11.11.2008 / 17:48

А іначай ты банкрут, Абама! 3

Паслухае Чорны арол ці не, а трыадзіная піяраўская задача-мінімум выкананая. Камэнтар пра гутарку Лукашэнкі з карэспандэнтам «Уол-стрыт джорнэл».

Лорд Бэл спраўна пастаўляе ў Менск карэспандэнтаў салідных выданняў “адтуль”. Гэтым разам — з “Уол-стрыт джорнэл”. Сам выбар сьведчыць, што Лукашэнку хацелася б замірыцца са Штатамі. Але так, каб нічым асабліва не ахвяраваць.

Беларускі афіцыйны лідэр выклаў свае пажаданьні ў фірмавай манэры. Завочна прачытаў бязвусаму кіраўніку ЗША маленькую лекцыю на тэму адзінства слова і справы: “Калі ён хоць у чым-небудзь адыдзе ад абяцаньняў, значыць, ён палітычны банкрут. Паабяцаў — выконвай. Калі сёньня нешта не атрымалася, то ідзі і тлумач, чаму гэта не атрымалася і калі ты гэта зробіш заўтра".

Момант для інтэрвію выбраны вельмі ўдала. Зразумела, у Абамы да беларускага пытаньня яшчэ ня хутка рукі дойдуць. А ягоны менскі калега ўжо выклаў умовы і такім чынам атрымаў псыхалягічны выйгрыш у вачох электарату. Цяпер, калі нармалізацыі не атрымаецца, можна будзе сказаць: не паслухаў новы гаспадар Белага дома разумных парадаў, не паціснуў працягнутай рукі!

Так, Абама прыйшоў на лозунгах пераменаў, у тым ліку і ў замежнай палітыцы. Ён можа выявіць пэўную гнуткасьць у беларускім пытаньні. Аднак прарыву ў дачыненьнях з Вашынгтонам чакаць цяжка.

“Мы павінны вярнуцца да таго этапу, якасьці, якія былі да крызысу”, — ставіць рамкавую умову Лукашэнка. Гэта можна разумець і так: напачатку скасуйце эканамічныя санкцыі супраць “Белнафтахіму”, празь якія і разгарэлася дыпляматычная вайна. Амэрыцы ж важныя хоць сымбалічныя саступкі ў сакральных сфэрах дэмакратыі ды правоў чалавека. Штаты значна меней, чым Эўразьвяз, зьнітаваныя зь Беларусьсю эканамічна, інфраструктурна — адпаведна меншыя і інтэнцыі да “прагматычнага дыялёгу”.

Як зазначае палітоляг Андрэй Фёдараў,

ступень саступак патрабаваньням ЗША залежыць выключна ад таго, наколькі моцна закране Беларусь крызыс.

Паколькі прэм’ер Сідорскі кажа аб яго сымптомах насуперак устаноўцы прэзыдэнта, што крызысу ў нас, маўляў, няма і ня будзе, — то справа, мусіць, сур’ёзная. Расея ўжо здалася і маральна рыхтуецца да дэвальвацыі свайго рубля. Тут нам і гукнецца “братняя інтэграцыя”.

Дарэчы, Лукашэнка ў гутарцы з карэспандэнтам “Уол-стрыт джорнэл” заявіў, што беларускі бок падтрымае Расею ў яе “адэкватных дзеяньнях” у адказ на разьмяшчэньне амэрыканскіх супрацьракет у Эўропе.

Гэтаму вэрбальнаму жэсту ня варта надаваць залішняга значэньня. Наколькі можна зразумець з кантэксту, гаворка пакуль што ідзе выключна пра расейскія “Іскандэры” ў Калінінградзе. Жаданьнем рэальна ўлазіць у “асымэтрычны адказ” Менск зусім не гарыць.

Карацей, паслухае Абама ці не, а трыадзіная піяраўская задача-мінімум выкананая. Мэсыдж Вашынгтону, рэвэранс у бок Масквы і ўражаньне на ўласны электарат: во як “бацька” іхняга маладога прэзыдэнта розуму навучае!

Аляксандар Класкоўскі

0
Кнехт / Адказаць
11.11.2008 / 22:46
Момант для інтэрвію выбраны вельмі ўдала. Зразумела, у Абамы да беларускага пытаньня яшчэ ня хутка рукі дойдуць. А ягоны менскі калега ўжо выклаў умовы і такім чынам атрымаў псыхалягічны выйгрыш у вачох электарату. Цяпер, калі нармалізацыі не атрымаецца, можна будзе сказаць: не паслухаў новы гаспадар Белага дома разумных парадаў, не паціснуў працягнутай рукі! ======================= Ды што тут саромецца, трэба праўду казаць: Лукашэнка фактычна спрычыніўся да кіраўніцтва ЗША праз парады Абаме - гэткі \"44-ты з паловаю\" прэзідэнт. Нават імпічментам (палітычным банкруцтвам) прыгразіў, калі Абама не выканае абяцанняў. ДА ЦЫГАНКІ НЕ ХАДЗІ Каб не Колькаў \"тата-мама\", Разгубіўся б той Абама. А цяпер, з такім наказам, Вырашыць праблемы разам. От пашчасьціла тым янкі! - Не хадзі нат да цыганкі. :)
0
Тэабальд / Адказаць
11.11.2008 / 22:49
Лукашэнку для поўнага шчасьця засталося даць інтэрвію газэце Спорт-Экспресс, ці (калі за справу ўзяўся лорд Бэл) World Soccer, часопісам Глямур і “Мой ребенок”.
0
Уладзімер Русаковіч / Адказаць
13.11.2008 / 00:11
"электарату" Да становішча Беларусі больш пасуе слова "падданыя". Ці расповед пра таемную суполку выбаршчыкаў, непадуладных валадару і таму бясьсільнаму перад неаспрэчнымі сіламі гэтых вольных муляраў або "жыда-масонаў", пра якіх сьпявае Лявон Вольскі?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру