьцё. Ён стаў жарсным хрысьціянінам, раздаў усю сваю маёмасьць на карысьць бедных, стаў, урэшце, манахам, а пасьля і арцыбіскупам Льежскім. Кожны вольны вынесьці з гэтае гісторыі свой урок — ці то этычных пытаньняў, ці то экалягічных адказаў.

Пасьля сьмерці ў 727 годзе арцыбіскупа Губэрта далучылі да ліку сьвятых. Сьвяты Губерт — заступнік Горадні. А сьвята ў гонар гэтага сьвятога ад Х стагодзьдзя ўсталяванае на 3 лістапада. Традыцыі, што нараджаліся ў эўрапейскіх краінах, з лёгкасьцю і вельмі натуральна прыжываліся тут і хутка станавіліся сваімі. Таму і сёлета, 6‑8 лістапад ў Горадні, нябесным апекуном якое ёсьць Сьвяты Губэрт, прайшлі ўрачыстасьці ў ягоны гонар.

Сярод мерапрыемстваў, прытарнаваных да гэтых дзён, была прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Новы Сьвет», прысьвечанага гарадзкому раёну забудовы 1920‑1930 гадоў, што сёньня знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня. Адначасна адбылася й прэзэнтацыя альманаха «Горад Сьвятога Губэрта», дзе між іншага зьмешчаныя ўспаміны колішніх жыхароў Новага Сьвету.

У пятніцу тамсама прайшла міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Гарадзенскі палімпсест. ХІІ — ХХ ст.», у якой бралі ўдзел навукоўцы зь Беларусі і Польшчы. На ёй гарадзенцы прэзэнтавалі выдадзены альманах, з матар’яламі ўдзельнікаў канфэрэнцыі, што прыехалі ў Горадню зь Берасьця, Беластоку, Менску: Алесь Краўцэвіч, Андрэй Янушкевіч, Віталь Галубовіч, Андрэй Мацук, Натальля Сліж, Ірына Кітурка, Іна Соркіна, Алесь Смалянчук, Андрэй Чарнякевіч ды інш.

Канфэрэнцыя адкрылася дакладам А.Краўцэвіча аб фармаваньні гістарычнага цэнтру Гародні. У першай частцы канфэрэнцыі дыскусіі вяліся вакол дакладаў, што тычыліся сярэднявечча Горадні ў ХІІ—XVIII ст.. Другая частка «Гародня — Горадня — Гродна ў ХІХ—ХХ ст.», была прысьвечаная праблемам бліжэйшае гісторыі. Многія даклады, выглядалі як заяўленьне тэмаў. Дыяпазон гарадзенскіх тэмаў, што цікавяць сёньня гісторыкаў, надзвычай шырокі: ад Пастулаты Гарадзенскага сойміка на Сойм 1646 г і Гарадзенскай школы мернікаў другой паловы ХVІІІ ст., да праяваў антысаветызму ў сыстэме школьнай адукацыі на Гарадзеншчыне ў 1939 — 1941 гг., чаму прысьвяціў свой даклад Анатоль Трафімчык ды прысутнасьці Горадні на старонках «Нашай Нівы». 1906 — 1910 гг. Алеся Смалянчука.

Надвячоркам у пятніцу адбыўся круглы стол «Горад сьвятога Губэрта: сучаснасьць супраць мінуўшчыны», з удзелам адмыслоўцаў, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў.. Дыскусію вялі гісторыкі Захар Шыбека, Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, старшыня Рэспубліканскага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

А наступнага вечару адбылася творчая сустрэча з Ігарам Варашкевічам, легендарным лідэрам легендарнага гурта «КРАМА». Для гарадзенцаў і іх гасьцей было ўсё лепшае, што мог ім падарыць Варашкевіч:»Гэй там, налівай», «Хворы на рок‑н‑рол», «Камэндант» ды багата рознага ўсяго.

Халодным, але ясным вечарам, скончыўся карагод гарадзенскіх імпрэзаў дзён Сьвятога Губэрта. Зьяўленьне Аленя з залатым крыжам паміж рагамі перад Губэртам, а менавіта такім ёсьць герб гэтага гораду, так і застаўся неразгаданым, хоць і вельмі папулярным сярод гарадзенцаў. Алень, які сам сабою сымбалізуе свабодалюбнасьць і высакароднасьць, быў сымбалем многіх культураў і народаў — ад кельтаў і старажытных юдэяў, да пэрсаў і рымлянаў. Што ж яшчэ можа гэтак трапна сымбалізаваць бясонцы палімсэст гарадзенскай гісторыі і традыцыяў, як не гэтая легендарная істота. У хрысьціянскай іканаграфіі алень, які топча зьмяю — сымбаль зьнішчэньня зла, а алень з крыжам, над вадою, сымбалізаваў прагу, як да вады, да ісьціны, да праўдзівае веры…

Гарадзенцы аднаўляючы традыцыю шанаваньня сьвятых заступнікаў, заклікаюць усіх любіць іх старажыны горад, ведаць яго гісторыю і традыцыі, быць неабыякавымі да таго, чым ён жыве цяпер. Градзенцы хочуць, каб людзі зьвярнулі ўвагу на падзеі, якія адбываюцца ў горадзе. І гэта ў іх добра атрымліваецца. І справ ня гэтак у тым, ці зможам мы што зьмяніць да лепшага сёньня, а ў тым, што ў Горадні паўстае сапраўдная грамадзянская супольнасьць, якая можа ствараць паўнавартасную культурную прастору, пэрпэндыкулярную вэртыкальнаму афіцыёзу. Памагай, Сьвяты Губэрт!

С.Х.

0
tak / Адказаць
12.11.2008 / 08:37
А больш складаную назву для артыкула прыдумаць было не магчыма? Хто зразумее прая якога "арцыбіскупа" ідзе гаворка? А пра паказ фатаздымкаў не напісалі.
0
Gorliwy Litwin / Адказаць
13.11.2008 / 10:03
Святы Губерт i iншыя Анi Святы Губерт, анi Святы Марцiн, анi Святы Казiмiр – не дапамогуць, калi не разумець, у Кiм яны святыя. Не трэба змешваць iх са спрадвечнымi- «багамi» сьвядомых – з Купалам, Ярылам, Вашчылам, Тубылам, Вялесам i Кiбелай. Гэта вялiкая метадалагiчная памылка, сама меней. Савецка-паганская iнцiлягенцыя, што заснавала БНФ 20 гадоу таму, так i не здолела гэтага зразумець
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру