Між іншым, яго аўтарка Надзея Леановіч не спынілася на гэтым і працягнула серыю сваіх «мастацкіх мадоннаў». На гэты момант у калекцыі Надзеі ёсць партрэты з гартэнзіяй, сушанай рыбай, зефіркамі, макаронаю і нават у атачэнні беларускай гарэлкі.
Надзея, як і яе бацькі ды бабулі з дзядулямі, паходзіць з Мінска.
«У дзяцінстве бацькі адвялі мяне і старэйшага брата ў гурткі, сярод якіх у выніку засталіся толькі заняткі па маляванні. Пасля брат пайшоў у мастацкую школу №1, а я ў гімназію-каледж мастацтваў. Я бачыла карціны брата і лічыла свой узровень жывапісу неналежным, а навучанне дызайну нявартым, таму пасля сканчэння гімназіі паступіла ва Універсітэт культуры на спецыяльнасць «мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», бо ствараць нешта рукамі заўжды атрымлівалася», — робіць уводзіны ў сваю біяграфію дзяўчына.
На апошніх двух курсах Надзея атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «графічны дызайн», нейкі час працавала выкладчыцай выяўленчага мастацтва ў Любанскай школе народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сёння ж працуе як вольны мастак: піша карціны, стварае пано, робіць розныя рэчы па замовах.
Што тычыцца фотаэксперыментаў з адзеннем і ежай, то гэта гісторыя пачалася для яе вельмі даўно, яшчэ з часоў прымеркі рэчаў з матулінай шафы.
«Так выйшла, што я ніколі не лічыла сябе прыгожай. Таму вырашыла, што мой стыль і вобразы павінны быць арыгінальнымі, няхай смешнымі, няхай яскравымі ці нават эпатажнымі, але ні разу не звычайнымі. Што тычыцца фотаздымкаў, то гэта проста адлюстраванне сённяшняга настрою ці высмейванне чагосьці, карыкатуры на сучаснасць.
Надзея абяцае, што, пакуль не скончылася лета, абавязкова парадуе сваіх падпісчыкаў якім-небудзь новым «гарачым» вобразам. Але калі казаць глабальна, то як мастачка сёння яна знаходзіцца ў працэсе пошукаў і марыць, нарэшце, знайсці ўласныя стыль і мову.