Архікаталіцкае Чылі абвясьціла 31 кастрычніка — Дзень Рэфармацыі — афіцыйным сьвятам у гонар «эвангелічнай і пратэстанцкай цэркваў». У гэты дзень у 1517 годзе Марцін Лютэр прыбіў славутыя 95 тэзаў з крытыкай Каталіцкага касьцёлу да дзьвярэй царквы ў Вітэнбэргу. Дагэтуль Дзень рэфармацыі быў афіцыйным сьвятам адно ў Славеніі і некаторых нямецкіх землях.

Рашэньню чылійскага парлямэнту не перашкодзіла нават тое, што ў Чылі, адзінай краіне кантынэнту, захоўваецца ўплывовая каталіцкая Хрысьціянска‑дэмакратычная партыя. Цікава, што адначасова плянуецца скасаваць два з трох выходных дзён‑сьвятаў у гонар Дзевы Марыі, бо ў краіне і так ужо цэлых шаснаццаць афіцыйных сьвятаў — ня лепшая сытуацыя для эканомікі.

Падчас апошняга перапісу 2002 году ў некалі зацята каталіцкім краі 15 адсоткаў чылійцаў заявілі аб сваім «эвангелічным», то бок пратэстанцкім веравызнаньні. У дзяржаўных школах ужо можна выбіраць паміж навукай веры на каталіцкі ці пратэстанцкі капыл, а ў войску — ёсьць капэляны абодвух веравызнаньняў.

Шэрагі пратэстантаў растуць ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы. Ужо больш за 15% бразыльцаў і больш 20% гватэмальцаў належаць да эвангелічных цэркваў. Большасьць лацінаамэрыканскіх пратэстаў — пяцідзесятнікі, што падкрэсьліваюць важнасьць беспасярэдняе камунікацыі з Богам. Пяцідзесятніцкія цэрквы множацца найперш у бедных кварталах. Празь пяць стагоддзяў пасьля гвалтоўнага навяртаньня рэгіёна ў каталіцтва, пэрспэктывы касьцёла выглядаюць неадназначна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?